Праглядаю свой сямейны фотаальбом і знаходжу там фотаздымак сваёй зямлячкі, прыгожай дзяўчыны. На адвароце гэтага фотаздымка надпіс: “Сямёну ад Лены. 4/VI -71 г.” Гэтаму фотаздымку сёлета будзе 42 гады. Лічыце, што амаль паўвека. Чаму ж ён у мяне захаваўся?

Успамінаецца наступнае. У 1971 годзе я пазнаёміўся з сімпатычнай дзяўчынай у Вілейцы, на аўтастанцыі, ці можа ў аўтобусе маршруту Вілейка – Смаргонь. Дзяўчына тая была з вёскі Забалацце Войстамскага сельсавета.

Я тады працаваў настаўнікам у Мінскім раёне і жыў у вёсцы Сукавічы. Лена туды прысылала мне пісьмы, а я ёй – у Забалацце. Дзе яна працавала – я не памятаю. Забылася ўжо і прозвішча, але гэта ўжо не мае значэнне, бо дзяўчаты прозвішчы мяняюць.

Ёй было гадоў 20, можа, крыху больш. Ведалі мы адзін аднаго толькі па лістах. І раптам я са сваім стрыечным братам Валодзем, які жыў у Касічах і працаваў трактарыстам, рашылі паехаць на веласіпедах на вечарынку ў Забалацце, якая мелася быць у клубе. Туды будзе ад Касічоў кіламетраў сем.

Магчыма, мяне запрасіла лістом Лена, бо мабільных тэлефонаў тады ж не было.

Прыехалі яшчэ за сонцам, увечары. Знайшлі хату той Лены. Гэта быў хутар каля дарогі паміж Канстанполлем Рускасельскага сельсавета і Забалаццем Войстамскага сельсавета. Зайшлі. Дома была яе маці. Давялося пазнаёміцца. Потым пайшлі на танцы ў клуб.

На той вечарынцы Лена была амаль каралевай. Паклоннікаў у яе хапала. А можа, адмыслова разыграла спектакль для мяне?! Я актыўнасці праяўляць не стаў, бо лічыў сябе амаль сталічным кавалерам.

На той час я ўжо другі год вучыўся ў аспірантуры Акадэміі навук БССР, завочна на спецыяльнасці беларуская фалькларыстыка.

Вечарынка закончылася. Мы з Валодзем узялі веласіпеды, і раптам Валодзя пакінуў мяне з веласіпедамі, а сам пайшоў некага праводзіць. Я стаю і чакаю яго, як той дурань. А маладога і спрытнейшага Валодзі ўсё няма. Ды і на дождж збіраецца. А на двух веласіпедах ніяк не паедзеш – толькі ісці і цягнуць іх.

Нарэшце, ён прыходзіць. Хоць я і гукаў яго, але ён зрабіў выгляд, што не чуў. Аблаяў яго і кажу: “Стары кот ровары як сабака ахоўвае, а малады кот марцуе з дзеўкай летняй ночкай”.

Больш пісаць Лене я не стаў, аднак ліст ад яе атрымаў, у якім яна прасіла ў мяне прабачэння і пыталася, чаму я так сябе вельмі сціпла паводзіў і не праяўляў ініцыятывы. Яна ж не вінаватая, што яе запрашаюць на танцы іншыя. Мяне мала пераканала такое тлумачэнне, але ў наступным канверце прыслала яна мне некалькі каляровых кутасікаў розных колераў.

І зрабіла вельмі цікавую прапанову. Напісала прыкладна так: “Заблыталася я са сваімі кавалерамі і вырашыла зрабіць так. Я загадала на адзін колер з кутасікаў. Хто ўгадае колер – той і будзе мой. Тады я зраблю ўсё і буду адносіцца сур’ёзна. Я пасылаю падобнае пісьмо яшчэ на пару адрасоў”.

Здзівіўся я, вясковая дзяўчына праводзіць конкурс кавалераў, дакладней, шляхам латарэі колераў выбірае сабе спадарожніка жыцця. Спачатку я раззлаваўся і хацеў усё выкінуць. Дурнота нейкая. А пасля ўстрымаўся і вырашыў зрабіць вытрымку ў часе, падумаць. І пасля коратка напісаў аб тым, які я колер выбраў. Адмовіцца ад сяброўства ніколі не позна.

Атрымліваю ліст, у якім даволі сціпла і культурна паведамляецца, што я яе колер, на які яна зрабіла стаўку (“зачаравала”), не ўгадаў. Нават прабачэння папрасіла. А мне не было шкада яе. Калі выбрала па латарэі, зычу шчасця!

А фотаздымак я захаваў, як памяць аб удзеле ў латарэі. Ну чым не сюжэт для апавядання? Заканчэнне для такога апавядання я мог бы прыдумаць сам (або са станоўчым, або з адмоўным фіналам), але я гэтага рабіць не стаў, бо палічыў, што яе ўчынак магчыма зыходзіў ад нейкай вышэйшай сілы.

Сёння мяне цікавіць, ці спраўдзілася тая латарэя з колерам? Ці выйшла яна замуж за пераможцу латарэі? Ці шчаслівая з ім? Ці, можа, ужо другі раз замужам? Калі Лена ўбачыць сябе і перачытае гэту нататку, дык хай паведаміць у рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” ў Маладзечне свой адрас і я тады вярну ёй яе фотаздымак.

А найлепш хай напіша, ці прынесла ёй шчасце латарэя для жаніхоў. Адказ, напэўна, патрэбны і таму, што столькі гадоў у маім фотаальбоме была яе фотакартка, якая са мной аб’ехала некалькі гарадоў.

Сымон БАРЫС.

Чытайце таксама:

5.04.2013.Ушануюць вязняў маладзечанскага шталага

2.04.2013.Браты Адамовічы з-пад Альковічаў – авіятары, якія пакарылі Атлантыку (відэа, фота)

21.01.2013.Як паны Свентаржэцкія палявалі ў Сібіры