Сітуацыя ў адным з аўтобусаў.

Пятніца. Апошні дзень працоўнага тыдня. Еду ў аўтобусе на працу. Адзінаццатая гадзіна раніцы. Аўтобус амаль пусты.

Кантралёр сядзіць хмурая, з амаль заплюшчанымі вачыма. Я падышла да яе, купіла білет і села насупраць.

На прыпынках людзей у аўтобус заходзіла вельмі мала. Толькі каля Дома быту зайшлі чалавекі тры ці чатыры. Яны таксама падышлі за білетамі да кандуктаркі самі, яна прадала іх і зноў заплюшчыла вочы. Выгляд у яе быў стомлены.

– Вам як пракурору трэба хадзіць па аўтобусе, а вы спіце? – сказала абураная пасажырка, якая сядзела адразу за ёй, але бачыла твар жанчыны, бо тая сядзела бокам.

Кандуктарка хутка расплюшчыла вочы і пачала абараняць сябе:

– Паглядзела б я на вас, калі б вы ўсталі а трэцяй гадзіне ночы. Дзе б вы спалі і як?

– А я ўжо не працую. А калі працавала, то не спала на працоўным месцы, – працягвала пасажырка.

–  Вы самі бачыце, што аўтобус амаль пусты. Я ж не прыйшла да вас дадому, не заняла ваша месца. Што вы да мяне прычапіліся? – пачынае апраўдвацца кандуктарка.

Тут у сварку ўступілі іншыя пасажыры, якія заступіліся за стомленую кандуктарку, якая ўсё паўтарала: “Я паднялася а трэцяй гадзіне ночы! Я працую без выхадных!”

Людзі пачалі супакойваць жанчыну і спачуваць ёй. А адна, маладая, на выхадзе з аўтобуса падбадзёрыла яе, расказаўшы гісторыю пра сваю маці, якая прадае білеты на чыгуначным вакзале.

Кандуктар пасля заўваг прайшлася па аўтобусе, спытала у пасажыраў: “Хто яшчэ не аплаціў праезд?”, перасела на іншае месца, далей ад той абуранай жанчыны.

А што вы думаеце наконт гэтай сітуацыі? Выкажыце ў каментарах на сайце rh.by.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота img-3.photosight.ru