Я аддала гэтаму музычнаму інструменту сем гадоў свайго жыцця. Марыла пра кансерваторыю, сольную цымбальную будучыню, але ў пэўны момант усе мае задумы пайшлі прахам…

Цяпер вельмі рада, што так здарылася. Больш за тое, рада і мая былая настаўніца, якая ездзіла разам са мной на ўсе магчымыя цымбальныя конкурсы, у тым ліку і “Сярэбраны звон цымбалаў”.

У каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага 22-24 сакавіка адбыўся заключны тур VII адкрытага форуму цымбалістаў «Сярэбраны звон цымбалаў».

Справа ў тым, што паступова гэты музычны інструмент страчвае попыт. Знайсці працу настаўніцы музыкі, тым больш настаўніцы цымбалаў, даволі складана. Яшчэ складаней знайсці таленавітую моладзь, якую прыемна было б вучыць. А толькі так можна атрымліваць асалоду ад працы.

І вось ужо некалькі гадоў я не чула цымбалы. Аднак, патрапіўшы на агучванне сёлетніх вынікаў форуму цымбалістаў, была прыемна здзіўленая ўзроўнем цяперашніх выступоўцаў.

Па традыцыі, у апошні дзень форуму іграюць пераможцы. Іх не адзін і не два. Сёлета сярод сольных выканаўцаў вылучылі 16 пераможцаў, а сярод ансамблевых – дзесяць.

Мяне ўразіла, што, насамрэч, народная творчасць не стаіць на месцы. Час ідзе, і яна змяняе сваё аблічча.

Калі раней было няшмат тых, хто ледзь не танцаваў за інструментам, каб перадаць настрой музычнага твора, то цяпер такія ўсе. Да таго ж, я ўпершыню пабачыла, што на цымбалах можна іграць не толькі ў народным убранні ці ў чорна-белым касцюме ці блузе. На цымбалах можна іграць у вячэрняй сукенцы!

Можна не абмяжоўвацца музыкай, а ствараць ледзь не тэатральную пастаноўку са звычайным капялюшыкам.

Дарэчы, народны артыст Беларусі, старшыня асацыяцыі беларускіх цымбалістаў Яўген Гладкоў у сваёй прамове да ўдзельнікаў звярнуў увагу, што падзел на месцы – адносны.

– Увогуле, проста вельмі шмат цікавага. Калі б гэта была не музыка, а спорт, то розніца паміж першым месцам і другім, другім і трэцім, трэцім і проста дыпломам была б у дзясятыя долі секунды.

Мяне радуе, што сёння я бачу цікавасць да інструмента. Нават калі гэта цікавасць – проста жаданне атрымаць дыплом.

Галоўнае, каб было дзе паказаць сваю творчасць.

Галоўнае, што ёсць тыя, хто можа яе ацаніць.

Настасся РОЎДА.

Фота trans-m-radio.com.

Відэа глядзіце тут:

26.03.2013.«Сярэбраны звон цымбалаў» – 2013 у Маладзечне. Іграюць пераможцы (ВІДЭА)