Кожны можа аднавіць  тут свае сілы, падзівіцца на рэдкія расліны і дрэвы ў адным з самых чароўных нацыянальных паркаў Беларусі.  А зусім  побач з месцам адпачынку – запаведныя зоны, у якія могуць трапляць толькі адзінкі.

Сёння пачнём размову з намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валерыем Люштыкам.

– Якія перад Нацыянальным паркам стаяць задачы?

– У першую чаргу – захаванне прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр і генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету, тыповага для рэгіёна.

Акрамя таго, Нацыянальны парк абавязаны прымаць дзейсныя захады па ахове прыроды і рацыянальным прыродакарыстанні ў рэгіёне.   

Яшчэ адна задача – правядзенне навуковых даследаванняў, звязаных з распрацоўкай і ўкараненнем у практыку навуковых метадаў захавання біялагічнай разнастайнасці. А таксама арганізацыя адпачынку і развіццё экалагічнай асветы сярод насельніцтва.

Як выглядае вясенняе паляванне на птушак

Адной з асноўных задач Нацыянальнага парку – захаванне ўнікальных прыродных комплексаў і экасістэм. Асаблівая ўвага надаецца захаванню прыродаахоўнага рэжыму, папярэджанню і недапушчэнню выпадкаў браканьерства.

Работа ўдасканальваецца: калі ў 2000 годзе супрацоўнікі аддзела аховы правялі 147 рэйдаў, то ў 2012 годзе – 1124. Выявілі 420 парушэнняў, у асноўным гэта невыкананне правілаў аматарскага рыбалоўства.

– Тэрыторыя Нацыянальнага парку падзеленая на функцыянальныя зоны…

– На падставе прапаноў навукоўцаў вылучылі чатыры функцыянальныя зоны: запаведная, рэгуляванага выкарыстання, рэкрэацыйная і гаспадарчая.

– Многіх асабліва цікавіць запаведная зона. Раскажыце падрабязней, чаго там нельга рабіць.

– Забараняецца наведванне запаведнай зоны грамадзянамі, за выключэннем службовых асоб. На яе тэрыторыі забараняюцца ўсе віды дзейнасці, акрамя правядзення навуковых даследаванняў і мерапрыемстваў па яе ахове.

У асобных выпадках дазваляюцца навукова абгрунтаваныя дзеянні, накіраваныя на захаванне ў натуральным стане прыродных комплексаў і аб’ектаў, на прадухіленне змянення іх стану з-за ўздзеяння чалавекам.

– Якія цікавыя прыродныя аб’екты, расліны, фаўна знаходзяцца на тэрыторыі Нацпарку?

– Па выніках даследаванняў навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на тэрыторыі Нацыянальнага парку выяўлена больш за 1200 прадстаўнікоў расліннага свету і 314 – жывёльнага.

Сярод іх 60 відаў фаўны (у тым ліку птушак), а таксама 104 віды прадстаўнікоў флоры, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя з ахоўных раслін сустракаюцца даволі рэдка ў нашай краіне, напрыклад, чарнакорань голы, кураслеп лясны, Венерын чаравічок сапраўдны.

Апытанне: Ці ўдзельнічалі вы ў рыбалцы ці паляванні?

Ёсць мясціны на тэрыторыі Нацыянальнага парку, дзе некалькі відаў ахоўных раслін растуць адзін пры адным, напрыклад, так званы Парк рэдкіх раслін паблізу цэнтра курортнай зоны. Тут навукоўцамі-батанікамі на ўзбярэжжы возера Нарач знойдзена 10 відаў ахоўных раслін. Нашай установе парэкамендавалі абсталяваць тут экалагічную сцяжыну.

Пачынаючы з мая супрацоўнікі навуковага аддзела будуць гатовыя правесці экскурсійныя групы ў гэтым маляўнічым кутку.

Неўзабаве пасля стварэння парку ў лясным масіве пабудавалі вальер плошчай 8 гектараў. Сюды засялілі 21 еўрапейскага аленя, якіх прывезлі з Белавежскай пушчы. Перазімаваўшы, ўвесну іх выпусцілі і рассялілі па лясных угоддзях.

У Нарачанскім краі аленям спадабалася: у апошнія гады рэгіструецца больш за 100 асобін, зімой на ўзлесках можна назіраць вялікія статкі.

– Нарачанскі край – вядомы курорт…

– Яго здаўна ўпадабалі турысты. Таму з 2000 года Нацыянальным паркам актыўна ўладкоўваюцца турыстычныя стаянкі ў маляўнічых месцах (як правіла, на берагах азёр).

Спачатку іх было 47, аднак маніторынг за станам прыродных комплексаў у месцах адпачынку турыстаў паказаў: каб пазбегнуць сур’ёзных парушэнняў на прыбярэжных тэрыторыях, неабходна карэктаваць размяшчэнне турстаянак.

Таму з часам іх колькасць значна зменшылі, і цяпер іх засталося 16. Яны размешчаныя на ўзбярэжжах 10 азёр.

За мінулыя гады па нашай ацэнцы на турстаянках адпачыла каля 200 тысяч чалавек.

Яшчэ адным запатрабаваным відам пазнавальнага адпачынку з’яўляюцца экскурсіі. Супрацоўнікі турыстычнага аддзела распрацавалі больш за 20 экскурсійных маршрутаў як па тэрыторыі Нарачанскага краю, так і ў розныя куткі Беларусі.

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аўтобусна-пешаходныя. З мясцовых маршрутаў няма роўных паездцы ў прыродны комплекс “Блакітныя азёры” з прагулкай па экалагічнай сцяжыне.

Яшчэ адзін з цікавых аб’ектаў – дэндралагічны сад паблізу Мядзела. Тут з 2002 года сфарміраваная калекцыя, у якой больш за 400 відаў раслін, якія не растуць у Беларусі.

На тэрыторыі дэндрасаду пабудаваны Музей лесу, пешаходныя сцежкі, масткі.

Гісторыя стварэння Нацпарку “Нарачанскі”

Нацыянальны парк “Нарачанскі” быў створаны 28 лiпеня 1999 года. Прынялі рашэнне стварыць на тэрыторыі галоўным чынам Мядзельскага, а таксама Вілейскага, Пастаўскага, Смаргонскага раёнаў Нацыянальны парк “Нарачанскі” плошчай 94 тысячы гектары. Стварылі і  яго навукова-вытворчую базу – эксперыментальную лесапаляўнічую гаспадарку “Мядзел” плошчай 52,2 тысячы гектараў.

У распараджэнне Нацыянальнага парку былі перададзеныя ўсе лясы (больш за  65 тысяч га) Мядзельскага лясгаса, а таксама Пастаўскага (135 га) і Смаргонскага (182 га) лясгасаў. У пастаяннае карыстанне Нацыянальнаму парку “Нарачанскі” перадалі 43 вадаёмы.

Гэта першы артыкул з серыі матэрыялаў пра Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Мы будзем  распавядаць пра дзейнасць прыродаахоўнай установы, пра праблемы, якія ёй удаецца ці пакуль не ўдаецца вырашыць.

У наступнай публікацыі плануем расказаць пра разнастайныя магчымасці адпачынку ў Нацпарку “Нарачанскі”.

Гутарыў Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

Чытайце таксама:

1.04.2013.Ад сёння два месяцы забараняецца лавіць рыбу

21.01.2013.Як паны Свентаржэцкія палявалі ў Сібіры