Адзінаццаты штогадовы Кубак па валейболе сярод мужчынскіх каманд на прызы дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея-ХХІ стагоддзе” адбыўся 2-3 сакавіка.

Спаборніцтвы праходзілі ў спартыўным зале цэнтра. У турніры прыняло ўдзел 9 каманд, разбітыя на тры падгрупы.

– Гульні ў падгрупах праходзілі па кругавой сістэме, лепшыя каманды выходзілі ў фінальную частку. У фінале каманды гулялі таксама па кругавой сістэме, – патлумачыў інструктар-метадыст раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Імпульс» Аляксандр Вайда.

Першае месца заняла каманда РСУП “Першы Беларускі”, на другім – цэнтра «Надзея-ХХІ стагоддзе». Замкнулі тройку прызёраў прадстаўнікі Вілейскай ЖКГ. Каманды-прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі, а пераможца яшчэ і пераходным кубкам.

Лепшымі нападаючымі сталі Яўген Маліноўскі (“Вілейская ЖКГ”) і Яўген Бабкевіч (“Першы Беларускі”), лепшымі абаронцамі – Сяргей Юрчык (“Першы Беларускі”) і Яўген Валюжэнец (“Надзея-ХХІ стагоддзе”). Найбольш карыснымі гульцамі назвалі Аляксандра Гіля  (“Надзея-ХХІ стагоддзе”) і Аляксандра Пакусаева (“Вілейская ЖКГ”), а заслужаным гульцом – Уладзіміра Аляксеева (“Надзея-ХХІ стагоддзе”). Вызначылі нават лепшых заўзятараў. Імі сталі Уладзіслава Петух і Яна Барташэвіч.

–  Прадстаўнікі і гульцы ўдзячны кіраўніцтву і супрацоўнікам цэнтра «Надзея-ХХІ стагоддзе» за правядзенне турніру і садзейнічанне ў папулярызацыі і развіцці валейбола ў Вілейскім раёне, – адзначыў Аляксандр Вайда.

Аддзел інфармацыі.

Фота Аляксандра Вайды.