Маладзечанскі райвыканкам звярнуўся да жыхароў горада з прапановай даць імёны вуліцам, завулкам і праездам горада, якія пакуль не маюць назвы.

Без назвы пакуль застаюцца вуліцы, што злучаюць Вялікі Гасцінец і Лібава-Роменскую вуліцу, а таксама Міру і Хмяльніцкага. Дзесяць новых імёнаў чакаюць вуліцы і завулкі раёна індывідуальнай забудовы Фестывальны, і сем – у паўднёвай частцы горада.

Пасля таго, як да Маладзечна далучылі некалькі вуліц вёскі Рагазы, узнікла патрэба замяніць тыя назвы, якія ў горадзе ўжо ёсць. Таму Маладзечанская і Усходняя вуліцы Рагазаў таксама атрымаюць новыя назвы. Пяць вуліц і два праезды былой вёскі назваў пакуль не маюць.

– Са сваімі прапановамі могуць звяртацца не толькі прадпрыемствы і арганізацыі, але і асобныя грамадзяне, – гаворыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва  райвыканкама Святлана Хрусталёва. – Прапанаваную назву трэба абавязкова абгрунтаваць. Аформіць яе можна ў адвольнай форме, а пасля накіраваць у райвыканкам па пошце, факсе ці даслаць на электронны адрас.  

Канчатковае рашэнне будзе прымаць камісія па перайменаванні вуліц, пасля яго зацвердзіць Маладзечанскі раённы Савет дэпутатаў.

Свае прапановы з абгрунтаваннямі накіроўвайце на адрас: Маладзечна, вул. Прытыцкага 3-а, з пазнакай “Вывучэнне думкі грамадзян”.

Альбо на электронны адрас: mol-ideologia@mail.ru ці прысылайце па факсе: 8 (0176) 77-03-41.

Краязнаўца раіць надаць вуліцам мясцовы каларыт

Мы папрасілі дапамагчы ацаніць, чые імёны варта ўшанаваць у назвах вуліц, краязнаўцу Міхася Казлоўскага.

На яго думку, варта улічваць, наколькі постаць асобы, у гонар якой называюць вуліцу, застаецца важнай пасля смерці.

Сярод названых людзей – толькі тыя, хто звязаны з Маладзечаншчынай.

Спадар Міхась прапанаваў прозвішчы наступных асоб:

Мікалая Ермаловіча, гісторыка,

Юрыя Герасіменку-Жызнеўскага, мастака,

Ядвігу Раздзялоўскую, мастачку,

Зміцера Крачкоўскага, мастака,

Пятра Бітэля, паэта,

Яўгена Вярбіцкага, біяхіміка (нарадзіўся ў мястэчку Краснае).

Вячаслава Селяха-Качанскага, опернага спевака,

Івана Насовіча, мовазнаўцы, этнографа,

Канстанціна Вераніцына, паэта, меркаванага аўтара паэмы “Тарас на Парнасе”,

Апанаса Ярушэвіча, апошняга дырэктара Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі,

Рыгора Семашкевіча, пісьменніка, літаратуразнаўцы.

Дарэчы будзе ў Маладзечне і вуліца Барыса Кіта, аднак варта ўлічваць, што вядомаму навукоўцу цяпер 103 гады, ён жыве ў Германіі.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Ігара МАРОЗА.