Адкрыты чэмпіянат Беларусі па барацьбе самба ўжо пяты раз запар з’яўляўся прэстыжным міжнародным турнірам, этапам Кубка свету. Паядынкі праходзілі ўчора, 11 лютага ў сталічным Палацы спорту.

У самай відовішчнай, найцяжэйшай катэгорыі, дзе сабраліся спартсмены, якія важаць звыш 100 кілаграмаў, перамогу атрымаў былы выхаванец смаргонскай спартыўнай школы Аляксандр Вахавяк. Ён цяпер набраў выдатную фізічную форму, тры тыдні таму стаў чэмпіёнам краіны па барацьбе дзюдо, і вось – новы гучны поспех!

Важнасць гэтаму дасягненню надае той факт, што ў фінале нашаму земляку супрацьстаяў дзеючы чэмпіён свету, таксама беларус Юры Рыбак. Лік фінальнай схваткі па балах на карысць Аляксандра Вахавяка – упэўненыя 9:3.

Да гэтага смаргонец правёў тры паядынкі: за яўнай перавагай выйграў у гамяльчаніна, з разгромным лікам 8:0 перамог прадстаўніка Расіі, нарэшце ў паўфінале з лікам 5:2 быў лепшым за свайго даўняга апанента, вельмі моцнага самбіста з Балгарыі.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.