У паўсядзённым жыцці мы пастаянна сутыкаемся з праблемай: шафа забітая, а насіць няма чаго.

Выйсці з такой сітуацыі дапаможа маладзечанка, дызайнер адзення Людміла Хрол. Яна ж раскажа і  пра шляхі раскрыцця індывідуальнасці.

– Сёння кожная жанчына і дзяўчына могуць насіць тое, што падыходзіць менавіта ёй, што адпавядае менавіта яе густу, – гаворыць Людміла. – Мода цяпер не дыктатар, хутчэй дарадца. А любой жанчыне дастаткова толькі ўзброіцца ўласным вынаходствам.

У нашай шафе вісіць нямала ўсяго, але кожны прадмет існуе як бы сам па сабе. І бывае, што вельмі складана спалучыць у сваім касцюме больш за дзве рэчы. Таму і напаўняюцца шафы, а гардэроб эксплуатуецца з найменшай эфектыўнасцю.

– Выйсце ёсць, – працягвае Людміла Хрол, – на прыкладзе аднаго са сваіх ансамбляў я пакажу, як можна, спалучаючы адзенне ў розных варыянтах, ператвараць сябе і свой касцюм у розныя вобразы і стылі.

Перш за ўсё, каб стварыць ансамбль у сваім гардэробе, трэба прадумаць для сябе колеравую гаму, якая блізкая вам і якая б не надакучвала. Псіхолагі, напрыклад, лічаць, што мы аддаём перавагу таму колеру, які адпавядае пары года, у якой нарадзіліся. Што яшчэ важна, і гэта класічны варыянт, – не спалучаць у сваім гардэробе больш за тры колеры.

Наступны этап – выберыце аснову для ансамбля. Цяпер вясна, і я для прыкладу ўзяла дэмісезоннае паліто з сакрэтам. Гэта такое паліто на два бакі, у ім выкарыстаныя два віды тканіны: клятчатая і аднатонная плашчовая. Кожная з іх выконвае сваю функцыю.

Шарсцяная дасць цяпло, а плашчоўка засцеражэ вас ад ветру і дажджу. Выкарыстоўвайце паліто то на адзін бок, то на другі, дапаўняйце яго рознымі аксесуарамі – шапачкамі, поясам, шалікамі, і вы атрымаеце зусім розныя варыянты дэмісезоннага верхняга адзення.

Цяпер пагаворым пра ніз – штаны ці спаднічку для гэтага ансамбля. Розная іх даўжыня таксама будуць мяняць ваш вобраз.

Калі дапоўніць паўпаліто ў клетку шырокімі вельветавымі штанамі і камбінаванай кепкай, то атрымаецца вобраз маладой францужанкі 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

А калі вы надзенеце такое паліто на плашчовы бок, дапоўніце камбінаванай шапачкай-вушанкай, укарочанымі штанамі і клятчатым шалікам, то атрымаецца цёплы і ўтульны ансамбль для міжсезоння, у непагадзь ён проста незаменны.

Мы сёння так прызвычаіліся насіць штаны, што нават забываем пра жаночую сутнасць.

Да гэтага ансамбля падыдзе і спаднічка ці сарафан з плашчовай тканіны. Калі надзець разам з плашчовым варыянтам паліто, то адбудзецца ператварэнне паўпаліто ў паліто доўгага сілуэта, і з’явіцца зусім новы вобраз жанчыны, больш мяккі і лірычны.

Акрамя таго, добра было б дапоўніць гэты ансамбль маленькай камізэлькай з каўняром апаш і камбінаваным жакетам, якія можна насіць у розным спалучэннях са штанамі і сарафанам.

А калі да ўсяго гэтага вы набудзеце парачку світараў і гольфаў адпаведнай гамы, то ваш вясенне-асенні гардэроб гатовы.
Фантазіруйце, паспрабуйце паглядзець на сябе збоку, і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца.

Калі парады Людмілы Хрол вас зацікавілі, то бярыцеся за работу. А яшчэ праз газету ёй можна задаць пытанні адносна моды і адзення.

Марыя БЕРАСНЕВА.

Фота забяспечана Людмілай ХРОЛ.