Ці не ўвесь свет 21 сакавіка адзначае Дзень лялечніка. Маладзечанскі тэатр “Батлейка” будзе святкаваць яго ў нядзелю, 24 сакавіка, у 11.45.

У гэты дзень і дзеці, і бацькі самі змогуць пабыць акцёрамі, убачыць, як лялькі пачынаюць рухацца і ажываць. Да таго ж, на свяце будуць і Мальвіна, і Бураціна, і Фея лялек.

Я ж завітала ў тэатр напярэдадні свята ў нядзелю, 17 сакавіка. Патрапіла на спектакль “Прывітанне для Малпачкі”.

Дарэчы, спектаклі ў тэатры паказваюцца толькі па нядзелях у 12.00. Але не думайце, што ўвесь астатні час акцёры адпачываюць. У іх усяго адзін выхадны – субота.

Перад прадстаўленнем – размова

Надзея Пацалуева працуе ў тэатры акцёрам і педагогам-арганізатарам ужо 14-ы год. На пытанне, ці змяніліся дзеці, адказвае не задумваючыся:

– Я гэтага не бачу. У нас усе дзеці добрыя, таленавітыя, я іх вельмі люблю. Бацькі таксама шыкоўныя. Актыўныя, вясёлыя, цікавыя!

Уявіце, што спадарыня Надзея амаль усіх дзяцей ведае па імёнах. І вітаецца, і развітваецца з імі альбо пацалункам, альбо з распасцёртымі абдымкамі. Для дзяцей гэта ўжо традыцыя: яны заходзяць у тэатр, распранаюцца і першае, што робяць, бягуць вітацца да Надзеі Пацалуевай.

Бягуць менавіта да яе, бо перад прадстаўленнем, яшчэ пакуль асноўная зала зачыненая, Надзея выходзіць да гледачоў, нагадвае дзецям і бацькам, на які спектакль яны прыйшлі, расказвае пра тэатр. Просіць выключыць тэлефон, не есці і не піць падчас пастаноўкі.

– Мы не проста аніматары, а педагогі-арганізатары, – тлумачыць Надзея. – Мы імкнёмся яшчэ і нечаму навучыць дзяцей, кажам, каб яны бераглі сваіх бацькоў, бо паміж імі часта ўзнікае непаразуменне: дарослыя ўвесь час занятыя, а дзеці праводзяць час за камп’ютарам. Таму калі я бачу, што бацькі не ідуць на спектакль з дзецьмі, я перакананая, што яны страчваюць магчымасць пабыць гадзінку разам, убачыць эмоцыі сваіх дзяцей. У свеце ж столькі жорсткасці і грубасці.

Пасля прадстаўлення – дыскатэка

У тэатры “Батлейка” не прынята стаяць са складзенымі накрыж  рукамі, бо гэта закрытая поза і яна перашкаджае зносінам. А Надзея пасля прадстаўлення праводзіць розныя гульні, конкурсы ды віктарыны, якія чаргуюцца з танцамі, дзе ўдзельнічаць і кантактаваць адно з адным павінны і бацькі, і дзеці.

Выглядае гэта дзеянне вельмі захапляльна. Бацькі раптоўна ператвараюцца ў пальмы, а дзеці – у малпачак, і ўсе танцуюць, скачуць і смяюцца.

 Аптымальны ўзрост, калі можна пачынаць вадзіць дзіця ў тэатр, – тры гады.

 Надзея гаворыць бацькам, якія прыходзяць разам з дзецьмі ў тэатр:

– Расслабцеся, атрымлівайце асалоду, забудзьце, што вы дарослыя, станьце дзецьмі. Тут усё можна!

Дарэчы, пасля каляднага спектакля “Меч анёла”, які распавядае пра нараджэнне Хрыста, гульні з дыскатэкай не праводзяцца.

Калі ж на календары нейкі святочны дзень, Надзея вучыць дзяцей ствараць розныя прыемныя падарункі сваімі рукамі. На 8 Сакавіка дзеці рабілі кветачкі для маці. А на 23 лютага – лодку, пілотку і самалёт.

Увогуле ў тэатры прынята святкаваць не толькі Дзень жанчын і Дзень абаронцаў Айчыны, але і Новы год, Міжнародны дзень лялечніка, Міжнародны дзень тэатра, Дзень імянінніка.

Апошняе свята ў тэатры адбываецца кожную першую нядзелю кожнага месяца. У гэты дзень віншуюць усіх бацькоў і дзяцей, хто нарадзіўся ў папярэднім месяцы.

– Да нас прыходзяць вельмі таленавітыя дзеці, – расказвае Надзея. – На святы яны выходзяць і чытаюць вершы, спяваюць. Некалі трохгадовая дзяўчынка выйшла і заспявала дарослую песню пра дзень нараджэння. У захапленні былі ўсе!

Прэм’еры ў тэатры адзначаюцца ўвогуле асабліва. Акцёры запрашаюць розныя маладзечанскія творчыя калектывы:  выканаўцаў з музычнай школы, удзельнікаў цыркавой студыі Палаца культуры чыгуначнікаў, тэатральнага гуртка “Казка” цэнтра дзяцей і моладзі “Маладзік”, тэатральнага гуртка “Кнігі і лялькі” бібліятэкі “Верасок”, студыі бальнага танца Дома культуры чыгуначнікаў, студыі сучаснага танца Палаца культуры і іншых.

– Мы намагаемся ўсім калектывам рабіць тое, што мы робім, шчыра, – працягвае Надзея. – Гледачы гэта адчуваюць, дзіця нельга падмануць.

“Батлейка” прытрымліваецца беларускай драматургіі

Усе апошнія прэм’ерныя спектаклі тэатра “Батлейка” былі на беларускую тэматыку: “Певень, цмок, кот і іншыя” і “Цудоўная дудка”.

– Многія гавораць, што гэта спектаклі, якія цікавыя толькі дзецям, – разважае Надзея. – Я ж, калі іх паглядзела, сказала, што яны пойдуць на ўра і для дарослых. Бо тонкую нітку беларускай драматургіі, што праходзіць у гэтых пастаноўках, можа зразумець толькі дарослы. Мне не паверылі. Тады я сама арганізавала дарослую публіку на “Цудоўную дудку”. Усе былі вельмі задаволеныя, прасілі, каб рабілі такія спектаклі яшчэ, казалі: “Дзякуй, мы даведаліся, што ў нас ёсць тэатр лялек для дарослых”.

Увогуле, калі я запыталася ў Надзеі пра стэрэатып “Батлейка – для дзяцей”, атрымала ў адказ:

 – Няпраўда. У нас ёсць пастаноўкі і для дарослых: “Дзівосныя авантуры”, “Яна і я”, “Голы кароль”, “Казкі з куфэрка” і канцэртная праграма “Кабарэтка”. Тады мы загадзя папярэджваем бацькоў, робім вячэрнія спектаклі, запрашаем старшакласнікаў і нават ваенных. Апошнія, калі прыходзілі да нас, неслі акцёрам кветкі.

Мова ў тэатры гучыць і беларуская, і руская. Героі тут часам сыходзяць са старонак традыцыйных беларускіх казак, а часам – ужо з экранаў тэлевізара.

У тэматычнай пастаноўцы “Уцёкі з заапарка” пра правілы дарожнага руху ўдзельнічаюць героі з “Мадагаскара”. Ёсць і ўсімі любімы спектакль “Маша і мядзведзь”.

– Ёсць гледачы, якія ідуць на назву спектакля. Напрыклад, на “Новага калабка” ці “Трох парасят”. Ёсць і пастаянныя, якія прыходзяць у тэатр шмат гадоў запар.

Настасся РОЎДА.

Фота Уладзіміра АСТАХНОВІЧА.

Даведка “РГ”. Батлейка – народны лялечны тэатр. У Маладзечне мінскі абласны тэатр “Батлейка” існуе з 1990 года. Спектаклі “Батлейкі” за гэты час паўдзельнічалі ў Міжнародных фестывалях, якія праходзілі ў Германіі, Сербіі, Італіі, Малдове, Украіне, Расіі, Польшчы.

Чытайце таксама:

21.03.2013.Нашу зямлячку, якая вынайшла станік, ушануюць у Валожыне

19.03.2013.Ідзём па абноўкі ў сэканд-хэнд?

8.03.2013.Жаночае шчасце Алены Субат: у яе з мужам нарадзіліся дзве двойні