Дэлегацыя са Швецыі наведала Маладзечна ў канцы студзеня. У сумесных планах партнёраў – адкрыць гісторыка-культурны цэнтр “Маладзечанскі замак”.

Скандынаўскія госці Арнэ Элефорс і Рогер Хэлквіст прадстаўляюць шведска-беларускую бізнес-асацыяцыю. У Беларусь яны завіталі не ўпершыню.

– Прадстаўнікі асацыяцыі ўжо рэалізоўвалі праекты ў нашай краіне, – кажа Павел Сапоцька, намеснік дырэктара па культуры прадпрыемства “Бізнес-Цэнтр Саюз-Партнёр”. – На Віцебшчыне яны дапамагалі ў рэканструкцыі шляху “з варагаў у грэкі”. 

Праект прэзентавалі старшыні райвыканкама Фёдару Дамаценку. У спецыяльную працоўную групу ўвайшла намесніца старшыні Маладзечанскага райвыканкама Наталля Нікіценка

– Да працы з замчышчам мы будзем прыцягваць ўсіх неабходных спецыялістаў, – каментуе Павел Сапоцька. – Ужо ёсць дамова з Ірынай Ганецкай, супрацоўніцай Інстытута гісторыі Акадэміі навук.

Праца на замчышчы павінна пачацца сёлета.

Урачыстае адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу запланаванае на 2015 год, калі беларусы будуць адзначаць 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтарам праекта “Маладзечанскі замак” стаў Мікалай Тамашэўскі.

Пэўную суму выдзеліць дзяржаўны бюджэт у межах праекта “Замкі Беларусі”.

Рэалізацыя праекта – пад пытаннем
Праект замчышча ўжо існуе, але сам яго аўтар сумняваецца ў тым, што праца скончыцца ў 2015 годзе.

– Цяпер праект часова спынены, – кажа Мікалай Тамашэўскі. – Існуе дэкрэт Прэзідэнта, які кантралюе выдачу зямлі пад інвестыцыйныя праекты. У выпадку “Маладзечанскага замка” не ўсё так гладка. Трэба, каб дакументы перагледзела Міністэрства юстыцыі і іншыя заканадаўчыя органы. Гэта не робіцца за пару тыдняў. Таму я не стаў бы казаць, што прадбачу пазітыўныя змены. Колькі гадоў ужо займаемся замчышчам, а на практыцы зменаў пакуль няма.

Праект спадара Мікалая дэталёва распрацаваны.

Акрамя замчышча, у яго ўваходзіць кавярня, гасціны двор, музей гісторыі Маладзечанскага замка.

У музеі аўтар плануе выставіць макеты, на якіх будуць паказаныя змены замка, а таксама партрэты ўсіх гаспадароў.

Добры праект заўсёды каштуе дорага
Па каментар “РГ” звярнулася і да намесніцы старшыні Маладзечанскага райвыканкама.
– На маю думку, праекты, якія прапаноўваюцца цяпер, вельмі дробныя, – кажа Наталля Нікіценка. – Трэба памятаць, што замчышча знаходзіцца на самым уездзе ў горад. Вядома, асоба Агінскага вельмі важная для нашага рэгіёна, і ўсё, звязанае з яго імем, варта развіваць. Але на годны праект трэба патраціць неверагодную суму грошай. Сучасны турыст патрабуе камфорту і зручнасці. 

Да таго ж свае карэктывы ўносіць і заканадаўства: палажэнне аб інвестыцыйных праектах яшчэ разглядаецца. Невядома, якія прапановы будуць прынятыя і як яны паўплываюць на далейшы лёс замчышча.

Цягам лютага будуць вырашаныя фінансавыя пытанні, а таксама ўстаноўленыя канкрэтныя тэрміны працы.

Аляксандра ПАРАХНЯ. 

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.