Найбольшая небяспека – ад лекавай устойлівасці.

За 2012 год на Маладзечаншчыне выявілі 56 выпадкаў захворванняў на туберкулёз.

Апошнія тры гады на Маладзечаншчыне стабільная сітуацыя з туберкулёзам – прыкладна 40 захварэўшых на 100 тысяч насельніцтва.

Палову выпадкаў выяўляюць дзякуючы флюараграфіі.

Штогод у Беларусі на туберкулёз захворвае каля пяці тысяч чалавек.

Найчасцей хварэюць мужчыны ва ўзросце ад 35 да 56 гадоў.

За мінулы год хваробу знайшлі ў школьніцы – па туберкулёзнай пробе. Яе пралячылі, дзяўчынка цяпер ходзіць у школу.

З тых людзей, хто абавязкова праходзіў флюараграфію, выявілі дзевяць выпадкаў захворвання. Сярод іх – бухгалтар навучальнай установы, жывёлавод, медыцынскія работнікі, гандляры, вартаўнік, студэнтка БДУ.

Больш за палову хворых, якіх выявілі летась, аказаліся бацылавыдзяляльнымі – 35 чалавек. Гэта значыць, што яны маглі б заразіць іншых паветрана-кропельным шляхам.

24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Калі ў хворага бацылярная форма, яго ізалююць на час лячэння. Хвароба пераходзіць у закрытую форму, і ён можа жыць звычайным жыццём, але не спыняць лячэння. Калі ўсе парады доктара выконваюцца, то пацыент папраўляецца.

Аднак ёсць такія пацыенты, якія не выконваюць прызначэнні доктара. І тады недалечаны туберкулёз стварае ўстойлівасць да лекаў.

Курэнне ў некалькі разоў павялічвае верагоднасць захварэць на туберкулёз.

Атрымліваецца, што стагоддзямі людзі паміралі ад мікабактэрыі – узбуджальніка хваробы. У 1943 годзе вучоныя вынайшлі стрэптаміцын. Гэта першы прэпарат, які ўздзейнічаў на мікабактэрыю. Спачатку ён быў вельмі эфектыўны, прыкладна першыя 10 гадоў.

Цяпер выкарыстоўваюць іншыя лекі. Калі пацыент парушае прапісанае лячэнне, то ў яго выпрацоўваецца ўстойлівасць да лекаў ад туберкулёзу.

Распрацаваныя лекі і для такой формы туберкулёзу. Аднак існуюць выпадкі, калі мікабактэрыяй, устойлівай да лекаў, заражаюць чалавека, які яшчэ не лячыўся ад туберкулёзу.

Ёсць і ахвяры туберкулёзу – чатыры чалавекі. Усе яна мелі хранічную форму ці ўстойлівасць да лекаў.

Колькасць людзей з лекавай устойлівасцю расце з кожным годам. Летась такіх выпадкаў выявілі 16, а ўсяго іх 36.

Каб не захварэць на туберкулёз, трэба:

– падтрымліваць свой імунітэт
У гэтым дапаможа паўнавартасны сон (не менш за 8 гадзін у суткі), неабходны аб’ём вады (не менш за адзін літр у суткі), рэгулярнае ўжыванне вітамінаў.

– сачыць за харчаваннем
Абмяжуйце тлустую і смажаную ежу ў сваім рацыёне і не захапляйцеся салодкім. Трэба памятаць, што неабходны складнік харчавання – садавіна і агародніна.

– займацца фізічнай культурай
Нават штодзённая зарадка на працягу 15-20 хвілін дапаможа не толькі пазбегнуць праблем са здароўем, але і зарадзіцца энергіяй на цэлы дзень.

– сачыць за чысцінёй
У памяшканнях, дзе вы праводзіце шмат часу, трэба рэгулярна выціраць пыл і праветрываць. Гэта тычыцца і кватэры, і дома, і офіса.

– рабіць флюараграфію
Гэта дапаможа заўважыць магчымыя захворванні.

Тамара НАВІЦКАЯ, загадчыца дыспансернага аддзялення Маладзечанскага супрацьтуберкулёзнага дыспансера.

Фота dezinfo.net.