Калі ў сям’і ёсць прафесійныя спартсмены ці аматары спорту, яе лад жыцця  залежыць ад раскладу матчаў і трэніровак.

Віялета Сянько: “Лепей пайду на хакейны матч, чым у кавярню”
А што, калі спартсмен – тата, які пасля працы спяшаецца на спартыўную пляцоўку?
Пра сваё стаўленне да спорту нам расказала дачка Уладзіміра Сянько, нападаючага маладзечанскай хакейнай каманды “Лядовыя пінгвіны”  Віялета Сянько. Цяпер яна вучыцца ў 11-м класе маладзечанскай гімназіі №10. У будучым дзяўчына плануе звязаць сваё жыццё з эканомікай.   

– Як любоў вашага таты да хакея ўплывае на паўсядзённае жыццё сям’і?
– Не магу сказаць, што яна нешта кардынальна мяняе. Тата кожны дзень дома, проста два-тры разы на тыдзень пасля працы ходзіць на трэніроўкі. Бываюць выязныя матчы, але тады яго няма толькі ўвечары. Гэта нават добра, калі тата спартсмен: ён не ляжыць на канапе перад тэлевізарам, а актыўна праводзіць вольны час. 

– Ці даўно ён займаецца хакеем?
– Так, я нават не памятаю, калі гэта ўсё пачалося. Раней ездзіў у Мінск, пасля з’явіліся “Лядовыя пінгвіны” ў Маладзечне. Цяпер тата трэніруецца тут разам з сябрамі па камандзе. Пару гадоў таму я неяк спакойна ставілася да яго захаплення. Цяпер бачу, што ўсё нашмат больш сур’ёзна. 

– Вы самі любіце хакей?
– Так, у мяне нават ёсць любімая хакейная каманда. Вядома, гэта “Лядовыя пінгвіны”! На дамашнія матчы мы абавязкова ходзім усёй сям’ёй: я, мама, цётка, часам далучаюцца маміны сяброўкі… Ніякіх адмысловых крычалак у нас няма: мы проста апладзіруем, а калі тата забівае – усе разам крычым “малайчына!” На выязных матчах я пакуль не была – яны заканчваюцца позна, плюс шмат часу ў дарозе губляецца.

Віялета заўсёды гатовая падтрымаць тату на трыбунах.

– Значыць, вы зможаце патлумачыць тым, хто далёкі ад хакея, што такое буліт і овертайм?
– Ведаю толькі, што гэта хакейная тэрміналогія. А што дакладна значыць… Не, на адкажу. 

– Калі выбіраць паміж паходам на матч і ў кавярню, то што выбераце?
– Вядома, матч, калі там будзе гуляць тата! Я ведаю, як важна для яго бачыць, што мы падтрымліваем яго і каманду на трыбунах.

– Ці лёгка ў вашай сям’і адбываецца выбар, што глядзець увечары: кіно ці хакейны матч?
– Па-рознаму бывае. Часам тата садзіцца за вялікі тэлевізар і глядзіць матч, а мама застаецца ў іншым пакоі ля маленькага тэлевізара. А бывае, што тата ідзе на кампраміс, і кіно глядзім разам. 

– Ці прыцягвае вас тата да заняткаў спортам?
–  Хакеісткай я ніколі не была! Але яшчэ ў маленстве ён паставіў мяне на канькі. І сёння я змагу добра праехаць. Займалася гімнастыкай і танцамі, але не прафесійна. Затое наш пляменнік усю зіму праводзіць на лёдзе: тата дапамагае заліваць лёд перад домам, і яны разам займаюцца.

– Часам падаецца, калі ў сям’і ёсць мужчына-спартсмен, то ніколі няма праблемы з выбарам падарункаў на святы: новая шайба ці мяч ніколі не будуць лішнімі. Ці так гэта?
– Што вы, ён такія рэчы выбірае толькі сам! Перад гэтым доўга шукае самыя лепшыя і якасныя. Я б сама не наважылася нешта такое набываць: у гэтым таце вельмі цяжка дагадзіць. Лепш ужо пену для галення!

Даведка “РГ”. Буліт – штрафны кідок па варотах у хакеі.    
Овертайм – дадатковы час гульні ў хакеі.

Жанна Бугай: “На паўтара года звольнілася з працы, каб ездзіць з сынам на футбол”
Юра Бугай – адзін з футбалістаў, які ўваходзіць у склад футбольнага клуба “Маладзечна”. Для яго мама – гэта падтрымка і разуменне, яна дапамагае яму ў складаных момантах жыцця.

Сапраўдныя фанаты носяць шалікі з надпісам “ФК Маладзечна”. Футбольнымі аматарамі бываюць не толькі мужчыны, але і жанчыны. А самы лепшы фанат – гэта мама! На фота – Жанна Бугай, маці футбаліста Юрыя Бугая.

– Як Юра трапіў у футбол?
– Калі ён быў у нулявым класе, трэнер Віктар Дзмітрачкоў набіраў новую каманду. Ён запрасіў займацца футболам майго сына. Яго ніхто не прымушаў займацца гэтым відам спорту. 

– Ці перашкаджаў футбол школе?
– Скажу, што школе гэта ніяк не перашкаджала. Наадварот, быў стымул лепш вучыцца.

– Ці наведваеце футбольныя матчы сына?
– Вядома, наведваю! Пры любой магчымасці імкнуся прыйсці на матч. А калі Юру запрасілі ў БАТЭ, трэнерам тады быў Барыс Лазарчык, то я на паўтара года звольнілася з працы, каб ездзіць з сынам на матчы. Яму было ўсяго 13 гадоў. Я баялася Юру аднаго адпускаць. Цягнікі былі і сярод ночы, і а 4 гадзіне раніцы.

– А з фанатамі кантактуеце?
– Візуальна я амаль усіх хлопцаў ведаю, а асабіста з імі незнаёмая.

– Ці не ўзнікае спрэчак, што глядзець ўвечары: матч ці серыял?   
– Ой, якія серыялы! На гэта ў мяне амаль часу няма. Я ніколі не перашкаджала глядзець футбол.

– Якія падарункі вы дорыце Юру?
– І падарункі ў нас звязаныя з футболам. То форму трэба было купіць, то мячык, то спартыўны абутак. А яшчэ гетры куплялі, і чым больш.
А ён ў сваю чаргу мне прывозіў молатую каву, калі ўдзельнічаў у матчах за мяжой. 

– А ці былі ў яго пераломныя моманты наконт футбола?
– Кідаць займацца футболам Юра ніколі не хацеў і не збіраўся. Зразумела, што калі прайграваў матчы, то псіхаваў. А сур’ёзных праблем не ўзнікала.

– А як вы яго падтрымлівалі, калі нешта не атрымлівалася?
– Першая маральная падтрымка – гэта тата. Ён з ім гутарыць. Усе нюансы, нават маленькія, вырашаюць разам. 

Вольга ЮРКЕВІЧ, Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ і забяспечана Віялетай СЯНЬКО.