На прасторы Мядзельшчыны і дагэтуль выходзяць людзі з сярпамі ў руках. Убачыць гэткую карціну можна не толькі ўлетку, падчас свята “Зажынкі”, але і зімой. Цяпер з сярпамі на лёд выходзяць нарыхтоўшчыкі трыснягу.
Нарыхтоўваюць яго для патрэб прадпрыемства “ЭкаДомБуд” з вёскі Стахоўцы. Непадалёку, у вёсцы Занарач, дзесяць год працуе цэх па вырабе прадукцыі з трыснягу. З яго робяць цеплаізаляцыйныя пліты для жылых дамоў і іншых пабудоў, дэкаратыўную сетку, арміруючыя тынкавальныя сеткі.
– Якім выдаўся сезон для нарыхтоўкі трыснягу? – спытаў у майстра цэха Таццяны Вышыванюк.
– Цяжкі, таму што снежны. А снег не даў добра замерзнуць лёду ў месцах, дзе расце трыснёг. Таму не атрымалася выпусціць на лёд камбайн.
У прадпрыемства ёсць спецыяльны камбайн замежнай вытворчасці для нарыхтоўкі трыснягу. Паколькі сёлета давялося абыходзіцца без яго, таму нарыхтоўвалі трыснёг уручную. На лёд з сярпамі ў руках выходзілі супрацоўнікі “ЭкаДомБуда”, запрашалі і мясцовых жыхароў.
За адзін сноп ім плацілі 7 тысяч рублёў. На пачатак мінулага тыдня назапасілі тры з палавой тысячы снапоў. Ураджай будзе яшчэ больш важкі – маюцца нарыхтаваныя снапы, трэба іх толькі вывезці з азёр. Нарыхтоўвалі трыснёг на азёрах Мястра, Нарач, Баторына. Рабіць гэта можна ў спецыяльна адведзеных месцах, і зразаць патрэбна толькі аднагадовая парасткі.
Давялося пабачыць, як у цэнтры Мядзела загружалі машыну трыснягу. Каб нарыхтаваць яго, чатыры чалавекі стараліся 4 дні.
– Як працуецца на зімовым жніве? – запытаў у іх.
– Нармальна, на прыродзе ж. Абы толькі надвор’е дазваляла.
А куды ж пойдзе пасля перапрацоўкі мядзельскі трыснёг?
– Прадукцыя цэха выкарыстоўваецца для ўзвядзення дамоў у Лепельскім раёне, – расказвае Таццяна Вышыванюк. – Яшчэ на Германію ёсць заказ, на Маскву і, вядома, для патрэб беларускага рынку працуем.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.