Асабліва пільнымі трэба быць маладзечанскім дачнікам.

Вясенняя паводка 2013 года, паводле прагнозаў, чакаецца вышэй за сярэднюю, асабліва калі будуць ападкі, а вясна прыйдзе дружная.

Раней пік паводкі прыходзіўся на красавік, цяпер вада сходзіць у сакавіку. Сіноптыкі абяцаюць, што раставанне снегу пачнецца 25-28 сакавіка.

Цяпер запас вады ў снезе ў вадазборным басейне вадасховішча 92 міліметры – 200% ад нормы. 90% гэтай вады трапіць у вадаём, гэта 340 мільёнаў кубаметраў. Толькі 110 з іх акумулюе вадасховішча, а 230 трэба раўнамерна скінуць уніз па Віліі за час паводкі – 40 дзён.

Але гэта пры ўмове, што ападкаў не будзе.

Паводка 2010 года.

Цяпер глеба не вельмі прамерзла – на 5-10 сантыметраў, але моцна ўвільготненая. Таму няшмат талай вады прасочыцца ў глебу – гэта таксама ўплывае на вышыню вясенняй паводкі.

На Мінск вада паступае па канале з хуткасцю 20 кубаметраў за секунду – адпампоўванне па гэтым шляху сітуацыі не вырашыць.

Мы ўжо прывыклі, што на Віліі, ніжэй Вілейкі, няма вялікіх вясенніх разліваў. Гэта таму, што ў 1973 годзе раку зарэгулявалі пабудаваным вадасховішчам.

Калі і робяць павышаныя скіды вады, а гэта каля 130 кубаметраў за секунду, то што гэта ў параўнанні з тым, якія паводкі назіралі раней.

Можа прымусіць да катастрафічных скідаў у Вілію

Але нават пры такой колькасці вады вадасховішча пачынае падтопліваць пасёлак з лецішчамі Маладзечанскага раёна. Але сёлета можа быць вялікая паводка ці дажджавая паводка, якія прывядуць да катастрафічных аб’ёмаў скідаў вады ў Вілію.

1956 год самы шматводны за ўвесь час пасляваенных назіранняў. Запас вады ў снезе на пачатак раставання снегу быў 95 міліметраў, а гэта 200% ад нормы. Вясна была позняя і дружная. За ўвесь час вясенняй паводкі выпала яшчэ 75 міліметраў ападкаў.

Чаша вадасховішча можа прыняць толькі 110 мільёнаў кубаметраў. Астатнія 520 мільёнаў кубаметраў, прыкладна два аб’ёмы вадасховішча, трэба было б за месяц скінуць уніз па Віліі.

Вячаслаў Лапко замярае колькасць вады ў снезе.

У 1931 годзе была надзвычайная паводка. Пры максімальным расходзе вады ля Вілейкі за секунду праходзіла на тысячу кубаметраў вады больш, чым цяпер. Максімальны пад’ём вады дасягнуў 22 красавіка – чатыры метры. Усе гідралагічныя матэрыялы захоўваюцца ў архіве.

Паводка 1931 года ўзнікла з-за некалькіх прычын: прамярзанне глебы, вялікі запас вады ў снезе ў вадазборным басейне, не было адліг, снег пачаў раставаць позна і дружна, і пры гэтым выпадала шмат ападкаў.

Паводка ў ліпені 1865 года зносіла дрэвы

Як распавёў доўгажыхар, з якім размаўлялі ў 1931 годзе, у ліпені 1865 года на Віліі была катастрафічная паводка з-за ліўня. Тады затапіла ўсю даліну з вёскамі. Хваля паводкі прайшла хутка, за некалькі гадзін – і несла шмат змытых з каранямі дрэваў і будынкаў. Былі ахвяры.

Хваля прыйшла праз некалькі гадзін пасля ліўня, а той прыйшоў з вялікай навальніцай. Пік паводкі не ўстанавілі, але ён быў вышэйшы за пік паводкі 1931 года прыкладна на адзін метр. Гэта значыць, найбольш вада паднялася на пяць метраў.

Калі вясеннюю паводку можна прагназаваць і разлічыць, то дажджавую немагчыма – колькасць ападкаў спрагназаваць немагчыма.

ГЭС абмяжоўвае скід вады

У 70-я гады ў Вілейскім вадасховішчы перад паводкай скідвалі ваду на 3-3,5 метра. Пасля таго, як у 1998 і 2002 гадах увялі два энергаблокі гідраэлектрастанцыі, ваду скідваюць не ніжэй за паўтара метра ад нармальнага ўзроўню. Таму ўзнікаюць праблемы з бяспечнай акумуляцыяй і скідам вады ў час бурлівага вясенняга напаўнення.

Апошнія 10 гадоў на пасяджэннях раённай камісіі па паводцы толькі і ідзе размова аб адкрыцці гідралагічных пастоў на асноўных прыточных рэках – Сэрвач, Ілія.

Паводка ў 2010 годзе.

На рацэ Вілія ў Сцешыцах дзейнічае гідралагічны пост ад 1951 года. Сёлета гідралагічная станцыя адкрые пост на рацэ Сэрвач у пасёлку Крывічы. Тады інфармацыя пра паступленне вады ў вадасховішча будзе больш дакладная.

Няўважлівасць да ракі

У артыкуле “Водны баланс Вілейскага вадасховішча”, надрукаваным ў 1980 годзе ў “Весніку БДУ”, я прапанаваў методыку воднагаспадарчых разлікаў па рэгуляванні ўзроўню вадасховішча і бяспечных скідаў. Пакуль, наколькі вядома, ніхто зацікаўленасці да гэтай праблемы не праявіў, нягледзячы на неаднаразовыя звароты да кіраўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Што тычыцца падтапленняў дачных пасёлкаў у Маладзечанскім раёне ў пойме Віліі, то іх будавалі ў 80-я, у час бурнай перабудовы. Ніякага ўзгаднення з Мінводаканалам, гідраметэацэнтрам, прыродаахоўнай арганізацыяй. У той жа час пабудавалі вадасховішча ў раёне Ніжняга парку. Вышэй упадае рачулка Пляснянка з, мякка кажучы, не зусім чыстай вадой. На месцы вадаёма ўтварылася амаль сцёкавая яма.

Адбылося моцнае абмяленне Віліі ў межах горада, і прапускная магчымасць рэчышча моцна паменшылася. Пасля разбурэння плаціны рака ўвайшла ў сваё рэчышча, утварыўшы асяродкі і часткова забалоціўшы берагі.

Прырода падкідае нам сюрпрызы – катастрафічныя паводкі. Паводле тэорыі верагоднасці, яны здараюцца раз на 100-150 гадоў. Рэкі нашага рэгіёна ў час паводкі адносна спакойныя. Але трэба быць падрыхтаванымі да розных выпадкаў.

Вячаслаў ЛАПКО, начальнік вілейскай гідраметэастанцыі.