Школа коннага спорту ў Палачанах дзейнічае больш за 10 гадоў. Яе дырэктарам з’яўляецца Наталля Шалейма.

Не звяртаючы ўвагі на халады і снег, аматары коней застаюцца частымі наведнікамі гэтага месца.

– Наталля Барысаўна, ведаю, што гэты год для вас юбілейны?

– Так, нам спаўняецца 15 гадоў (працуем з 1998 года). Першапачаткова школа мела тры аддзяленні: лёгкая атлетыка, конны спорт і настольны тэніс. На сённяшні дзень існуюць аддзяленне коннага спорту, якое адкрылася на базе ААТ “Палачаны”, і аддзяленне фехтавання – на базе спартыўна-забаўляльнага цэнтра, і залы фехтавання на станказаводзе ў Маладзечне.

– Які ўзрост лічыцца лепшым, каб пачаць займацца конным спортам?

– Аптымальны ўзрост – 10-12 гадоў. Ён лічыцца нармальным па медыцынскіх паказаннях. Менавіта ў гэты перыяд для заняткаў конным спортам развітыя асноўныя фізічныя здольнасці ў дзіцяці.

– Якімі якасцямі павінны валодаць дзеці, каб займацца верхавой яздой?

– Вядома, яны павінны быць дужымі, мець добрую каардынацыю, спрытнымі, працавітымі. Трэба адзначыць яшчэ тое, што на першым месцы павінна быць любоў да коней,  асаблівыя адносіны да такой жывёлы. Гэта вельмі спецыфічны від спорту, прыгожы. За мяжой конны спорт лічыцца адным з самых прэстыжных, а ў нашай краіне, на жаль, ён не мае такой цікавасці.

– Вядома, што з дапамогай коней яшчэ і лечаць. Ці  ёсць іпатэрапія ў Палачанах?

– Не. Дзеля гэтага ў штаце павінны быць доктар, псіхолаг,  трэнер – спецыяліст,  які скончыў  курсы па іпатэрапіі. Іх можна скончыць толькі ў Расіі ці Англіі. Дзеці, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам – частыя наведнікі коннай школы. У нас ёсць магчымасць даць каня і трэнера, а бацькі, звычайна самастойна, пад сваю адказнасць, займаюцца з дзіцем. Быў такі выпадак, калі хлопчык, які зусім не мог хадзіць, пасля такіх заняткаў устаў на ногі. Безумоўна, акрамя гэтага ён выконваў комплекс іншых працэдур дзеля выздараўлення.

У Палачанах.

– Калі лепш запісваць дзяцей ў школу?

– Запіс дзяцей праводзіцца пастаянна. Найлепей прыходзіць у пачатку летніх канікулаў. Каб за лета падвучыцца і з верасня  пачаць паўнавартасна займацца.

– Для каго заняткі бясплатныя, а для каго – не?

– Заняткі бясплатныя для тых дзяцей, якія прыйшлі ў школу ва ўзросце 10-12 гадоў. Меншых не бяром. У іх пачынаецца этап пачатковай падрыхтоўкі, фарміруюцца вучэбна-метадычныя групы, дзе дзеці ўжо пачынаюць выступаць на спаборніцтвах, а таксама атрымліваюць спартыўныя разрады. Потым фарміруецца група спартыўнага ўдасканалення, дзе яны атрымліваюць званне кандыдата ў майстры спорту, выступаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. А для астатніх людзей будуць заняткі платныя.

Разам са школай коннага спорту ў Палачанах працуе пракат коней. Кожную нядзелю там збіраюцца людзі розных прафесій і інтарэсаў, якіх аб’ядноўвае жаданне правесці свой адпачынак сярод гэтых жывёл.

Задаём  некалькі пытанняў і інструктару па пракаце Алене Белавус.

– Алена Вячаславаўна, якія плюсы можна знайсці зімой і летам у верхавой яздзе?

– Зімой лепш вучыцца. Бо ў такую пару года мы займаемся ў манежы і зразумела, што конь нікуды далёка не зможа вас панесці, калі раптам яго нешта напалохае ці не спадабаецца. А летам у нас працуюць два трэніровачныя палі, таксама здараюцца і выезды.

– Што, як вам здаецца, больш вабіць наведнікаў?

– Кожны чалавек прыязджае сюды за нечым сваім: хтосьці жадае навучыцца катацца на конях, а хтосьці  любуецца імі, гладзіць і проста атрымлівае асалоду ад гэтай атмасферы. Адразу  паляпшаецца настрой, прыходзіць спакой, і ўсе праблемы адыходзяць на іншы план.

Аляксандра ЭГЕРТ.

Фота vk.com