У чацвер у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў прайшоў конкурс на лепшы торт.
У ім прымалі актыўны ўдзел бацькі дашкольных груп і класаў, групы для заняткаў у прысутнасці бацькоў. І праходзіў ён у два этапы: тэарэтычны і практычны.
Мамы разбіліся на дзве каманды – “Божая кароўка” і “Фантазёры”. У першым этапе яны змагаліся паміж сабой у веданні прымавак і песень на кулінарныя тэмы. У другім – падрыхтавалі прыгожыя торты і праспявалі прыпеўкі, якія былі на тэму ежы.
Выхаванцы падчас прыгатавання салодкіх шэдэўраў падтрымлівалі сваіх мам і дапамагалі атрымаць больш балаў.
Мамы ж гатавалі торты з гатовых каржоў, але яны вельмі адрозніваліся паміж сабой. Нават па назвах. Адзін торт называўся “Ягада на снезе”, а другі – “Салодкая палянка”.
Конкурс завяршыўся дэгустацыяй тортаў і правядзеннем сумеснага чаявання ў групах і класах разам з педагогамі і бацькамі.
Мамы былі ўзнагароджаныя медалямі.
Пра гэта паведаміла нашаму выданню арганізатар мерапрыемства настаўнік-дэфектолаг Інэса Красько.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота centermolod.edu.