Суд прыгаварыў 27-гадовага мужчыну да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за збіццё маці-інваліда, якая схавала ад яго бутэльку гарэлкі.

Усё адбылося днём 8 жніўня.

Нецвярозы сын стаў патрабаваць у сваёй маці бутэльку гарэлкі, якую тая схавала. Аднак нецвярозая 54-гадовая жанчына з-за хваробы на шызафрэнію не змагла ўспомніць, куды яе паклала. Тады сын раззлаваўся і ўдарыў маці кулаком у твар. Потым схапіў бляшанку з-пад тушонкі ды зноў ударыў па твары. Маці звалілася на ложак. Ён пачаў біць па твары нагамі, схапіў з тумбачкі кухонны нож ды пырнуў у бок.

У гэты час жанчына, якая была ў кватэры з раніцы і піла з імі, пачала крычаць і адштурхоўваць мужчыну. З-за шуму прачнуўся яшчэ адзін мужчына, які піў з імі. Ён убачыў на ложку маці свайго знаёмага, у якой быў увесь твар у крыві, і закрычаў на яе сына ды ўдарыў яго кулаком у плячо.

Толькі пасля гэтага той супакоіўся і пайшоў спаць.

Маці не жалілася, таму госці пачакалі, пакуль сын засне, і пайшлі дадому.

Раніцай да абвінавачанага прыйшлі іншыя знаёмыя: мужчына і жанчына. Апошняя, убачыўшы на ложку маці з акрываўленым тварам, прапанавала дапамагчы жанчыне памыцца. Калі яна стала яе пераапранаць, заўважыла на баку павязку, заклееную пластырам. Калі спыталася, адкуль яна, маці ціха адказала, што гэта яе сын парэзаў. Тады жанчына пачала крычаць на абвінавачанага і пытацца, чаму ён так зрабіў. У адказ яна пачула: “Дастала”.

Да доктара жанчына пайшла сама. У міліцыю патэлефанаваў ужо хірург з бальніцы, да якога пацярпелая звярнулася з траўмамі.

На судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну.

Суд вырашыў, што вінаватага трэба прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

Яго прыгаварылі да чатырох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Пацярпелую перадалі органам апекі і папячыцельства Вілейскага райвыканкама.

Таццяна БОРЫС, суддзя Вілейскага раёна.

Фота oreninform.ru.