Набыць новае адзенне перад надыходам сапраўднага вясенняга цяпла – жаданне, якое ўзнікае ледзь не ў кожнага чалавека.

Нехта для гэтага накіроўваецца ў крамы ці на рынак, некаторыя набываюць яго за мяжой. А ёсць тыя, для каго месцамі набыцця застаюцца сэканд-хэнды – крамы з паношаным адзеннем. Што сёння могуць прапанаваць сэканд-хэнды і ці варта наведвацца ў іх? 

Для таго, каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, мы прайшліся па некаторых такіх крамах Маладзечна. 

Крамаў з паношаным адзеннем за апошнія некалькі гадоў у горадзе стала меней. Рэдкімі сталі і так званыя “сэканд-хэнды дома”.
Набыць у такіх крамах можна не ўсё, ёсць і свае абмежаванні – напрыклад, нельга прадаваць пасцельную і нацельную бялізну, бутэлечкі для кармлення дзяцей. Для параўнання: у суседняй Літве правілы крыху іншыя – пасцельную бялізну ў сэканд-хэндах там можна набыць без праблем.

– Калі нам у краму патрапілі ніткі-мулінэ для вышыўкі, я не ведала, што з імі рабіць, – распавядае спадарыня Тамара, гаспадыня адной з такіх крамаў. – Пасля аказалася, што на іх ёсць попыт. Прыходзіў нават мужчына, які займаецца вышыўкай, падбіраў ніткі. Якія ў яго былі работы! Ніводнага вузельчыка з двух бакоў! Часам заходзяць такія творчыя людзі, каб набыць неабходныя дробязі – кавалачкі скуры, гузікі ці ніткі. 

Сэканд-хэнд – не адзенне для бедных

Сярод цяперашніх наведнікаў можна сустрэць моладзь і сталых людзей, мужчын і жанчын, людзей з розным узроўнем заробку. 

Апошнія некалькі гадоў мужчыны больш актыўна сталі хадзіць у сэканд-хэнды, адзначаюць у крамах. Часцей сталі хадзіць і жанчыны, якія шукаюць эксклюзіўнае адзенне: напрыклад, вячэрнія сукенкі ці карнавальныя касцюмы для дзяцей. 

Маладая маці Паліна заўважае, што тут зручна набываць адзенне для маленькіх дзетак: растуць яны хутка, таму яно амаль не паношанае. Да таго ж гэта добрая эканомія сямейнага бюджэту.

– Я ўпершыню патрапіла ў краму сэканд-хэнд гадоў 10 таму, – кажа Дар’я Баневіч, праграміст са Смаргоні. – Мяне туды прывяла мама. Цяпер я пастаянны кліент маладзечанскіх і мінскіх сэкандаў. Набывала там і абутак, і коўдру, і шторы, і спальнік. Плюс сэкандаў не толькі ў цэнах, але і ў тым, што ў іх вы ніколі не знойдзеце таго, што вісіць у кожным шапіку на рынку. 

Ёсць сярод пастаянных пакупнікоў і добра забяспечаныя людзі, і модніцы.

– Ёсць пакупнікі, якія прыходзяць і вышукваюць адзенне пэўных фірм, – кажа спадарыня Тамара. – Такія модныя сярод моладзі маркі, як Shark, H&M, Lacoste, Levis трапляюцца ў нас часта. Сярод пакупнікоў сустракаюцца і людзі з тоўстымі кашалькамі. Таму сцвярджэнне аб тым, што сэканд-хэнд – адзенне для бедных – поўная хлусня.

Смаргонка Дар’я Баневіч спрабуе знайсці ў сваёй шафе адзенне, якое яна набывала не ў сэканд-хэндзе. Задача гэта сапраўды няпростая.

Акрамя фірменных рэчаў пакупнікі могуць атрымаць і іншыя нечаканасці, калі зазірнуць у кішэні.

– Сваёй самай вялікай знаходкай я магу назваць купюру ў 20 еўра (каля 220 тысяч беларускіх рублёў – Аўт.), – дзеліцца гаспадыня крамы. – Бывае, што трапляюцца манеткі. Але часцей за ўсё ў кішэнях сустракаюцца папяровыя насовачкі. Таму кішэні перад выстаўленнем адзення на продаж мы звычайна правяраем – такая насовачка можа адбіць жаданне ў пакупніка набываць рэч. 

Стэрэатыпы пра сэканд-хэнды ўсё яшчэ існуюць

Не ўсе беларусы разумеюць, што хаваецца за надпісам “сэканд-хэнд”. 

– Бываюць сітуацыі, калі людзі блытаюць крамы з паношаным адзеннем і гуманітарную дапамогу, – кажа спадарыня Тамара. – Пачынаюць тады скардзіцца на высокія кошты. Але наша адзенне – гэта звычайны тавар, з дапамогай якога мы зарабляем сабе на жыццё. Ён не мае нічога агульнага з гуманітаркай.

Рэгулярна знаходзяцца і ахвотнікі здаць сваё адзенне ў краму. Але, вядома, сэканд-хэнды на гэта не разлічаныя. Прыходзяць і тыя, хто нідзе не працуе і хоча атрымаць бясплатнае адзенне. 

Ад тых, хто грэбуе паношаным адзеннем, часта можна пачуць, што ў крамах сэканд-хэнда часта непрыемна пахне, спецыфічны пах можа мець і адзенне. 

Рэзкі пах – вынік апрацоўкі адзення спецыяльнымі хімікатамі. Часцей за ўсё яго апрацоўваюць фармальдэгідам.

Адзенне ў сэканд-хэнды рэгіёна прывозяць з Англіі, Францыі, Амерыкі, Літвы, Германіі.

Апрацоўка праходзіць у кожнай краіне, пра што сведчыць адмысловы сертыфікат, які выдаецца на кожную партыю. На мяжы яго правяраюць беларускія санітарныя службы і даюць сваё заключэнне. 

У некаторых існуе і стэрэатып аб тым, што лепей схадзіць у звычайную краму і набыць “нармальнае” адзенне, чым ісці ў сэканд-хэнд.

– Ёсць людзі, якія заходзяць у краму і з асцярогай прымяраюць паношаныя рэчы, – заўважае гаспадыня адной з крамаў. – Некаторыя ж адразу ў нас апранаюць набытую рэч, зрываюць цэннік і ідуць на вуліцу. Не аднойчы бачыла выпадкі, калі падлеткі прыводзілі ў сэканд-хэнд сваіх бацькоў і пераконвалі, што тут адзенне не горшае за той жа рынак.

Гаспадыня крамы вельмі любіць адзенне, якім гандлюе. І сама яна апранутая ва ўсё менавіта з сэканд-хэнда: абутак, штаны, кофта ды камізэлька.  

Як эканоміць пры дапамозе сэканд-хэнда

Кошты на адзенне ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад стану рэчаў. Джынсы можна набыць за 100 тысяч рублёў, майкі – ад 15-20 тысяч і вышэй. З адной партыі прыкладна 10-15% – адзенне добрай якасці, каля 10% рэчаў гандляры нават не выстаўляюць на продаж за-за дрэннага стану. А 10-20% ад магчымай выручкі адразу аднімаюць на… крадзяжы. 

– Крадуць нашыя людзі вельмі шмат, – каментуе спадарыня Тамара. – У кожнага тэхналогія свая: хто проста ў сумку кладзе, хто падчас прымеркі нешта на сабе выносіць. Прычым людзі трапляюцца рознага ўзросту. Бываюць і такія, якіх мы лавілі за руку, а яны зноў прыходзяць. І не сорамна ж людзям!

На ўсё, што не прадалося за сезон, крамы паніжаюць цэны. Калі і так не прадаецца, то баваўнянае і шарсцяное адзенне можна здаць у старызну. Сінтэтыка часцей за ўсё проста выкідваецца. Спадарыня Тамара распавядае, што былі спробы аддаваць непатрэбнае адзенне ў дзіцячыя дамы. Але там яго не бяруць – кажуць, што ім трэба новае.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.