Навучэнка школы маладога журналіста вырашыла правесці эксперымент і даведацца, ці саступаюць мужчыны ў грамадскім транспарце месца цяжарным, пажылым і жанчынам з дзецьмі.

Непад’ёмныя сумкі

Узяўшы з дому тры вялікія пакеты і паклаўшы ў іх розныя рэчы, я адправілася на прыпынак.

Два аўтобусы прыйшлося прапусціць, бо у іх было занадта мала людзей і было некалькі вольных месцаў. Трэці аўтобус быў перапоўнены. Я зайшла ў яго. З велізарнымі торбамі і сумнымі вачыма я стала каля мужчыны. Мужчына як сядзеў, так і сядзеў, хаця погляд на сумкі кінуў. Так я праехала некалькі прыпынкаў, і трымаць пакеты мне на самой справе стала цяжка.  

Я папрасіла мужчыну саступіць мне месца. Нешта невыразна прашаптаўшы сабе пад нос, ён усё ж такі ўстаў.

Цяжарная жанчына

Зрабіўшы з бандажа штучны жывот, я зноў адправілася па маршруце. Вольных месцаў у ім не было. Я зноў заняла стаячае месца.

Адной рукой узяўшыся за поручань, а другую паклаўшы на жывот, я стала чакаць. 

Малады хлопец, які сядзеў блізка ад мяне, не звярнуў аніякай увагі на цяжарную жанчыну і працягваў ехаць з абыякавым выглядам.

Так працягвалася некалькі прыпынкаў, пакуль жанчына, якая стаяла побач, не заявіла хлопцу: “Ды як табе не сорамна, бачыш жанчына малое чакае, стаяць ёй цяжка, а ты конь такі сядзіш”. Хлопец паглядзеў на мяне, папрасіў прабачэння і ўсё-ткі саступіў месца. Астатнюю дарогу жанчына распытвала мяне пра дзіця.

З дзіцем

На наступны дзень я ўзяла з сабой двухгадовага пляменніка. Мы дачакаліся перапоўненага аўтобуса і ўвайшлі ў яго. З малым на руках я стала побач з маладым мужчынам, які сядзеў.

Як толькі мы падышлі, яму рэзка захацелася пабалбатаць па тэлефоне. Набраўшы нумар, ён прыклаў тэлефон да вуха, павярнуўся да акна і размаўляў, не звяртаючы на мяне аніякай увагі. Тым часам малы пачаў капрызіць, і мужчына з жанчынай, якія сядзелі непадалёк, саступілі нам месца.

Пажылая жанчына

У наступны раз на “справу” я вырашыла ўзяць сваю бабулю, якая ходзіць з кійком.

Як толькі аўтобус пад’ехаў, мужчына дапамог бабулі падняцца па прыступках.

У самым аўтобусе таксама чакаць доўга не давялося, малады хлопец адразу саступіў пажылой жанчыне месца.

Але не заўсёды так атрымліваецца. “Гэта як пашанцуе”, – сказала мая бабуля.

Адказ псіхолага рэабілітацыйнага цэнтра Таццяны Гарбачэўскай на пытанне: “Чаму мужчыны так рэдка саступаюць месца ў транспарце?”

Калі мужчына не саступае  месца, для гэтага ёсць некалькі прычын:

1. Мужчыны не адбыліся як асобы, несамадастатковыя
2. Па звычцы. Мужчына прывык, што яго песцяць (спачатку мамы, а потым жонкі)
3. Узлаванасць на жанчын, напрыклад, з-за матчынай халоднасці
4. Няма культуры выхавання

Аліна ЛАПЦЁНАК.

Фота sevnews.info, nnm.ru.