Зайшоўшы ў мясцовыя крамы, часта можна пабачыць, што тавары паўсядзённага ўжытку трапляюць да нас ледзь не з іншага канца свету. І тычыцца гэта не толькі экзатычнай садавіны ці марскіх прадуктаў, якія па зразумелых прычынах не могуць быць беларускімі. Карэспандэнт “РГ” прайшлася па маладзечанскіх крамах у пошуках прадуктаў-“эмігрантаў”.

Свечкі вязуць з Германіі, мыльныя бурбалкі – з Італіі

У першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу тыя тавары, якія прыязджаюць з іншых краін, хаця іх аналагі вырабляюцца і ў Беларусі.

З самых экзатычных краін да нас трапляюць тавары, выраб якіх у Беларусі немагчымы.

Марская рыба прыязджае з Нарвегіі і Аргенціны, бананы – з Эквадора, бананавыя чыпсы – з Філіпінаў, а апельсіны – з Іспаніі.

Папяровыя ручнікі на прылаўках ёсць беларускай, чэшскай, польскай і ўкраінскай вытворчасці. Беларускія самыя танныя (каля 9 тысяч рублёў за два рулоны), але іх выбар па колеры і памеры – самы маленькі. Імпартныя каштуюць на 2-3 тысячы рублёў даражэй.

– Калі мы пачынаем працаваць з нейкім канкрэтным таварам, то закупляем  усяго аднолькава, – тлумачыць таваразнаўца адной з маладзечанскіх крамаў Людміла Дзёміна. – Пасля ўжо назіраем, які лепш набываюць. Наступную партыю закупляем ужо ў адпаведнасці з попытам пакупнікоў. Калі выбар чэшскіх ручнікоў самы вялікі, значыць, іх часцей і бяруць, нягледзячы на даражэйшы кошт.

У аддзелах з касметыкай можна набыць ватныя палачкі і дыскі з Польшчы, Італіі і Францыі. Беларускіх аналагаў мы не заўважылі.

Звычайныя свечкі для тартоў бываюць чэшскія, нямецкія, кітайскія. Мыльныя бурбалкі ў дзіцячым аддзеле – італьянскія, каляровыя алоўкі – індыйскія. Пакеты з каляровай паперы для падарункаў прыязджаюць з Нідэрландаў і Кітая. Такіх, здавалася б, простых тавараў беларускага паходжання ў крамах проста не відаць.

Каля 70% тавараў – беларускія

Вядома, большасць тавараў на нашых прылаўках – беларускага паходжання. У першую чаргу гэта тычыцца прадуктаў харчавання. Напрыклад, сярод трох дзесяткаў відаў марожанага толькі адзін ці два трапляюць у крамы з Расіі.

Давер да некаторых мясцовых прадуктаў вышэйшы, адзначаюць у крамах. Некаторыя беларускія вырабы традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю і ў крамах краін-суседак. Напрыклад, кандытарскія і малочныя тавары.

– Мінулым летам мы адпачывалі ў Калінінградзе, – распавядае ўраджэнка Смаргоні Дар’я Баневіч. – Калі зайшлі ў краму і папрасілі самае лепшае і смачнае марожанае, нам далі беларускае. Было вельмі прыемна гэта заўважыць.

– У нас каля 70% усіх тавараў, і прадуктовых, і прамысловых, – беларускія, – кажа спадарыня Людміла. – На першым месцы па экспарце стаіць Расія. Калі казаць пра бытавую хімію, то яе больш прывозяць з Польшчы.

Беларускія тавары не заўсёды таннейшыя за імпартныя. Кітайскі фруктовы цукар (фруктоза) танней за беларускі ў 2-3 разы. Прасяныя крупы з Беларусі абыдуцца пакупніку прыкладна ў 8 тысяч рублёў, а расійскія – у 6 тысяч за аднолькавую вагу. Але гэта тычыцца не ўсіх прадуктаў: украінская сталовая соль можа каштаваць у 4 разы даражэй, чым беларуская.

На кожны тавар знаходзіцца свой пакупнік

Ледзь не кожны беларускі тавар на прылаўках мае замежнага канкурэнта. І пакупнікі ёсць ў кожнага, нават нягледзячы на шматразовую розніцу ў коштах.

На паліцах з крупамі можна знайсці фінскую аўсянку, кошт якой за 600 грамаў – 17 тысяч рублёў. Побач стаіць смаргонская і лідская – 4-6 тысяч за тую ж вагу.

– Вядома, не кожны бачыць сэнс у тым, каб набываць замежны прадукт, калі ў яго ёсць айчынны аналаг, – кажа спадарыня Людміла. – Але ў кожнага тавару ёсць свой пакупнік. Выпадковых тавараў на прылаўках вы не пабачыце. Калі казаць пра тое, на што ў першую чаргу звяртае ўвагу наш пакупнік – на кошт ці якасць – то можна сказаць, што пароўну.

Выбар канкрэтнага прадукту залежыць і ад бюджэту, і ад асабістых жаданняў чалавека.

– Я набываю туалетную паперу, якую робяць у Польшчы, проста таму, што ў іх яна бывае аранжавага колеру – пасуе да пліткі ў маім санвузле, – кажа адна з маладзечанскіх пакупніц.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Настассі РОЎДЫ.