Вілейшчына вельмі маляўнічы край, багаты знакамітымі людзьмі, падзеямі і помнікамі, якія заўсёды напамінаюць нам пра гэтыя падзеі.

26 помнікаў гісторыі і культуры Вілейскага раёна знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. І кожны з іх заслугоўвае ўвагі.

У гэтым годзе спаўняецца 250 год касцёлу Беззаганнага Пачацця Дзевы Марыі ў Касцяневічах.

Касцёл мае вельмі цікавую гісторыю, за 250 год ён шмат чаго бачыў, але, на шчасце, захаваўся і сёння з радасцю прымае прыхаджан. Вельмі цікава тое, што касцёл быў пабудаваны езуітамі, а ў 1680 годзе і самі Касцяневічы былі ўласнасцю віленскага езуіцкага калегіума. Хто ж такія езуіты і як яны з’явіліся ў нашай мясцовасці?

Езуіты  – члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 годзе іспанскім дваранінам Ігнаціем Лаёлам для барацьбы супраць Рэфармацыі і умацавання каталіцызму ва ўсім свеце.

Сваю дзейнасць на Беларусі езуіты пачалі ў 1569 годзе. Каб задушыць рэфармацыйны рух у ВКЛ, які дасягнуў тут небяспечных для каталіцкай царквы памераў, езуіты выкарыстоўвалі розныя формы апрацоўкі масавай  свядомасці, у тым ліку і праз свае ўстановы, рэзідэнцыі і місіі, што вялі прапаведніцкую дзейнасць. Важнае значэнне надавалася дабрачыннай  дзейнасці (арганізацыя прытулкаў  і шпіталяў).

Пад уплывам ідэй Асветніцтва і ў выніку дзейнасці іх ордэна стаўленне да езуітаў з боку грамадства і дзяржаўных улад пагоршылася, у 1773 годзе булай папы Клімента XIV ордэн быў скасаваны. Ва ўсходняй Беларусі, далучанай у той час да Расійскай імперыі, Кацярына II насуперак папскай буле захавала ордэн.

У 1812 годзе у Полацку была адкрыта Полацкая езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Вакол Полацка была створана своеасаблівая навучальная акруга, куды ўваходзілі калегіумы Віцебска, Даўгапілса, Магілёва, Оршы і іншыя. У 1820 годзе езуіты былі выгнаны з Расійскай імперыі, а Полацкая акадэмія і калегіўмы закрыты. Але ўсё ж у 1920-30-я гады езуіты праяўлялі пэўную актыўнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Цяпер езуіты – адзін з найбуйнейшых каталіцкіх ордэнаў.

У Касцяневічы каталіцкае жыццё прыйшло ў 1652 годзе, калі Павел Ляскоўскі, уладальнік гэтых мясцінаў, запісаў Касцяневічы віленскаму калегіуму езуітаў і тут была заснаваная місія ордэна. Першы парафіяльны касцёл, збудаваны ў 1662 годзе, быў драўляны і асвечаны пад тытулам св. Ігнація Лаёлы. А ў 1763 годзе на яго месцы тагачасны пробашч, езуіт а. Феліцыян Сулістроўскі, узвёў “пры дапамозе парафіянаў і падчашага Міхала Відмонта” каменны касцёл у гонар Бязганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны.

Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга барока, адносна невялікі па памерах, прамавугольны ў плане, з адной закрыстыяй. Галоўны фасад завершаны франтонам барочнага абрысу з валютамі. У інтэр’еры пад дашчанай каробчатай столлю падлога выкладзена каляровай мазаікай. Авальная лесвіца ў тоўшчы фасаднай сцяны вядзе на драўляныя хоры, узнятыя на 2 слупах.

Да нашага часу дайшлі звесткі, што ў барочным алтары, у атачэнні 6 стройных калонаў іянічнага ордэра, што падтрымліваюць шматслойны карніз, у  XVIII ст. быў змешчаны цудоўны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны, вакол якой у аблоках луналі 6 анёлаў (адзін з іх трымаў у руках срэбную лілею). Кампазіцыю вянчала выява Св.Духа. Абраз быў заключаны ў срэбную шату, карону Багародзіцы ўпрыгожвалі каштоўныя камяні. Прастору вакол абраза запаўнялі срэбныя медальёны ахвяраванняў. На жаль, арыгінальнае ўбранне алтара не захавалася.

Вакол касцёла і сёння знаходзіцца маляўнічая каменная агароджа з рознакаляровых валуноў. На восі ўвахода – цагляная брама з варотамі і весніцамі па баках, аздобленая муроўкай з каляровых плоскіх каменняў.

Пасля 1773 года, калі ордэн  езуітаў перапыніў сваё існаванне, валоданне Касцяневічамі перайшло да жмудскага біскупа Аляксандра Гараіна, а касцёл перадалі беламу духавенству.

Сёння, дзякуючы метрычным  кнігам, мы ведаем, што ў 1796 годзе  ў касцяневіцкім касцёле быў ахрэшчаны класік польскай літаратуры Ігнат Ходзька, а ў 1816 годзе паэт-дэмакрат, сябар Тараса Шаўчэнкі – Эдвард Жалігоўскі

Зараз касцёл дзейнічае, і ў кастрычніку адзначыць свой юбілей. Можна меркаваць, што і праз сто год касцяневіцкі касцёл Беззаганнага Пачацця Дзевы Марыі будзе радаваць нас багатай і не менш цікавай гісторыяй.

Анастасія Гіль, навуковы супрацоўнік па ахове помнікаў гісторыі і культуры Вілейскага раёна.

Фота з сайта http://www.ekskursii.by