Каб ключы, упрыгожванні, парасоны і нават лекі не губляліся, крамы прапануюць нам цэлы шэраг рэчаў, якія заўсёды дапамогуць нам мець усё неабходнае пад рукой. Паспрабуем адказаць на пытанне, што для чаго і колькі гэта будзе каштаваць?

Домік для ключоў

Часцей за ўсё ва ўласных кватэрах мы шукаем ключы. Вядома, каб вырашыць гэту праблему, можна ўбіць цвік у сцяну і прымусіць сваіх родных чапляць на яго ключы. Але пагадзіцеся: больш прыемна карыстацца цудоўнай рэччу, якая называецца ключніца. Прыгожая скрыначка, унутры якой прымацаваныя кручочкі для ключоў, стане сапраўдным упрыгожваннем вашай вітальні.

Каштуе ключніца ад 100 да 300 тысяч рублёў.

Падстаўкі для парасонаў

Прыйшла вясна, а значыць хутка пачнецца сезон дажджоў і навальніц. А разам з гэтым паўстане пытанне, дзе захоўваць парасоны, каб яны заўсёды былі пад рукой? І, стоячы на прыпынку, прыкрываючы галаву цэлафанавым пакетам, не думаць пра тое, што зноў забыліся зняць парасон з антрэсоляў.

Рашэнне простае – набудзьце  сабе падстаўку для парасонаў. Чыгунную ці з бамбуку, пластыкавую ці драўляную – варыянтаў шмат. Выбірайце на свой густ. Такая падстаўка займае мала месца, але іскрынку ў ваш інтэр’ер дабавіць.

Кошт такіх падставак ад 300 тысяч рублёў.

Каб не заблыталіся пацеркі

Нашы  паважаныя чытачкі, напэўна, сутыкаліся з такой праблемай. Раніцай, спяшаючыся на працу альбо на вучобу, ніяк не атрымоўваецца разблытаць нітку пацерак, якія перапляліся ў маленькай скрыначцы ў адзін клубок. Альбо перабіраеш завушніцы, а патрэбная пара ўсё не знаходзіцца і не знаходзіцца.

Што рабіць? Выбар за вамі: ці развесіць ваша багацце па ўсіх цвіках і ручках  у пакоі, ці купіць цудоўную рэч – падстаўку для ўпрыгожванняў.  Жаночыя сілуэты, коцікі, туфлікі, зайчыкі, дрэўцы,  далонькі, нават бегемоты – асартымент падставак у крамах здзівіць нават самую пераборлівую прыгажуню. 

Прыгажосць вам абыдзецца ў 50 – 400 тысяч рублёў.

Падумаем пра здароўе

Наступная рэч, пра якую пойдзе гаворка, спатрэбіцца хутчэй за ўсё ў дарозе, чым дома. Гаворка пра таблетніцу. Што? Вы не чулі пра такую карысную рэч? А дарма!  Калі доктар вам прапісаў лекі, якія трэба прыняць цягам дня, без таблетніцы  не абысціся. У ёй нават дазатар ёсць для таго, каб адламаць палову таблеткі. Набыць таблетніцу  можна ў любой аптэцы.

Кошт яе прыкладна  20-30 тысяч рублёў.

Але калі вы прыхільнік эксклюзіўных рэчаў, то сувенірныя крамы прапануюць сапраўдныя шэдэўры. Кошт  ад 70 тысяч рублёў.

Вось такі невялічкі спіс ў нас атрымаўся. Але калі вам шкада грошай, можна заўсёды знайсці выйсце. Як? Змайстраваць карысную рэч сваімі рукамі. Напрыклад, замест спецыяльнай  падстаўкі для ўпрыгожванняў, можна выкарыстоўваць звычайную металічную падстаўку для… кубкаў.

А што робіце вы, каб спрасціць сабе жыццё і трымаць неабходныя рэчы пад рукой?

Падзяліцеся, калі ласка, сваімі маленькімі сакрэтамі з “Рэгіянальнай газетай”.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР, mywishlist.ru.