Наведаемся ў  Крывічы, што на Мядзельшчыне. У мястэчка, якое прытулілася на рацэ Сэрвач, дзе жывуць таленавітыя майстры і спевакі.

На пачатак гэтага года ў Крывічах было 1270 жыхароў. Жанчын на сотню з лішкам больш, чым мужчын: 686 супраць 584. Пенсіянераў у мястэчку жыве амаль на дзве сотні больш, чым моладзі да 18 год: 384 і 185.

Тут дзейнічае дрэваапрацоўчы цэх “Сэрвач”, таварыства “Пруднікі-агра”, участкі раённых службаў. За высокім плотам размешчанае спецыяльнае ПТВ №3 закрытага тыпу, дзе перавыхоўваюць юных правапарушальнікаў.

Крам у мястэчку восем. Тут нават колішні аўтобусны прыпынак перарабілі ў краму аўтазапчастак.

Усе важнейшыя ўстановы (сельсавет, школа, бальніца, Дом культуры) у Крывічах размешчаныя ўздоўж цэнтральнай вуліцы – 17 Верасня. Яна праходзіць праз усё мястэчка. На ёй месцяцца царква і касцёл.

У Крывічах можна пабачыць некалькі помнікаў і абеліскаў. Ушанаваная памяць салдат Вялікай Айчыннай, яўрэяў, спаленых фашыстамі падчас вайны. А на адных з могілак захаваўся памятны абеліск польскім салдатам з надпісам “BOHATERSKIM OBROŃCOM OJCZYZNY 1918-1920”.  

Здольныя Ходзькі

Крывічы вядомыя як радзіма грамадскага дзеяча, пісьменніка, драматурга, ганаровага члена Віленскага ўніверсітэта Яна Ходзькі (1777-1851) і яго сыноў. Ян Ходзька пісаў апавяданні, аповесці, успаміны і артыкулы па гісторыі Міншчыны, камедыі і трагедыі. Меў псеўданім Пан Ян са Свіслачы.

 “Ад шлюбу з Кларай з Корсакаў меў шэсць сыноў, якія пакінулі значны след у гісторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго свету”, – піша краязнаўца з Мядзельшчыны Іван Драўніцкі.

Юзаф – вядомы геадэзіст і географ, Аляксандр – паэт, фалькларыст, усходазнаўца, Станіслаў Ігнацы — хімік, прафесар, Уладзіслаў быў гранічным суддзёй і засядацелем суда Вілейскага павета. Фелікс Напалеон  падчас паўстання 1830-1831 гадоў быў кіраўніком паўстанцкага атрада ў Крывічах, потым узначальваў аб’яднаныя вілейска-дзісненскія сілы. Міхал Ян — удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, паэт, перакладчык.

Недарэмна мемуарыст Станіслаў Мараўскі напісаў пра сям’ю Ходзькаў:

“Грэх сказаць, што дзе калі-небудзь быў Ходзька, то здольны.

Дурня з гэтым імем я не ведаў”.

Доктар філалагічных навук Францішак Сяліцкі прыводзіць апісанне Крывічоў Янам Ходзькам: “Распалажэнне Крывіч, кажа адзін з нашых географаў, узнёслае, адкрытае і мілае; паблізу двара знаходзіцца лясок. Ніжэй таго ляска сустракаюца сляды вялікага горада, брукаваных вуліц у два і тры рады брукаў, адных над другімі. Па-над ракой Сэрвач узвышаюцца ваенныя курганы, а ў рэчцы не раз адшуквалі розную старажытную зброю”.

З цягам часу маёнтак прыйшоў у заняпад. На месцы, дзе ён стаяў, застаўся склеп. Захаваўся напамін пра Ходзькаў у касцёле: побач з алтаром знаходзіцца памятная дошка, якую ўстанавіў у памяць пра сваіх бацькоў Ян Ходзька.

 – Мы ганарымся сваімі землякамі, – кажа настаўніца Крывіцкай школы-сада Святлана Язневіч. –  Вось у падручніку геаграфіі за 10 клас узгадваецца геадэзіст Іосіф Ходзька. Дзеці рыхтуюць пра яго дадатковы матэрыял.

У кабінеце гісторыі і геаграфіі вывешаныя партрэты Ходзькаў, іх радавод, захоўваецца матэрыял пра вядомых землякоў.

Крывіцкія майстры

На Мядзельшчыне Крывічы вылучаюцца колькасцю ўмельцаў: недарэмна ж тут больш за 10 год працуе раённы цэнтр народных рамёстваў.

Заўсёды цікавіла, чаму ў Крывічах так шмат таленавітых умельцаў. Неаднойчы дапытваўся пра гэта ў колішняга кіраўніка цэнтра народных рамёстваў  Рамана Шашы, які цяпер кіруе клубам самадзейных майстроў народнай творчасці “Крывічы”.

– Напэўна, гэта адбывалася стыхійна, – ён адказваў гэтак. – Хоць пасёлак невялікі, але не хапала працоўных месцаў, і людзі зараблялі на жыццё народнымі рамёствамі. Скажам, мой бацька займаўся кавальствам, тачэннем па дрэве. І побач з ім была цэлая пляяда майстроў-паплечнікаў: Леанід Уладзіміравіч Шостак, Іван Уладзіміравіч Рагіня, Пётр Андрэевіч Забіяка, сям’я Чачураў. Паміж імі існавала нейкая канкурэнцыя, кожны імкнуўся зрабіць як найлепей, прыдумаць нешта сваё. Так што, нам заставалася толькі прымнажаць традыцыі крывіцкіх майстроў.

Цяпер цэнтрам кіруе Уладзімір Хіхіч.

– У нашым цэнтры могуць навучыць розным накірункам разьбы па дрэве, тачэнню па дрэве, лепцы з гліны, – расказвае ён. – Усяго займаюцца каля паўсотні чалавек. Ёсць сучасныя станкі, ёсць на чым рабіць.

Дырэктар цэнтра рамёстваў Уладзімір Хіхіч дэманструе  сувенір з чачоткі

Дырэктар цэнтра рамёстваў Уладзімір Хіхіч дэманструе сувенір з чачоткі

У цэнтры зробленая выставачная зала, дзе прадстаўленыя лепшыя ўзоры майстэрства крывіцкіх умельцаў, а таксама вырабы з конкурсу “Разьбы зачараванне”.

Па словах дырэктара, у бліжэйшых планах наладзіць выраб сувеніраў, якія будуць прадаваць у мядзельскім музеі, у к. п. Нарач (Купа).

– Які ж самыя традыцыйныя крывіцкія сувеніры?

– Лічу, што гэта вырабы з гліны і з карэльскай бярозы – чачоткі.

Сам Уладзімір Хіхіч працуе з дрэвам. Яго драўляныя скульптуры можна пабачыць не толькі ў цэнтры народных рамёстваў, але і ў школе, на некаторых падворках.

– Крывічы – месца для жыцця нармальнае: і школа, і Дом культуры ёсць, – разважае ён. – А галоўнае, прырода якая: рэчка, і лес кругом.

Крывічы як асяродак культуры

У Мядзеле ведаюць: калі прыязджаюць артысты з Крывічоў, канцэрт будзе адметны. Спевакоў тут добрых хапае. Да таго ж у мястэчку арганізоўваюць розныя фестывалі. Раней гэта быў эстрадны конкурс для дзяцей – “Музычны лабірынт”. Потым яго змяніў  фестываль эстраднай песні “Шансон збірае сяброў”. Выступаюць не толькі мясцовыя артысты, але і з розных куткоў раёна, Пастаў. Прыязджаюць таксама ўраджэнцы мястэчка, якія цяпер жывуць у Мінску і Маладзечне.

Ёсць у Крывічах хор з даўняй гісторыяй.  Пазалетась святкавалі 30 год, як яму было прысвоенае званне “народны”. Цяпер у хоры – 28 удзельнікаў.

– Людзі з задавальненнем прыходзяць спяваць, падтрымліваюць гонар мястэчка, – кажа мастацкі кіраўнік Дома культуры

Спявае Аляксандр Куцько

Спявае Аляксандр Куцько

Ён працуе ў мясцовай культуры з 1981 года, ініцыятар многіх цікавых пачынанняў – тых жа фестываляў. 

– Для мяне Крывічы – родны куток, за які хварэю і душой, і сэрцам, – кажа Аляксандр Куцько. – На жаль, з часам людзей усё менш становіцца, моладзь стараецца ў гарады з’ехаць. Але тыя, хто прайшоў праз нашу самадзейнасць, заўсёды – толькі патэлефануй – прыязджаюць, каб паўдзельнічаць у канцэртах, фестывалях.

– Як удаецца мястэчку ладзіць фестывалі?

– Варта толькі пачаць. І тады людзі ўцягваюцца, жывуць гэтым фестывалем, рыхтуюць да яго песні. Ёсць пастаянны спонсар – мясцовы прадпрымальнік Руслан Станкевіч, які і сам спявае.

З гісторыі мястэчка Крывічы

Упершыню Крывічы ўпамінаюцца каля 1493 года ў актах Метрыкі ВКЛ як шляхецкая ўласнасць, чытаем у гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” Мядзельскага раёна. Было “гняздом” роду Кішкаў, у далейшым часткі належалі Укольскім, Ходзькам, Любанскім і Швыкоўскім.

23 снежня 1776 года ў адпаведнасці з прывілеем польскага караля Станіслава Аўгуста Крывічы названыя мястэчкам у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

З 1793 года Крывічы ў складзе Расійскай імперыі,

мястэчка было цэнтрам воласці Вілейскага павета.

У 1860 годзе налічвалася 55 двароў, 485 душ. У 1886 годзе ў Крывічах знаходзілася валасное праўленне, царква, капліца, касцёл, багадзельня, тры крамы, тры заезныя дамы, карчма, школа, народнае вучылішча. У 1904 годзе – 711 жыхароў.

За польскім часам Крывічы былі цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У мястэчку працавала раённая ўправа, паліцэйскі ўчастак, касцёл, чатыры млыны, бальніца, пошта, аптэка; кожную сераду праводзіліся кірмашы.

З 1939 года – у БССР. З 1940 года Крывічы сталі цэнтрам раёна адразу Вілейскай вобласці, а потым Маладзечанскай.  У 1962 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Мядзельскага раёна.

Касцёл

Касцёл

Галоўныя славутасці мястэчка – касцёл і царква.

Мураваны касцёл Святога апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў быў пабудаваны ў канцы 18 стагоддзя. Каля 1640 года ў Крывічах была ўзведзеная Свята-Троіцкая царква, у 1659 годзе яе разрабавалі маскоўскія войскі. У 1887 пабудавалі новую царкву.

Царква

Царква

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.