“РГ” вырашыла даведацца, колькі неплацельшчыкаў у некаторых раёнах нашага рэгіёна.

Калі чалавек больш за паўгода не плаціць па рахунках за жыллёва-камунальныя паслугі, па рашэнні суда яго могуць выселіць ў іншае жыллё. Яно можа саступаць па памеры, умовах ды ўвогуле знаходзіцца ў іншым населеным пункце.

Гэта прадугледжана новым Жыллёвым кодэксам, які ўступіў у сілу сёлета 2 сакавіка.

АСТРАВЕЦ

– Да высялення справа пакуль не даходзіць, – кажа юрысконсульт Астравецкага райвыканкама Уладзімір Макарэвіч. – Каб выселіць, трэба знайсці жыллё, бо абы куды чалавека не адправіш. Безумоўна, новы Жыллёвы кодэкс спрасціў працэдуру высялення, але сам механізм пакуль яшчэ не распрацаваны, бо прайшло вельмі мала часу з уступлення кодэкса ў сілу. Цяпер у нас ёсць дзевяць даўжнікоў-наймальнікаў, у якіх запазычанасці па камунальных плацяжах больш за шэсць месяцаў. Яшчэ каля 20-і чалавек маюць запазычанасці да шасці месяцаў. Агульная сума іх доўгу – 17 мільёнаў рублёў.

ВАЛОЖЫН

– У нас ёсць тыя, каго трэба перадаваць на высяленне, – кажа вядучы бухгалтар разлікова-касавага цэнтра Валожынскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Антаніна Жук.

У Валожыне і Валожынскім раёне сёлета на пачатак сакавіка зарэгістраваны 801 даўжнік. Агульная сума іх доўгу налічвае больш за 67 мільёнаў.

Запазычанасці, большыя за тры гады, маюць пяць чалавек. Яны разам павінны вярнуць амаль 7,5 мільёна.

Запазычанасці ад аднаго да трох гадоў ёсць у 11-і чалавек. Яны вінаватыя 12,5 мільёна.

Яшчэ восем чалавек маюць запазычанасці ад шасці месяцаў да года на агульную суму 4,5 мільёна рублёў.

Астатнія 777 чалавек маюць доўг за жыллёва-камунальныя паслугі да шасці месяцаў. Ім трэба выплаціць амаль 43 мільёны.

МЯДЗЕЛ

У Мядзельскім раёне ў 22 грамадзян запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг перавышае шэсць месяцаў. Пакуль высялення ці перасялення ў іншае жыллё неплацельшчыкаў не рыхтуецца. Разам з тым, абследуюцца кватэры гэтых грамадзян для выяўлення парушэнняў ва ўтрыманні жылога памяшкання.

Настасся РОЎДА, Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота cs309416.userapi.com.