Праз 56 гадоў упершыню пасля выпуску сустрэліся былы вучань Сымон Барыс са сваёй настаўніцай Валянцінай Аляксандраўнай Рогач, цяпер Валынец.

Перабіраюць старыя фотакарткі, расказваюць адзін аднаму пра вядомае аб лёсах настаўнікаў і былых вучняў. Згадваюць важныя падзеі і, здавалася б, дробязі з былога жыцця.

Сёння і настаўніца, і ўсе яе вучні, якія дажылі да гэтага дня, на пенсіі. Хаця некаторыя яшчэ працуюць. Як Сымон Вікенцевіч, журналіст і пісьменнік, гісторык, аўтар і ўкладальнік васьмі кніг па гісторыі, краязнаўстве, літаратуры. Ён цяпер заканчвае рыхтаваць да друку чарговую – у сааўтарстве з Анатолем Рогачам, якога з намі няма ўжо больш за два гады. Раздзелы з будучай кніга “Нарачанка і яе берагі” друкаваліся на старонках “Рэгіянальнай газеты”.

Валянціна Аляксандраўна, якая падлеткам перажыла вайну ў лясной вёсцы Доўгае, якую немцы спалілі за тое, што ўсе вяскоўцы дапамагалі партызанам, звязала свой лёс з педагогікай. Пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута прыехала працаваць у Рускае Сяло, вёсцы на паўдарогі паміж Вілейкай і Смаргонню.

Вучань і настаўніца гавораць пра лёс кожнага са старога фотаздымка. Ніводнае імя не выпала з памяці настаўніцы:

– Ваўчанкоў, Жуковіч, Жукавень Таццяна Пятроўна, цяпер яна жыве ў Гродне. Яна выйшла замуж за брата Яўгеніі Іванаўны Трашчонак. Ён вучыў у Магілёве Лукашэнку… Гэта Садоўскі, гэта Радзевіч Віктар, гэта Лявошка Веня з Мішут, жыў у Порсе, памёр ужо… Гэта Мамчыц Пеця, родам з Ялажыч, працаваў у Маладзечне дырэктарам аўтобуснага парка.

– Гэта Дземідовіч Геня, – дапамагае Сымон Барыс. – А запісалі яго пасля Яўгеніем. Адслужыў у арміі, у Полацку, у адстаўцы.

– Іх пяць братоў, – працягвае Валянціна Аляксандраўна. – Яны касіцкія (з вёскі Касічы – рэд.)

Вучань і настаўніца ўдакладняюць год, калі быў зроблены здымак. 1957 – год выпуску, ці на год раней, 1956? І ўсё ж, 1956:

– Так, 1956, – пагаджаецца Сымон Барыс са сваёй настаўніцай і ўсміхаецца. – Я ў пяцьдзесят сёмым не пайшоў фатаграфавацца, пакрыўдзіўся. Абяцалі сярэбраны медаль, і не далі.

Углядаемся ў дэталі здымка. За левым плячом Сямёна Барыса вісіць бесказырка. Сямён нядаўна вярнуўся з Адэсы, дзе вучыўся ў мараходцы і дабіўся, каб працягваць вучобу ў Рускасельскай школе. Бесказырку павесіў спецыяльна, каб яна патрапіла ў кадр.

Фотаздымак зроблены на пачатку чэрвеня 1956 г. На фотаздымку вучні 9-га класа пасля экзамену са сваімі настаўнікамі. Яны ўжо закончылі 9-ы клас. Засталося вучыцца адзін год. Гэта вучні першага выпуску 1957 г. Рускасельскай СШ.

На здымку: сядзяць (злева направа) настаўнік хіміі і біялогіі Віктар Іванавіч Ваўчанкоў, настаўнік матэматыкі і фізікі Міхаіл Міхайлавіч Чуковіч, настаўніца нямецкай мовы Таццяна Пятроўна Жукавень, настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Іванаўна Трашчанок, дырэктар школы настаўніца гісторыі Рыма Аляксандраўна Немянкова, завуч школы настаўнік геаграфіі і псіхалогіі Іван Нічыпаравіч Харловіч, жонка завуча, у гэтым класе ў яе ўрокаў не было, настаўніца пачатковых класаў Вольга Міхайлаўна Харловіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Аляксандраўна Рогач (цяпер Валынец), настаўнік фізкультуры і спеваў Аляксандр Антонавіч Радзюк, пазней стаў гісторыкам.

Вучні стаяць. У другім радзе (злева направа): Генадзь Дземідовіч (цяпер Яўген) з в. Касічы, Уладзімір Дзевяцень (в. Дразды), Марыя Лемеш (в. Камарышкі), Ядзя Аксіновіч (в. Рускае Сяло), Марыя Чуковіч (в. Родзевічы), Тамара Сурмач (в. Ярмолічы), Яўгенія Раіннік (в. Мішуты),  Лёдзя Шутовіч (в. Родзевічы), Міхаіл Барыс (в. Касічы).

У трэцім радзе (злева направа): Пётр Мамчыц (в. Ялажычы), Веніямін Лявошка (в. Мечаі), Віктар Радзевіч (в. Мацавічы), Вячаслаў Жоўтка (в. Урэчча), Станіслаў Садоўскі (в. Мацавічы),  Сямён Барыс (хутар Струменне), Іосіф Харлап (в. Дразды), Пётр Чараповіч (в. Дразды):

У школу пасля вайны хадзілі тыя, хто хацеў чагосьці дабіцца. Вучоба была платнай. Таму і веды стараліся атрымаць належныя. У 1957 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы Сымон Барыс, атрымаўшы ў абласным упраўленні ўнутраных спраў у Маладзечне накіраванне, паехаў паступаць у Ленінградскае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС СССР. Вусную матэматыку здаваў на беларускай мове.

– Я кожнае правіла на экзаміне па матэматыцы два разы па-беларуску адказваў, – гаворыць з гонарам сваёй настаўніцы роднай мовы былы яе вучань. – Прымалі мужчына ў цывільным і жанчына. Уважліва слухалі. Паставілі “пяць”.

Экзаменатары пацікавіліся, што ж абітурыент не стаў паступаць у БДУ.  І пачуўшы, што вясковы хлопец проста быў не ўпэўнены, ці адпавядаюць яго “калгасныя” веды патрэбнаму ўзроўню, урэшце, адгаварылі станавіцца пажарным. Можа таму мы і маем сёння не выдатнага змагара з вогненнай стыхіяй, а ўдумлівага даследчыка нашай спадчыны і краязнаўца.

Успаміны вучня падштурхнулі і яго настаўніцу, каб загаварыць пра мінулае. Не заўсёды лёгкае. Валя Рогач, дзяўчынка, чыю хату спалілі немцы,  якая дапамагала партызанам дастаўляць медыкаменты і выбухоўку, пасля вайны абрала адну з самых мірных прафесій, прафесію настаўніка.

Пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, дзе сярод іншых выкладчыкаў яна выдзяляе Міколу Ермаловіча, вярнулася на Вілейшчыну. Клас у Рускасельскай школе, фота якога засталося на памяць і настаўнікам, і вучням, быў яе першым выпускным. Пасля будуць іншыя, магчыма, ніколькі не горшыя класы і вучні. Але гэты, мне падалося, для яе самы дарагі. Бо ён – першы.

На стале ў святліцы Валянціны Аляксандраўны ў доме па вуліцы Заслонава ў Вілейцы ляжаць фотакарткі розных гадоў. Зробленыя ў 30-я, 50-я, 60-я, 70-я… Гісторыю адной з іх яна ўспамінала сёння разам са сваім удзячным вучнем.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Дзякуй за дапамогу ў напісанні Сымону Барысу.