Прайшла яна ў межах міжнароднага праекта «Культурныя ландшафты: традыцыі для развіцця». Нацыянальны парк «Нарачанскі» другі год з’яўляецца ўдзельнікам гэтага праекта, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

У сустрэчы прынялі ўдзел больш за сорак чалавек з Расіі і Беларусі. Гэта прадстаўнікі нацыянальных паркаў, запаведнікаў, музеяў пад адкрытым небам, міністэрстваў, мясцовай улады, эксперты, навукоўцы. З краіны-суседкі прыехалі 11 чалавек, у тым ліку дырэктары расійскага ЭкаЦэнтра «Запаведнікі» Наталля Даніліна і расійскага навукова-даследчага інстытута культурнай і прыроднай спадчыны Юры Вядзенін.

У першы дзень наладзілі экскурсію, падчас якой госці наведалі славутыя мясціны рэгіёна: сядзібы ў Камарове і Шэметаве, храмы, прайшлі па экалагічнай сцежцы прыроднага комплексу «Блакітныя азёры».

Назаўтра ў эколагаасветніцкім цэнтры адбылася экспертная сустрэча, падчас якой удзельнікі абмяняліся меркаваннямі наконт эфектыўнага выкарыстання і захавання культурных ландшафтаў. Удзельнічаў у дыскусіі і мастак Барыс Цітовіч з Вілейшчыны. Ён узняў тэму захавання памяці загінуўшых салдат Першай сусветнай вайны.

– Падобная экспертная сустрэча была для нас вельмі важнай і карыснай, – падагульніў намеснік генеральнага дырэктара НП “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валерый Люштык.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота belhunt.by