У сераду, 3 красавіка, 65-гадовая жыхарка Маладзечна прынесла ў міліцыю пісталет мадэлі Борхардт-Люгер “Парабелум” 1908 года выпуску. Кошт такіх мадэляў на чорных расійскіх рынках дасягае дзвюх тысяч долараў.

– Летась ў жанчыны памёр муж. Не так даўно яна вырашыла навесці парадак у гаражы, – кажа маёр міліцыі Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Грабёнкін. – Там яна і знайшла пісталет часоў Першай сусветнай вайны і боепрыпасы. Колькі ж часу мужчына захоўваў усё гэта ў сваім гаражы, нам невядома.

Жанчына прынесла ў міліцыю пісталет калібру 9 мм, пяць патронаў да яго, 150 патронаў калібру 5,6 мм і 13 патронаў калібру 9 мм.

Па выніках праведзенай экспертызы ўжо вядома, што з пісталета быў зроблены выстрал, але калі – загадка.

Увогуле і пісталет, і патроны прыдатныя для стральбы і з’яўляюцца боепрыпасамі.

Цяпер пісталет перададуць у Мінск. Там і вырашыцца яго лёс.

Магчыма, пісталет знішчаць. Але калі ён з’яўляецца гістарычнай рэліквіяй, то перададуць у музей.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота забяспечана Андрэем Грабёнкіным.

Чытайце таксама:

9.04.2013.Маладзёна, які выйшаў з начнога клуба і не вярнуўся, знайшлі мёртвым

8.04.2013.Валожынец выклаў парнаграфічныя відэа з непаўналетнімі на старонцы “Укантакце”

8.04.2013.На Валожыншчыне мужчына неспадзявана застрэліў на паляванні знаёмага