Уявіць сваё паўсядзённае харчаванне без спецый і прыпраў наўрад ці магчыма. Іх выбар на беларускім рынку павялічваецца з году ў год. Як прыправы могуць змяніць наш погляд на ежу?
Зарыентавацца ў свеце спецый нам дапамагае гандлярка маладзечанскага калгаснага рынку Ганна Ленгінаўна. Ужо каля трынаццаці гадоў яна займаецца прыправамі, таму ахвотна дзеліцца з “Рэгіянальнай газетай” сакрэтамі іх ужывання.
Людзі хочуць ведаць, што набываюць
Прыправы карыстаюцца попытам у маладзечанцаў. Падчас нашай размовы са спадарыняй Ганнай ледзь не кожную хвіліну да яе падыходзілі пакупнікі.
– Я заўважаю, што нашы людзі прыслухоўваюцца да парадаў газет і тэлебачання, – дзеліцца назіраннямі гандлярка. – Калі ў часопісе напісана, што нейкая прыправа карысная ці дапамагае пры пэўным захворванні, я ведаю, што трэба яе больш закупіць. Людзі адразу прыйдуць па прыправу – праверана на ўласным досведзе.
Да таго ж пакупнікоў цікавіць і склад спецый. Яго чытаюць уважліва і звяртаюць увагу на фарбавальнікі і араматызатары. З асцярогай ставяцца да ўзмацняльніка Е621 (глютанат натрыю) і стараюцца не набываць прыправы, у складзе якіх ён ёсць.
Асабліва ахвотна бяруць зеляніну – яна падыходзіць да большасці страў. Бяруць і спецыі, адмыслова падрыхтаваныя да пэўных прадуктаў: фаршу, кілбасаў ці перцаў.
Імбір карысны ў любым выглядзе
Папулярнасць у маладзечанцаў набывае імбір. Цяпер яго можна набыць свежым, марынаваным і зацукраваным, а таксама ў выглядзе парашку.
– У марынаваным выглядзе імбір добра дадаваць да рыбы ці мяса, – кажа спадарыня Ганна. – Я сама дадаю яго ва ўсё, нават у яешню. Ведаю, што некаторыя людзі ядуць марынаваны імбір проста так.
Імбір у парашку можна сыпаць у гарбату, каву і малако. Асабліва карысны імбір падчас зімовых захворванняў: ён валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Парашок выкарыстоўваюць таксама для інгаляцый.
Зацукраваны імбір можна есці ўпрыкуску з кавай і гарбатай. Можна выкарыстоўваць і як цукаты: вялікая колькасць цукру хавае востры смак імбіру.
Свежы корань імбіру дадаюць у стравы і салаты. Трэба памятаць, што корань хутка сохне і губляе свае ўласцівасці, таму выбіраць яго трэба ўважліва.
Ванільны цукар лёгка зрабіць самім
Не так даўно на беларускім рынку з’явілася ваніль у стручках. Але папулярнасці ў нашым рэгіёне яна пакуль не набыла.
– Стручкі набываюць рэдка, – кажа гандлярка. – Людзі проста не ведаюць, што з імі можна рабіць. Да такога прадукту не ўсе гатовыя.
Пры дапамозе аднаго стручка ванілі можна прыгатаваць адразу некалькі страў. Мякаць і насенне можна дадаваць у салодкія стравы, напрыклад, крэм-бруле. А сам стручок варта пакласці ў шклянку з цукрам. Ужо праз некалькі дзён вы атрымаеце пахучы ванільны цукар і дакладна будзеце ведаць, што ён натуральнага паходжання.
Стручкі для продажу спецыяльна захоўваюцца ў шкляных прабірках: гэта дапамагае захаваць пах і свежасць. Кошт адной упакоўкі – 19 тысяч рублёў.
Кава з кардамонам для гурманаў
Тым, хто любіць піць каву ці гарбату з прыправамі, гандлярка раіць пакаштаваць кардамон. Адну каробачку прыправы можна расцерці пальцамі, высыпаўшы дробнае насенне ў кубак.
Кардамон надасць каве ці гарбаце насычаны пах. А новае адценне смаку адчуецца ўжо пасля таго, як зробіш глыток. Кава з кардамонам стварае асаблівую атмасферу, добрую для сустрэч і размоў.
Марцыпанавыя кветкі – і модна, і прыгожа
На прылаўку з разнастайнымі сыпучымі прыправамі адразу ў вочы кідаюцца каляровыя ружы і пялёсткі для ўпрыгожвання выпечкі. Дэкаратыўныя кветкі зробленыя з марцыпана: яны не толькі радуюць вока, але і прыдатныя да ежы.
– Цяпер ўпрыгожваць пірагі і торты марцыпанавымі ружамі вельмі модна, – кажа спадарыня Ганна. – Некаторыя набываюць іх у гатовым выглядзе. А некаторыя шукаюць неабходныя інгрэдыенты і спрабуюць рабіць кветкі самастойна. Справа гэта не з лёгкіх: тут патрэбныя і спецыяльныя формачкі, і якасныя прадукты, і ўмелыя рукі.
Кошты на марцыпанавыя ўпрыгажэнні пачынаюцца ад 10 тысяч рублёў.
Эмульсіі – парфума для страў
Добры спосаб дадаць насычаны пах стравам і напоям – набыць эмульсію з неабходным пахам. Іх выбар задаволіць самага пераборлівага пакупніка: мята, міндаль, апельсін, ром, ваніль, шакалад і многія іншыя.
Дадаюць іх не толькі ў салодкія стравы. Асаблівым попытам восенню карыстаецца эмульсія з водарам ананаса: яе выкарыстоўваюць пры кансервацыі кабачкоў. Тады кабачок ад сапраўднага ананаса адрозніць проста немагчыма!
Эмульсіі робяцца на аснове алею з дадаткам натуральных араматызатараў. Маладзечанцы набываюць іх не вельмі актыўна: відаць, імкнуцца захаваць натуральны пах прадуктаў.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.