Пракаментаваць сітуацыю, якая цяпер складваецца з маладзечанскім футболам, мы папрасілі футбаліста Дзмітрыя Касцюка і заўзятара Дзмітрыя Рухлевіча

Аляксандр Любанец: “Раней панядзелка абанементы на гульні не з’явяцца”!

Меркаванне фаната

З пытаннямі мы звярнуліся да футбольнага заўзятара Дзмітрыя Рухлевіча.

– Ці нармальна тое, што толькі фанатам неабыякавы ўдзел каманды ў чэмпіянаце? 

– Гэта няправільнае меркаванне. Людзі жывуць у сваім звычайным рытме, нічога не ведаюць пра футбол. Мясцовыя газеты таксама нічога не пішуць. Адкуль тады можа з’явіцца думка пра тое, што Маладзечна ўпершыню можа застацца без футбола?

Вы падтрымліваеце ідэю з абанементамі?

– Я цяпер у Маскве, але набыў бы абанемент толькі таму, што гэта рэальна дапаможа клубу. Акрамя мяне ёсць шмат людзей, якія не толькі гатовыя набыць  абанементы, але і распаўсюдзіць інфармацыю пра іх. 

Меркаванне футбаліста

На пытанні адказвае Дзмітры Касцюк, футбаліст.

– Што вы можаце сказаць пра сітуацыю ў маладзечанскім футболе?

– Магу сказаць толькі адно: Дзяніс Мятліцкі (галоўны трэнер) малайчына! Толькі яго асабістымі намаганнямі футбол яшчэ жывы. Мы стваралі каманду цягам пяці гадоў. Немагчыма, каб такі вялікі горад застаўся без каманды. Гэта сорам і ганьба гораду – застацца ўбаку ад чэмпіянату рэспублікі.

– А пра абанементы на гульні вы чулі?

– Ідэя вельмі добрая. І кошт танны, асабліва для прадпрыемстваў і арганізацый, а такая падтрымка для клуба.

– Як вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі футбалістаў?

– Улічваючы тое, што да пачатку чэмпіянату застаўся месяц, можна ўявіць, як цяжка прыйдзецца хлопцам. А з другога боку, калі было лёгка.

Наталля ТУР.

Фота Настассі РОЎДЫ.