Наталля Клімовіч – настаўніца хіміі гімназіі-інтэрната ў райцэнтры. Яна падрыхтавала пераможцу абласной алімпіяды і дыпламанта рэспубліканскіх канферэнцый. Па выніках мінулага года прызнана ў раёне лепшым па прафесіі сярод настаўнікаў.


Normal
0

false
false
false

MicrosoftInternetExplorer4

У інтэрв’ю Наталля расказала, за што ўлюблёна ў хімію. Падзялілася рэцэптам, як стаць добрым настаўнікам. Прызналася, што веданне хіміі часам перашкаджае ў паўсядзённым жыцці. Параіла простыя эксперыменты, якія можна зрабіць дома з дзецьмі. Здзівіла тым, што адмаўляецца ад сродкаў для мыцця посуду.

– Разумею, што захапленне хіміяй пачалося са школы…

– Так. Вучылася ў Мядзельскай сярэдняй школе (тады яна была адзіная  ў райцэнтры). Захапілася хіміяй дзякуючы настаўніцы Тэрэзе Эдуардаўне Лапацінай. Яна штосьці ва мне ўбачыла, кожны ўрок да дошкі выклікала, на алімпіяды вазіла. Таму не было пытання, дзе працягнуць адукацыю – на хімічным факультэте Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паступіла з запасам балам дзякуючы Тэрэзе Эдуардаўне і настаўніку матэматыкі Пятру Дзмітрыевічу Гаралевічу (здавала яшчэ і матэматыку). Без яго навукі цяпер не магла б рашаць алімпіядныя задачы з дзецьмі. Цяпер калі вучні пачынаюць займацца хіміяй, гляджу, якія ў іх адзнакі па матэматыцы, і разумею, якая адзнака ў іх будзе па хіміі. Калі няма матэматычнага мышлення, то рашаць задачы па хіміі не будзем.

– Калі завяршылі навучанне ва ўніверсітэце?

– У 1993 годзе. Ганаруся сваім факультэтам, сваёй навучальнай установай. Атрымала ўніверсітэцкую адукацыю і лічу, што яна сапраўды ўніверсальная.

– Дзе пачалася працоўная  біяграфія?

– У Лацвянскай сярэдняй  школе. Потым атрымала прапанову ўладкавацца ў гімназію. Ды і ведала, што вясковая школа будзе закрывацца. Працую ў гімназіі сёмы год.

– І як тут працуецца?

– Тут такі калектыў творчы – проста нельга добра не працаваць.

– За кошт чаго дасягнулі  поспехаў у выхаванні вучняў?

– Ведаеце, у нас усе настаўнікі таленавітыя, эрудзіраваныя, добрасумленныя, ва ўсіх у свой перыяд бывае ўзлёт. Ён звязаны, напэўна, з якімсьці спалучэннем, калі праца настаўніка і вучня супадуць, яны пойдуць разам. У мяне зараз такі перыяд, калі знайшла вучаніц адначасова таленавітых і працаздольных. У гімназію паступаюць дастаткова моцная вучні, але знайсці спалучэнне інтэлекту з працаздольнасцю цяжкавата. Бо звычайна адароныя дзеці крыху лянуюцца. Мне пашчасціла, што цяпер сустрэла такіх дзяўчынак. З імі дасягнулі добрых вынікаў.

На ўроку

На ўроку

– І хто гэта?

– Дзевяцікласніца Даша Кімстач, якая нядаўна стала абсалютнай пераможцай 3-га (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Добра выступіла на гэтым этапе і яе аднакласніца Надзя Гірвель.

– І раней былі паспяховыя вучні?

– Так. Максім Вяруцін тройчы станавіўся дыпламантам рэспубліканскай канферэнцыі даследчых прац навучэнцаў па хіміі. Многія выпускнікі паступаюць у медыцынскія ўніверсітэты “на бюджэт”, добра там вучацца.

Як захапіць дзяцей хіміяй?

– Неабходна пачынаць з тых  класаў, дзе яна яшчэ не выкладаецца. Для гэтага праводзяцца у гімназіі Дні адчыненых дзвярэй, хімічныя спаборніцтвы, дыстанцыйныя алімпіяды па хіміі для вучняў шостага класа. Там яшчэ хімію не выкладаюць, яны вывучаюць прадмет “Чалавек і свет”, у якім спалучаюцца веды па біялогіі, хіміі, геаграфіі. Пяцікласнік Кірыл Жалезны, выступаючы на дыстанцыйнай алімпіядзе за 6 клас, паказаў 100% вынік. Ёсць яшчэ добрая практыка – профільныя лагеры на канікулах.

–А на ўроках як зацікавіць?

– Раблю ўпор на пачатак урока, стараюся матываваць, паказаць хімію ў жыцці. Даць штосьці паглядзець, паспрабаваць сваімі рукамі. І стаўлю праблемную задачу, якую цэлы урок рашаем. Хочацца паказаць, што хімія не адарвана ад жыцця.

– З зацікаўленымі вучнямі не толькі ж на уроках займаецеся?

– На працягу усяго навучальнага год стараюся працаваць з гімназістамі. Не толькі я, так увесь калектыў працуе. Пачынаем з верасня – ідзе абласная інтэрнэт-алімпіяда, тры месяца рашаем задачы – складаныя, прыгожыя. На факультатывах іх разбіраем. Ёсць і пераможцы абласных інтэрнэт-алімпіяд. Затым пачынаюцца алімпіяды, прадметныя тыдні, абласныя турніры юных хімікаў. Рыхтуемся да турніру прынамсі месяц – збіраемся, застаёмся пасля урокаў. Калі сядзім і разам рыхтуемся, паміж настаўнікам і вучнямі ўзнікае асаблівая атмасфера, сяброўства. Затым на спаборніцтвах адчуваецца камандны дух, калі “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. І потым ужо незразумела, ці вучань у прадмет улюбіўся, ці з настаўнікам пасябраваў, ці ад калектыву аддзяліцца не можа. І ўжо чалавек у хіміі застаецца.

Калі пачаў працаваць з дзецьмі, ты іх захапіў, з’яўляецца маральная адказнасць, разумееш, што  яны ў цябе паверылі, і ты павінен дапамагчы ім дасягнуць мэты. Гэта дастаткова цяжка, бо патрабуе шмат часу. Бывае, “галава кіпіць” ад задач. Школьны ўзровень – адны задачы, цэнтралізаванае тэсціраванне – іншыя, а калі кажам пра алімпіяды – то зусім складаныя.

– Бачу ў вас кнігу па хіміі з цікавымі надпісам “Ад  будучага галоўнага ўрача”…

– У нас ёсць такая практыка: выпускнікі дораць кнігі кабінету хіміі. А на вокладках пішуць сяброўскія пасланні, калі ведаюць, што ўжо сталі студэнтамі. У жніўні збіраемся, абмяркоўваем, як здалі тэсты, ці задаволены вынікамі. Бывае вельмі прыемна, што часта балы па хіміі вышэйшыя, чым па іншых прадметах. Выпускнікі дораць кнігі з надпісамі на вокладках: “Кабінету хіміі ад будучага ўрача… ”, “ будучага эколага…” , “будучага тэхнолага”. Калі на наступны год прыходжу на факультатыў, раздаю кнігі, то гэта ўжо прафарыентацыя ідзе – псіхалагічны момант захаплення сваім прадметам.

– Што для вас хімія?

– Я ў яе ўлюблёна, яна  вельмі цікавая. Такі прыклад. Магчымасці нашай лабаранцкай вельмі абмежаваныя. Даша Кімстач нядаўна была на зборах па падрыхтоўцы да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Кажу “Даша, калі толькі ты пераступіш парог хімфака, то ў хімію ўлюбішся”. Яна ў першы дзень тэлефануе: “Так, Наталля Анатольеўна, вы мелі рацыю. Нам далі 24 каляровыя растворы, і мы іх вызначалі. Мы рабілі доследы на вызначэнне складу манеткі”. Калі ты пачнеш спрабаваць хімію рукамі, то ад яе адмовіцца немагчыма.

– А за што любіце хімію?

– За што? Нават не ведаю. За што любяць дзяцей, мужа? Любіш  – і усё.

Вечар сустрэчы з выпускнікамі

Вечар сустрэчы з выпускнікамі

Люблю хімію за прыгажосць, за непрадказальнасць. Змешваеш рэчывы ў прабірцы – чакаеш аднаго выніку, атрымліваеш крыху іншае. Вось табе і тэма для роздуму, што за працэс пайшоў.

– Калі было самае большае задавальненне ад работы?

– Можа быць, гэта мінулагодні  вечар сустрэчы з выпускнікамі. У 2011 годзе выпусціла ў якасці класнага кіраўніка клас хіміка-біялагічнага накірунку. Дзеці добра здалі цэнтралізаванае тэсціраванне, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі яны поўным класам сабраліся на вечар сустрэчы, адчула сапраўднае задавальненне ад сваёй працы. Мне хацелася думаць, што яны прыйшлі да мяне.

– Ваша рэцэпт: як стаць добрым настаўнікам?

– Любіць дзяцей і працаваць.

– Чаго хочацца дасягнуць у выкладанні хіміі?

– Разумею, што для нашага раёна перамога на абласной алімпіядзе – гэта выдатна. Але ў рэгіёне  ёсць калегі больш вядомыя. Хочацца дасягнуць узроўню Наталлі Пашчук, якая працуе ў маладзечанскай гімназіі №7. Гляджу на яе: яна такая разумная, мэтанакіраваная, яе так любяць дзеці. І мне хочацца дасягнуць такога узроўню. Вось такі маячок наперадзе, за якім хочацца цягнуцца.

– Як адпачываеце ад хіміі?

– У сезон люблю корпацца на градках. Падабаецца збіраць ягады і грыбы – гэта для мяне адпачынак. Заўсёды ўзгадваю тату, таму што ён вялікі грыбнік. Мабыць, ад яго гэта захапленне. А зімой люблю вязаць. Умею на прутках, а хочацца навучыцца шыдэлкам.

– Раскажыце пра сям’ю…

На экскурсіі з сынамі Арцёмам і Артурам

На экскурсіі з сынамі Арцёмам і Артурам

– Мая сям’я – муж  Аляксандр і два сыны: Арцём  і Артур.

– Вашы дзеці ці захапіліся хіміяй?

– У сям’і вырасціла хіміка. Старэйшы сын Арцём вучыцца на другім курсе тэхналагічнага ўніверсітэта на факультэце “Тэхналогія арганічных рэчываў”. Яго мара – перапрацоўваць нафту. Пры паступленні балаў хапала, маглі выбраць любую спецыяльнасць хімічнага профілю. Ішлі каля хімфака БДУ, кажу сыну: “А можа сюды…”. Так хацелася зацягнуць у родныя пенаты. Але ён сказаў “Не. У мяне ёсць мэта”. Малодшы сын Артур – дзевяцікласнік. Ён яшчэ вагаецца, якую прафесію выбраць, але ён больш любіць з машынамі працаваць.

– Як ім побач з настаўнікам?

– Усе члены сям’і павінна  набрацца цярпення, каб існаваць разам  з настаўнікам. Ім увагі ўдзяляцца  вельмі мала. А вось гэтым задачам, якія трэба падрыхтаваць на заняткі з алімпіяднікам, шмат. Таму сям’я адносіцца з цярпеннем і разуменнем.

– Ці дапамагае вам хімія ў паўсядзённым жыцці?

– Сказала б, можа, нават  ускладняе жыццё. Калі хаджу па рынку ці магазіну, разглядаю, чытаю спіс складнікаў, што шкодна, а што  не, што можна есці, а што не. Больш часу выдаткоўваю на пакупкі. Можа, і іншых затрымліваю гэтым.

– А ў экстрэмальных  сітуацыях ці могуць веды выратаваць жыццё? Што б вам спатрэбілася б з падручных рэчаў, напрыклад, калі б вы былі ў замкнёным памяшканні і заканчваўся кісларод.

– Сама бяспечна – выкарыстаць пераксід вадароду, ёсць у кожнай аптэчцы. Закінула б у раствор у якасці каталізатару кавалачак бульбіны. І пры раскладанні пераксіду атрымаўся б кісларод.

Ці маглі б вы параіць чытачам, на што варта звяртаць увагу, калі набываеш прадукты, касметыку ці бытавую хімію.

– З асабістага вопыту. Ніколі не карыстаюся сродкамі для мыцця посуду, бо тыя ўтрымліваюць паверхневаактыўныя рэчывы. А яны, лічу, не вельмі добра уплываюць на арганізм чалавека, асабліва калі блага змыць з талеркі. Таму карыстаюся гарчычным парашком альбо содай. І посуд чысты. Ніхто з членаў маёй сям’і не ходзіць у абутку са штучнай скуры – таму што, лічу, полівінілхларыд «не дыхае» так як натуральная скура. Не купляю малако з доўгім тэрмінам захоўвання. Мне больш падабаецца малако, якое кісне за тры-пяць дзён.

– Якія простыя эксперыменты параілі б праводзіць бацькам разам з дзецьмі?

– Выцісніце сок з ягад чарніц альбо вішні (гэта прыродныя індыкатары) і дабаўце яго да раствору пітной соды і сталовага воцату. Звярніце ўвагу на тое, які колер будзе мець сок у розных асяроддзях. Іншы эксперымент: у насычаны саляны раствор апусціць галінку елачкі. І на ёй з’явяцца крышталікі – як быццам іней.

У нас дома ёсць аміячная салетра (яна выкарыстоўваецца як угнаенне). Можна намачыць сурвэтку, пакласці на сподачак. На яго паставіць стакан з вадой і ў гэты стакан насыпаць аміячную салетру. Пры растварэнні салетры ідзе працэс растварэння з паглынаннем цяпла. Тэмпература апускаецца, у стакане вада становіцца зусім халодная. А сурвэтка прымярзае да стакану. Пакіньце на некалькі дзён курыныя костачкі ў стаканах з пітной вадой і з кока-колай. Затым дазвольце вашаму дзіцяці іх разламаць. У склад кока-колы ўваходзіць фосфарная кіслата, якая і наносіць шкоду касцям. Так што,  зрабіце разам высновы.

– А дома якую ваду п’яце: з пад крана, фільтраваную, бутыляваную?

– Бутыляваную.

– На ваш погляд, як можна прыемна здзівіць любую жанчыну?

– Сюрпрызам.

– Які самы незвычайны падарунак вы атрымоўвалі?

– Зорак з неба мне не дарылі. Але кожнае свята мяне муж здзіўляе сваімі падарункамі. Не, яны самыя звычайныя, толькі прадмовы да іх розныя, такія пяшчотныя і ласкавыя, што нешта самае простае становіцца мілым і дарагім. Напярэдадні 8 Сакавіка ўпэўнена, што таксама атрымаю незвычайнае звычайнае. А найбольш запомніўся такі падарунак. Гады тры таму ў мядзельскім універмагу нагледзела
прыгожыя завушніцы. Вельмі захацела іх купіць, але падаліся дарагімі. Некалькі разоў прыходзіла, прыглядалася да іх, але ўсё адкладалаь пакупку. На 8 Сакавіка муж быў у рэйсе, патэлефанаваў і назваў месца ў доме, дзе схаваны сюрпрыз. А там якраз тыя завушніцы, пра якія марыла! Аказалася, што муж у
пошуках падарунку завітаў ва ўнівермаг. Тут прадавец яму і падказала, што жонцы вельмі гэтыя завушніцы спадабаліся – у Мядзеле ж людзі адзін аднаго ведаюць.

– Якія хімічныя з’явы здзіўляюць і зачароўваюць вас?

– Хутчэй за ўсе не хімічныя, а прыродныя. Таму што самы вялікі хімік – гэта прырода. Здзіўляюць сталагміты ў пячорах, прыродныя самацветы. А паспрабуйце разгледзець сняжынку. Ці ж гэта не дзіва? А захад сонца над маім любімым возерам Мястра – ці ж можна гэтым не зачаравацца?!

– Ці можа хімія дапамагчы стварыць цуд у сваім доме?

– Хімія дапамагае нам, без яе немагчыма жыць: гэта энергія, ежа, адзенне, тэхніка, лекі. А цуды ў нашым жыцці адбываюцца толькі дзякуючы Богу.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота з асабістага архіву Наталлі Клімовіч:

Падчас адпачынку на Азоўскім моры

Падчас адпачынку на Азоўскім моры














Мая родная вуліца

Мая родная вуліца

“Стомлена крочу з працы дадому”

“Стомлена крочу з працы дадому”

/* Style Definitions */
table.MsoNormalTable
{mso-style-name:”Обычная таблица”;
mso-tstyle-rowband-size:0;
mso-tstyle-colband-size:0;
mso-style-noshow:yes;
mso-style-parent:””;
mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt;
mso-para-margin:0cm;
mso-para-margin-bottom:.0001pt;
mso-pagination:widow-orphan;
font-size:10.0pt;
font-family:”Times New Roman”;
mso-ansi-language:#0400;
mso-fareast-language:#0400;
mso-bidi-language:#0400;}