На прылаўках становіцца ўсё больш і больш тавараў, не толькі знешні выгляд якіх нам ні пра што не кажа, але нават назва не выклікае ніякіх асацыяцый.

“РГ” склала спіс некалькіх дарагіх і незвычайных прадуктаў з маладзечанскіх крамаў. Гэтыя прадукты дарагія, але яны ўтрымліваюць карысныя рэчывы ў вялікай колькасці.

Экзотыка на прылаўках: мангастан

У адной з маладзечанскіх крамаў я знайшла незнаёмы для мяне фрукт. Мангастан (ён жа мангасцін, мангусцін).

Дзякуючы цікавай форме і белай далікатнай мякаці гэты экзатычны фрукт карыстаецца вялікай папулярнасцю як у сябе на радзіме ў Паўднёва-Усходняй Азіі, так і па ўсім свеце.

Вынікі даследаванняў сцвярджаюць, што экстракт лупіны мангастана здольны знішчаць ракавыя клеткі пры такіх відах раку, як рак малочнай залозы, рак печані і лейкемія.

Сыр “Ракфорці” з блакітнай цвіллю

Маладзечанскі сыр з блакітнай цвіллю, выраблены па рэцэптуры айчынных навукоўцаў, з’явіўся ў продажы не так даўно.

У параўнанні з французскімі аналагамі “Ракфорці” больш цвёрды і мае саленаваты смак. Абазнаныя людзі раяць есці яго з зялёным вінаградам.

Рыба – больш за 200 тысяч

Палтус – смачная марская рыба, мяса якой практычна без касцей і мае больш за 5% тлустасці.

Мяса палтуса мае каштоўныя тлустыя кіслоты Амега-3, якія нармалізуюць абмен рэчываў у чалавечым арганізме.

У палтусе змяшчаецца сем амінакіслот, якія адыгрываюць не менш важную ролю ў барацьбе з ракавымі захворваннямі.

Мяса крэветкі

Крэветкі – гэта скарбніца бялку і мінеральных элементаў. У крэветках ёду амаль у сто разоў больш, чым у ялавічыне.

Крэветкі ўтрымліваюць кальцый, карысны для работы шчытападобнай залозы, імуннай сістэмы. Калій незаменны для сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Цынк уплывае на сінтэз гармонаў, паляпшае стан скуры, пазногцяў. Сера таксама важная для скуры, валасоў і пазногцяў, а таксама павышае імунітэт і зніжае алергічныя рэакцыі.

Сушы табіко ўрамакі

Сушы – японская закуска, якая стала дастаткова папулярнай у Маладзечне.

Адна з разнавіднасцяў сушы – урамакі, сярэдняга памеру рулеты з двума або больш відамі начынак.

Урамакі адрозніваюцца ад іншых тым, што рыс знаходзіцца звонку, а норы (ліст водарасці) – унутры. Начынка пасярэдзіне, акружаная пластом норы. Пасля ідзе рыс, зверху – ікра табіко (ікра лятучай рыбы) альбо падсмажанае кунжутнае насенне.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота fudzi-kaluga.ru