Упершыню за доўгі час адбылося пашыранае пасяджэнне раённай (пярвічнай) федэрацыі футбола.
У зале для канферэнцый спартыўна-відовішчнага цэнтра сабралася каля пяцідзесяці зацікаўленых асоб.
Яны абралі адзінаццаць членаў прэзідыуму федэрацыі і трох членаў рэвізійнай камісіі, а вось старшыню федэрацыі абралі не адразу. Спачатку гэта пасада пры згодзе большасці была прапанаваная дырэктару футбольнай ДЮСШ №4 Віктару Дзмітрачкову, але ён вырашыў узяць самаадвод. У выніку старшынёй стаў Мікалай Мятліцкі, спецыяліст з Чысці.
Самым вострым пытаннем аказаліся, канешне, праблемы галоўнай футбольнай каманды. Спонсары ніяк не знаходзяцца, а райвыканкам нічога новага абяцаць не можа. Такім чынам, існуе верагоднасць, што наша каманда сёлета зусім будзе адсутнічаць на рэспубліканскім узроўні, і балельшчыкі змогуць назіраць толькі матчы абласнога чэмпіянату. Сярод удзельнікаў другой лігі будуць каманды такіх невялікіх гарадкоў, як Дзяржынск, Масты, Асіповічы.
Крыўдна, што ў такой кампаніі няма трывалага месца для нашага Маладзечна.
Планы і фінансы некаторых камандаў
У рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі з’явіліся навіны аб справах удзельнікаў другой лігі.
“Мінск-2”, які летась заняў пятае месца, атрымаў прапанову ад прадстаўнікоў беларускай федэрацыі футбола прайсці ліцэнзаванне для ўдзелу ў турніры першай лігі. Там можа ўтварыцца вакансія, бо каманда гомельскага домабудаўнічага камбіната знаходзіцца пад пагрозай расфарміравання.
Кіраўніцтвам сталічнай “Зоркі-БДУ” пастаўленая задача выхаду іх каманды ў першую лігу. Мінулагодні склад большай часткай захаваны, і цяпер трэнеры займаюцца яго ўзмацненнем. Футбалісты працуюць ад самага Новага года і за гэты час паспелі правесці ажно чатыры кантрольныя сустрэчы.
Галоўны трэнер “Гомельчыгунтранса” Генадзь Шабуня гаворыць, што ў цяперашнім статусе адной з мацнейшых камандаў другой лігі яны адчуваюць сябе больш чым упэўнена. Гэты ўзровень збіраюцца трымаць і ў наступным сезоне.
Дырэктар клуба “Жлобін” Віктар Іваноў расказаў, што з мясцовага бюджэту плануецца выкарыстаць 500 мільёнаў рублёў на зарплату футбалістам. Калі ж клуб падтрымаюць яшчэ і спонсары, то можна будзе шукаць варыянты ўзмацнення кваліфікаванымі гульцамі з іншых гарадоў.
Прадстаўнікі каманды “Орша” кажуць, што ўваходзяць у новы сезон са спакойнымі думкамі. Ад мясцовага кіраўніцтва атрыманая стопрацэнтная гарантыя, што каманда без падтрымкі не застанецца. Пытанне аб заяўцы ў другую лігу, як гэта было ў мінулым годзе, наогул не стаіць.
Галоўны трэнер “Асіповічаў” Аляксандр Кончыц чакаў іншых навін, а менавіта, падпісання рэспубліканскага ўказа аб дзяржпадтрымцы бюджэтных спартыўных клубаў на 2013 год. Гэта будзе своеасаблівым стартам для актыўнай працы.
У Баранавічах доўгі час не было ні старшыні клуба, ні дырэктара клуба, ні галоўнага трэнера. Сітуацыя павінна вырашацца якраз гэтымі днямі. Толькі потым можна будзе казаць аб фарміраванні складу і праглядзе патэнцыйных навічкоў.
Галоўны трэнер дзяржынскай “Лівадзіі” Віктар Юрага не сумняваецца, што каманда выступіць у другой лізе. Мясцовае кіраўніцтва дало мінімальныя фінансавыя гарантыі, хаця аб зарплатах і прэміяльных гаворка пакуль не вядзецца.
Падрыхтаваў Сяргей ГАЙКОВІЧ.
Стадыён для пляжнага валейбола з’явіцца ў Маладзечне
Мікалай Шрымф: “У футбалістаў вочы павінны свяціцца ад выгляду мяча, а не грошай”