Футбольныя аматары пачалі ва ўсю абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што сёлета на матчы маладзечанскай каманды можна будзе хадзіць па абанементах. Рабіць гэта плануюць для таго, каб заявіць каманду ў чэмпіянаце.
Аляксандр Любанец: “Раней панядзелка абанементы на гульні не з’явяцца”!
Мы патэлефанавалі Аляксандру Любанцу, дырэктару клуба “Маладзечна”, каб ён пракаментаваў сітуацыю.
– Спадар Аляксандр, што ўяўляюць сабой абанементы?
– Абанементы на гульні Другой лігі, на сённяшні дзень, – гэтая адзіная рэальная дапамога клубу. Каштаваць абанементы будуць каля 100 тысяч рублёў. Агульная колькасць абанементаў складае 1500.
– Дзе іх можна будзе набыць?
– Я размаўляю з вамі літаральна з пасяджэння клуба. У гэтыя хвіліны якраз і высвятляецца, якім чынам можна набыць гэтыя абанементы. Канкрэтная інфармацыя з’явіцца ў сераду, 10 красавіка, пасля 18.00.
– Скажыце, а ўдзел маладзечанскай каманды ў Другой лізе – яшчэ адкрытае пытанне?
– Не, ужо цяпер я магу сказаць, што футбольны клуб з Маладзечна ў сезоне 2013-2014 будзе існаваць! Да 15 красавіка нам трэба пацвердзіць удзел у чэмпіянаце. Таму я прашу ўсіх аматараў футбола не заставацца ў баку.
– Няўжо грошай, атрыманых ад продажу абанементаў, хопіць на ўтрыманне цэлага футбольнага клуба?
– Не трэба думаць, што ўсё так блага! Работа ў нас ідзе поўным ходам! Цяпер вядуцца размовы аб супрацоўніцтве з авіякампаніяй “Эціхад” (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), мы актыўна дамаўляемся з турыстычнымі кампаніямі нашага горада. Можам запэўніць усіх: футбол у Маладзечне жыве!
– Па-ранейшаму не сціхаюць спрэчкі наконт таго, пад якой назвай будуць выступаць футбалісты з Маладзечна?
– Мы пакінулі гістарычную назву клуба – футбольна-спартыўны клуб “Маладзечна”.
– А трэніроўкі праходзяць?
– А як жа! У гэтую суботу адбудзецца першы спарынг. Але, напэўна, я не магу ўсе таямніцы раскрываць. Лепш такія пытанні трэнеру задаваць.
Наталля ТУР.
Фота Настассі РОЎДЫ.