Сустрэча з ёй адбылася 15 лютага ў маладзечанскай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.

Кнігі спадарыні Наталлі рускамоўныя. Тлумачыць свой выбар тым, што пачала пісаць даволі позна і ёй складана ствараць на роднай мове так, каб словы гучалі.

Але калі да яе звярнулася дзяўчына і папрасіла пачытаць яе ЭСЭ і маленькія расказы, адзінае, што параіла спадарыня Наталля, – перайсці на беларускую мову.

– Так хутчэй надрукуюць, – патлумачыла Наталля Батракова. – З малой формай у нашых выданнях вельмі складана прабіцца.

Затое пісьменніца піша пра пачуцці ў родных мясцінах. У кнізе “Імгненне бясконцасці” згадваюцца назвы беларускіх гарадоў і вуліц. Калі яна спрабавала дамовіцца аб друкаванні яе кнігі ў расійскім выданні, ёй адказалі: “Добра, але вам трэба прыбраць Мінск”. 

– У маёй кнізе прысутнічаюць месцы, якія знаходзяцца побач, – кажа спадарыня Наталля. – Мяне гэта грэе. Таму, калі мне прапанавалі прыбраць назвы родных мясцін, у мяне ўнутры ўсё паўстала і я не пагадзілася. А цяпер, калі кнігу пачалі перавыдаваць розныя выдавецтвы, мне паступіла прапанова ад буйнога расійскага выдавецтва надрукаваць у іх кнігі, якія раней ужо былі выдадзеныя.

– Такія сустрэчы мне прыносяць асалоду, – дзеліцца спадарыня Наталля з чытачамі “РГ”. – Я выплюхваю вельмі шмат эмоцый, дзялюся дабром, светам. Яшчэ некалькі гадзін пасля я буду добра сябе адчуваць, а потым, канешне, прыйдзе стусташэнне і наступныя тры гадзіны буду як жывы труп. Безумоўна, аддаеш усю сябе. Іначай я не ўмею. Для мяне гэта не работа, для мяне кожная сустрэча – сустрэча. Яна індывідуальная. І я разумею, калі людзі прыйшлі сюды самі, іх ніхто не прыганяў, значыць яны прыйшлі да аўтара. І я як аўтар не павінна іх расчараваць. А можа, яшчэ і нешта новае сказаць, раскрыцца. Можа быць, некаму дапамагчы словам. Гэта варта многага.

Настасся РОЎДА, Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота img.tyt.by