Калі ў 1999 годзе клуб “Маладзечна” пакінуў вышэйшую лігу, думалася, што вяртанне туды будзе зусім не хуткім. Аднак ужо праз колькі месяцаў балельшчыкаў узрадавалі прыемныя навіны.

Галоўным трэнерам каманды (і адначасова кіраўніком клуба) зноў стаў вядомы спецыяліст Людас Румбуціс, з якім былі звязаныя нашы поспехі ў 1995 годзе. 

Адбылося гэта дзякуючы таму, што ён прывёў за сабой спонсараў, бізнесменаў з Мінска.

У чэмпіянаце першай лігі 2000 года маладзечанцы занялі першае месца. Па ўмовах правядзення розыгрышу ў тым сезоне толькі адна каманда магла разлічваць на выхад у вышэйшую лігу.

Сур’ёзную канкурэнцыю нашаму “Маладзечну” склалі футбалісты з “Лунінца”. Пасля паражэння ад іх на пачатку другога круга ўспамінаўся крылаты выраз, што прайграная бітва, але не вайна цалкам. Так і атрымалася: фінішным спуртам маладзечанцы адарваліся ад пераследнікаў на дванаццаць ачкоў. У выніку за 30 матчаў каманда мела 23 перамогі, 5 нічыіх, 2 паражэнні, розніцу мячоў 76-16.

Дарэчы, у  тым сезоне поле гарадскога стадыёна рамантавалася.

 Дамашнія матчы маладзечанцы праводзілі на стадыёне ў Чысці.

 Як вядома, ён крыху вузейшы, чым патрабуецца па стандартах. Людас Румбуціс казаў, гэта няблага для нашай каманды. Каб перамагаць, даводзілася хутчэй бегаць і хутчэй думаць.

Наступныя тры сезоны мы зноў правялі ў вышэйшай лізе.

Кожны з іх быў па-свойму запамінальны. Дарэчы, у тыя гады афіцыйная назва каманды была крыху іншая, а менавіта, “Маладзечна-2000”.

У чэмпіянаце 2001 года паказаны добры вынік – дзясятае месца. Вясенні адрэзак каманда прайшла наогул выдатна, знаходзілася ў верхняй частцы турнірнай табліцы. Потым, у летнія месяцы, быў спад ажно да “наццатых” пазіцый. У восеньскіх жа турах узялі верх над аўтсайдарамі ды яшчэ і над некалькімі больш моцнымі праціўнікамі. У выніку за 26 матчаў каманда мела 8 перамог, 5 нічыіх, 13 паражэнняў, розніцу мячоў 23-47.

Адна з тых восеньскіх перамог атрыманая дома над барысаўскім БАТЭ з лікам 2:1.

У стартавым складзе маладзечанцаў выходзілі варатар Андрэй Рубацкі, абаронцы Дзмітры Кабельскі (забіў гол), Віталь Бычкоўскі, Руслан Азаронак, паўабаронцы Ігар Сарасек, Дзяніс Смірноў, Дзмітры Мігас, Віталь Міхалёў (капітан каманды), Сяргей Тартоўскі, нападаючыя Сяргей Сідарэнка (забіў гол), Віталь Макрыцкі. Прапускаў сустрэчу нападаючы Андрэй Турчыновіч, які стаў лепшым снайперам каманды ў чэмпіянаце, забіўшы восем мячоў.

У чэмпіянаце 2002 года занялі трынаццатае месца, перадапошняе. Па ўмовах правядзення розыгрышу ў тым сезоне вышэйшую лігу пакідала толькі адна каманда. Ранейшых грошай у нашага клуба ўжо не было. 

З другога круга галоўным трэнерам стаў былы футбаліст мінскага “Дынама” саюзных часоў Аляксандр Кісцень, пры гэтым значную дапамогу яму аказваў мясцовы маладзечанскі спецыяліст Аляксандр Гармаза. На фінішы чэмпіянату ішла ўпартая барацьба “за выжыванне” супраць віцебскага “Лакаматыва”. Шчасце ўсміхнулася нашай камандзе дзякуючы перамозе ў вочнай сустрэчы з лікам 3:1 ды яшчэ на выездзе. У выніку за 26 матчаў мелі 3 перамогі, 3 нічые, 20 паражэнняў, розніцу мячоў 23-59.

У чэмпіянаце 2003 года маладзечанцы сталі апошнімі, шаснаццатымі. Падчас перадсезоннай падрыхтоўкі настрой быў вельмі аптымістычны. На пасаду галоўнага трэнера запрасілі аўтарытэтнага спецыяліста Вячаслава Акшаева, які прывёў за сабою моцных гульцоў. З’явіўся ў клубе і новы дырэктар. На жаль, гэтага працоўнага запалу хапіла ненадоўга, нават першы круг прыйшлося заканчваць выключна на маральна-валявых якасцях.

Ужо з таго часу ў “Маладзечне” не было моцных прыезджых футбалістаў з высокімі заробкамі.

На другі круг склад быў абноўлены выхаванцамі мясцовай спартыўнай школы. Галоўным трэнерам прызначылі былога нападаючага каманды Руслана Лукіна. Ён прыехаў у Беларусь з Азербайджана, доўгі час жыў у нашым горадзе. 

Каманда спрабавала змагацца, але за некалькі тураў да фінішу стала ясна, што трэба зноў адпраўляцца ў першую лігу. У выніку за 30 матчаў мелі 3 перамогі, 7 нічыіх, 20 паражэнняў, розніцу мячоў 19-52.

У чэмпіянаце першай лігі 2004 года занялі трынаццатае месца. Яно давала магчымасць працягваць тут выступленні і надалей. Аднак у 2005 годзе ў райвыканкаме не знайшлося грошай на заявачны ўзнос, таму каманду перавялі ў другую лігу, дзе выдаткі меншыя. Там мы і выступалі на працягу наступных васьмі сезонаў.

У 2004 годзе галоўным трэнерам працаваў мясцовы спецыяліст, былы нападаючы каманды Віталь Казяк.

Таксама мясцовым быў і ўвесь адміністрацыйна-трэнерскі штаб. Грошы, якія выдзяляліся на поўны сезон, былі выкарыстаныя на працягу першага круга. Часовы плён гэта дало.

Пры дапамозе некалькіх дасведчаных прыезджых гульцоў трымаліся сярод лідараў, і першы круг скончылі ажно на трэцім месцы, атрымаўшы 8 перамог. У другім крузе проста дагульвалі сезон, пацярпелі 13 паражэнняў. У выніку за 30 матчаў мелі 9 перамог, 4 нічые, 17 паражэнняў, розніцу мячоў 27-54.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.