Людзям, якія прытрымліваюцца посту, трэба імкнуцца, каб ачышчэнне духоўнае суправаджалася ачышчэннем фізічным. З гэтай прычыны мы і вырашылі распытаць у доктара, як правільна харчавацца ў пост.

Адказвае Ірына Лях, доктар-нутрыцыёлаг.

– Скажыце, а пост не шкодзіць здароўю?

– Што вы! Наадварот. Трэба перыядычна рабіць ачышчэнне арганізма і ў пост, і не толькі.

– Падчас посту трэба адмовіцца ад мяса. Чым яго замяніць?

– Мяса – гэта бялкі. Таму замяняйце бялок жывёльнага паходжання на бялок раслінны. Ешце бабовыя (гарох, фасолю, арэхі, соевыя прадукты).

– А як жа быць з малочнымі прадуктамі, з яйкамі?

– Многія думаюць, што, акрамя гародніны і кашаў, калі прытрымліваешся посту, няма чаго есці. Гэта не так. Насамрэч, ёсць шмат прадуктаў, пра якія мы забываем. Тыя ж арэхі, грыбы. Але я раю налягаць на капусту. Вараная, свежая. Кіслая. Не толькі смачна, але і карысна. Піце многа вады. Вада – гэта жыццё.

– А што рабіць, калі адчуеш сябе нашмат горш, адмовіўшыся ад звыклага рэжыму харчавання?

– Вам самім трэба вызначыцца, дзеля чаго вы посціце. І ці будзе карысць ад такога ачышчэння, калі вас перастануць трымаць ногі? Усё трэба рабіць з розумам.

Наталля ТУР.