Мы распыталі ў сямікласнікаў і васьмікласнікаў, што яны ведаюць пра Беларусь і беларускую мову.

Для гэтага раздалі сотні школьнікам анкеты з пытаннямі. Перад тым, як прачытаеце адказы вучняў, паспрабуйце і самі на гэтыя пытанні адказаць.

1. Якія беларускія казкі вы ведаеце?

На жаль, толькі адна дзяўчына назвала сапраўды беларускую казку “Людзей слухай, а свой розум май!” Што ж тычыцца астатніх апытаных, сярод іх былі найбольш папулярныя адказы: “Калабок”, “Курачка Раба”, “Сіўка-Бурка”, “Канёк-Гарбунок” – рускія народныя казкі. У беларускія запісалі нават твор французскага пісьменніка “Маленькі прынц”.

Многія сямі-васьмікласнікі лічаць казкамі такія творы, як “Сымон-музыка” Якуба Коласа, “На Каляды к сыну” Змітрака Бядулі, “Незагойная рана” Васіля Быкава (!). Якраз гэтыя творы яны нядаўна праходзілі па школьнай праграме.

Трэць у адказе на гэта пытанне проста паставілі прочырк.

2. Назавіце трох беларускіх пісьменнікаў.

Усе вучні змаглі прыгадаць трох беларускіх аўтараў. У выніку ў нас атрымалася, што дзеці ведаюць Янку Купалу, Якуба Коласа, Цётку, Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Янку Брыля, Пімена Панчанку, Ніла Гілевіча, Максіма Танка, Змітрака Бядулю, Кандрата Крапіву, Васіля Зуёнка, Леаніда Галубовіча, Тараса Хадкевіча.

Францішка Скарыну таксама запісалі ў беларускія пісьменнікі.

У восьмым класе на беларускую мову і літаратуру ў другім паўгоддзі адводзяцца дзве гадзіны і адна гадзіна ў тыдзень суадносна (для параўнання – англійскай мовы тры гадзіны ў тыдзень).

14-гадовы Раман на пытанне адказаў так: “А. Пушкін – вядомы беларускі пісьменнік”.

3. Ці будзеце вы карыстацца інтэрнэтам, калі ён цалкам будзе беларускамоўны?

59 чалавек адказалі, што будуць. 13-гадовая Насця ўдакладніла: “Буду, але перакладаючы словы пры дапамозе Google”.

А 41 школьнік адмовіўся б карыстацца інтэрнэтам, калі ён стане на беларускай мове.

4. Ці лічыце вы сябе беларусам?

У шасці школьнікаў быў адказ 50/50. Дзевяць школьнікаў не лічаць сябе беларусамі, а 13-гадовая Марта адказала: “Над гэтым трэба задумацца”.

85 школьнікаў пацвердзілі, што яны беларусы. Аднак на гэта пытанне адказалі рускім словам “да”. Двое з іх удакладнілі: “Не кітайцы ж!”

Парадаваў адказ 12-гадовага Андрэя “Я – беларус! І яшчэ які!!!”

5. Ці лічыце вы беларускую мову сваёй роднай?

Шостая частка школьнікаў не лічыць беларускую мову роднай, а астатнія адказалі станоўча. Праўда зноў – рускім словам “да”.

Адзін з адказаў быў такі: ”Так, лічу, але карыстаюся ёй толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры”.

6. Хто такія беларусы?

Адказы былі вельмі розныя. Пералічым некаторыя з іх.

Беларусы – гэта “добры, шчыры народ”, “свабодная нацыя”,  “слаўны народ з працвітаюшчэй эканомікай”, “бульбашы”, “шчырыя, ветлівыя, добрыя, гасцінныя людзі”, “мае сяродзячы”, “людзі з белымі валасамі”, “моцныя людзі”, “паважаныя людзі”, “мяшок бульбы”.

7. Назавіце ваша любімае слова на беларускай мове.

Амаль палова апытаных сваім любімым назвала слова “каханне”. Шмат  было слоў ветлівасці: дабранач, калі ласка, да пабачэння (калі захаваць арфаграфію аднаго з аўтараў – “дапапачене”), дзякуй.

Адметна тое, што многія любімыя словы школьнікі пісалі з памяншальным суфіксам: агеньчык, сонейка, зорачка, птушачка, хмарка, хатка, матуля.

Сустракаліся словы: цукерка, малпа, дрот, торба. Чатыры васьмікласнікі сваім любімым назвалі слова “бульба”.

Адзінкавыя адказы: зграбна, лён, накіраванасць і нават  шчарбель.

8. Прыгадайце які-небудзь верш на беларускай мове.

11 чалавек успомнілі радкі Янкі Купалы: “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”

Восем чалавек успомнілі верш Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў…”

Сем чалавек прыгадалі радкі Рыгора Барадуліна: “Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы, Мы – беларусы, мы – народ такі”.

Шэсць чалавек успомнілі радкі Дануты Бічэль-Загнетавай: “Пад казачным дубам над Нёманам сінім…”

Шэсць чалавек працытавалі радкі з верша Якуба Коласа “Ручэй”: “Між алешын, кустоў, дзе пяе салавей, і шуміць, і грыміць срэбразвонны ручэй”.

Трое ўспомнілі верш Янкі Купалы “Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі…”

Яшчэ трое прыгадалі радкі Леаніда Галубовіча “Ты – боль, паэзія. Ты – быль…”

Шэсць школьнікаў на гэта пытанне адказалі радкамі з гімна Беларусі.

9. Намалюйце свае асацыяцыі з Беларуссю.

Многія малявалі бульбу, дранікі, бусла, каласы, васількі, слуцкія паясы, рэкі, лес, азёры, трактары, карту Беларусі, дзяржаўны сцяг і герб і нават партрэт прэзідэнта.

З гэтых адказаў мы зрабілі выснову, што ў школьнікаў шаблоннае ўяўленне пра Беларусь. Калі ў быце з’яўляецца новая рэч, падлеткам прасцей называць яе рускім словам, чым шукаць беларускі адпаведнік.

Пакуль асноўнай крыніцай усяго беларускага для іх застаюцца ўрокі беларускай мовы і літаратуры.

Наталля ТУР.

Даведка “РГ”. Google – пошукавая сістэма ў інтэрнэце, адна са службаў якой дапамагае перакладаць словы з розных моў.

Калаж “РГ”.