Больш за год у райцэнтры працуе новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.

У размове з карэспандэнтам “РГ” дырэктар установы Міхаіл Чаркасаў расказаў пра самыя папулярныя віды спорту ў мядзяльчан, падзяліўся задумамі на будучыню.

– Што сабой уяўляе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Мядзеле?

– Гэта гульнявы і трэнажорны залы, міні-басейн, узнаўленчы цэнтр з саўнай, більярднымі сталамі.

– І што з іх карыстаецца большай папулярнасцю?

– Усе практычна аднолькава. Шмат займаюцца ў гульнявой зале. Культывуем такія віды спорту, як міні-футбол, валейбол, пачынаюць прыходзіць займацца баскетболам, вялікім тэнісам. У трэнажорнай зале, апроч уласна заняткаў на трэнажорах, працуюць секцыя аэробікі, дзеці навучаюцца рукапашнаму бою. Вялікая цікавасць да більярда.

Калі казаць пра міні-басейн – самае цікавае, што прыходзяць не толькі дзеці. Некаторыя дарослыя проста прыходзяць паплаваць, хоць наш басейн усяго 6 на 8 метраў.

Разам з аддзелам адукацыі прыйшлі да высновы, што дзяцей трэба вучыць плаванню. Адразу займаліся вучні першай і другой мядзельскіх школ, удзельнікі летніх лагераў з раёна. Падлічылі, што каля 40 дзяцей навучыліся трымацца на вадзе. А цяпер штосуботы басейн наведваюць не толькі юныя мядзяльчане, прыязджаюць вучні з многіх школ.

Увогуле за мінулы год зарэгістравана больш за 23 тысячы наведванняў цэнтра. І ў гэтым годзе ідзе рост наведванняў ў параўнанні з мінулым.

Каб была пераемнасць у занятках спортам, з нядаўняга часу робім так: калі прыходзіць сям’я, ці адзін з бацькоў з дзіцем, то дзіця займаецца бясплатна.  

Два разы на тыдзень праводзяцца заняткі з наведнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Для іх гэта, вядома, бясплатна.

– Працуе на базе цэнтра і валейбольная секцыя…

– Мядзельскі раён славіцца валейбольнымі традыцыямі, але раней толькі настаўнікі ў школах рыхтавалі валейбалістаў.

З лістапада мінулага года пад кіраўніцтвам Андрэя Русака працуе валейбольная секцыя. Займацца ў ёй дзеці пачынаюць з шостага класа. І праз некалькі год будуць абараняць гонар раёна. Яшчэ было б добра арганізаваць навучанне дзяцей футболу – каб іх трэніравалі людзі, якія хочуць і могуць займацца з дзецьмі.

– Нядаўна ўвялі новыя паслугі: дартс і вялікі тэніс. Як яны ўспрымаюцца?

– Як усё новае, з цяжкасцю. Але ўжо людзі адчулі, што такое вялікі тэніс: ужо амаль кожную нядзелю прыходзяць, каб пагуляць.

– Што яшчэ новага будзе ў цэнтры?

– Ужо ў красавіку плануем распачаць заняткі стэп-аэробікай (від аэробікі, які праводзіцца са стэпамі – адмысловымі платформамі). Можна будзе пагуляць у бадмінтон. Для зручнасці людзей плануем устанавіць тэрмінал для аплаты пластыкавымі карткамі.

– Якія прапановы паступалі ад людзей?

– Напрыклад, увесці заняткі аэробікай, рукапашным боем, мы выканалі. Цяпер праводзім апытанне на тэму, ці трэба арганізоўваць пейнтбольны клуб. Мяркую, і адпачывальнікам ён будзе цікавы. Гэта ж лепей, каб яны грошы пакідалі не ў рэстаранах, а тут.

– А як захапіць дзяцей спортам, калі цяпер іх больш цікавяць камп’ютары?

Адразу гэта пытанне не вырашыць: вось адкрыўся цэнтр, і дзеці пабеглі ў яго. Але ў трэнажорны зал прыходзіць усё больш і больш дзяцей, бачу новыя твары.

Добра, што ў выхадныя не кучкуюцца за вуглом, а прыходзяць гуляць у футбол. Лічу, што эфект ад работы цэнтра нельга вымяраць грашыма ці той жа колькасцю наведнікаў. Вось калі праз некалькі год будзе больш здаровая моладзь, то гэта галоўнае.

– Ці стала ў Мядзеле больш праводзіцца спартыўных мерапрыемстваў са з’яўленнем цэнтра?

– Падышлі да таго, што кожныя выхадныя на базе цэнтра праходзяць спартыўныя мерапрыемствы: як сярод дарослых, так і сярод школьнікаў. Як мінімум, раённае, як максімум, міжабласное мерапрыемства. Можа, хто і з гледачоў, паназіраўшы, сам спортам зоймецца. Дарэчы, суседзі да нас прыязджаюць не толькі на спаборніцтвы, заказваюць зал пагуляць у футбол, баскетбол з Астраўца, Вілейкі.

– Побач з цэнтрам будуецца гасцініца…

– Вельмі на яе разлічваем. Трэба наладжваць кантакты з федэрацыямі гульнявых відаў спорту. Наша зала дазваляе праводзіць спаборніцтвы, арганізоўваць трэніровачны працэс. Мала такіх месцаў, каб разам былі гульнявая зала, трэнажорная, узнаўленчы цэнтр, а праз сто метраў – гасцініца.

– На ваш погляд, чым для Мядзела стане фізкультурна-аздараўленчы цэнтр?

– Хацелася, каб ён стаў не толькі месцам, дзе людзі паляпшаюць сваё здароўе, але і  месцам, дзе збіраюцца  блізкія па духу людзі. Вось як  удзельнікі клуба “Геркулес” пад кіраўніцтвам Юрыя Кабанава.

Алесь ВЫСОЦКІ.

фота забяспечана Міхаілам ЧАРКАСАВЫМ.