У вёсцы Камарова на Мядзельшчыне ажыццяўляюць праект “Школа маладога прадпрымальніка”.

Накіраваны ён на развіццё прадпрымальніцкай актыўнасці ў старшакласнікаў рэгіёна і здзяйсняецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і фонду “Еўразія”. Гутарым з кіраўніком праекта дырэктарам Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” Алай Вайцяховіч.

– Чым было выкліканае ажыццяўленне праекта?

– Будучыня рэгіёна наўпрост залежыць ад прадпрымальніцкай актыўнасці маладых людзей, якія хутка скончаць школу і будуць атрымліваць прафесію. Але сацыялагічныя апытанні, якія праводзяцца сярод выпускнікоў вядучых эканамічных ВНУ краіны, паказалі, што толькі 20% з іх бачаць сваю будучыню ва ўласнай справе.

Таму вельмі важна звярнуць асаблівую ўвагу старшакласнікаў на магчымасць далейшай паспяховай самарэалізацыі  на малой радзіме. Неабходна прадэманстраваць ім, што ў нашым рэгіёне існуюць унікальныя магчымасці для рэалізацыі розных праектаў у сферы прадпрымальніцтва.

Менавіта праект “Школа маладога прадпрымальніка” накіраваны на фарміраванне ведаў у маладых людзей у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, эканамічнага менеджменту, гаспадарчага права. Асаблівая ўвага надаецца магчымасці рэалізацыі бізнес-праектаў у сельскіх рэгіёнах рэспублікі і, асабліва, у Нарачанскім краі.

– Хто стаў удзельнікамі праекта?

– У ім прымаюць удзел 15 школьнікаў. Гэта выпускнікі і вучні выпускных класаў сярэдняй школы №2 і гімназіі-інтэрната Мядзела, Нарацкай СШ №2, Свірскай СШ, сярэдняй школы №7 Смаргоні, гімназіі №1 Астраўца, Падольскі д/с-СШ Астравецкага раёна.

– Якія заняткі праводзіліся ў “Школе маладога прадпрымальніка”?

– Разлічаная яна на тры этапы. На першым, у жніўні мінулага года, адбыўся “круглы стол” па пытаннях моладзевага прадпрымальніцтва.

Потым для ўдзельнікаў арганізавалі агульнаадукацыйныя курсы ў форме вочнага семінара. Вучні атрымалі неабходныя дадатковыя веды па эканоміцы, юрыдычным праве, бухгалтарскім уліку, псіхалогіі, экалагічным менеджменце.

Для выкладання запрашаліся прафесійныя спецыялісты. Удзельнікі курсаў пабывалі на прадпрыемствах малога бізнесу ў рэгіёне – у нашым цэнтры, пякарні ў Камарове, аграэкасядзібе “Падкасцёлак” у Астравецкім раёне.

На экскурсіі пазнаёміліся з гістарычнай і культурнай спадчынай краю. Падчас работы школы вызначылі таксама тэмы інвестыцыйных праектаў для кожнага альбо групы ўдзельнікаў.

Другі этап – напісанне праектаў. Гэта дамашняе заданне, разлічанае на некалькі месяцаў. Удзельнікі распрацавалі інвестыцыйныя бізнес-планы па развіцці нашага рэгіёна, пры гэтым праводзіліся анлайн-кансультацыі са спецыялістамі. У нядзелю, 17 лютага, адбылася прэзентацыя бізнес-праектаў. Пераможцы конкурсу атрымалі прызы і дыпломы, усім удзельнікам уручылі сертыфікаты.

На трэцім этапе правядзём выніковы “круглы стол” для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Мядзельскага раёна, мясцовай улады і прадстаўнікоў грамадскіх ініцыятыў.

– На якія тэмы дзеці пісалі праекты?

 – Тэмы розныя. Напрыклад, такія: “Прадпрыемства па ўстаноўцы сонечных батарэй і калектараў”, “Арганізацыя гасцініцы для жывёл у Смаргоні»,  “Картынг-клуб на Нарачы”,  “Арганізацыя турызму для інвалідаў у Нарачанскім краі”,  “Адкрыццё піцэрыі ў Свіры”.

– Што будзе вынікам праекта?

– Самы галоўны вынік – гэта тое, што ў сферы малога бізнесу пройдуць навучанне 15 вучняў школ, будзе падрыхтавана больш за дзясятак інавацыйных бізнес-праектаў для Нарачанскага рэгіёна.

– Якую выснову зрабілі для сябе падчас працы з моладдзю?

– Падалося, што ў школе вучні атрымліваюць недастаткова ведаў па эканоміцы і прадпрымальніцтве. А гэта негатыўна ўплывае на ўсвядомлены выбар будучай прафесіі.

Пры гэтым адзначу, што вучні вельмі цікавяцца прадпрымальніцтвам і актыўна ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах, як наша “Школа”. Лічу, што было б добра, каб курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі” быў уключаны ў школьную праграму.

У далейшым Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” будзе аказваць падтрымку ў рэалізацыі праектаў, арганізацыі стажыровак для маладых людзей, якія будуць удзельнічаць у развіцці прадпрымальніцтва ў нашым рэгіёне.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.