Уладзімір Сівуха: “Сёння гандаль кладзецца на дно. Усё гандляры – у вельмі жорсткай канкурэнцыі, якая вядзе да банкруцтва. У маладзечанцаў грошай няма. А каб яны з’явіліся, у горад павінна прыйсці вытворчасць”.

Гэта – другая частка размовы з Уладзімірам Сівухай.

Глядзіце таксама першую і трэцюю часткі размовы

– З якімі праблемамі сутыкаецца любы прадпрымальнік-пачатковец?

– Калі яны пачынаюць, у іх няма грошай, няма пляцоўкі, і яны наіўныя. Наш бізнес-цэнтр гатовы дапамагаць такім прадпрымальнікам. Мы можам падзяліцца ідэямі, якія могуць стаць прарыўнымі для прадпрымальнікаў.

– Вы аднойчы сказалі: каб быць прадпрымальнікам, трэба вучыцца.

– Абавязкова.

Таму мы плануем адкрыць школу бізнесу. Вучыць прадпрымальнікаў трэба на сусветным досведзе.

Плануем ладзіць навучанне, задзейнічаць прадпрымальнікаў з розных краін. Цяпер рыхтуем корпус перакладчыкаў, каб навучанне можна было арганізоўваць ужывую, анлайн.

Мы будзем дапамагаць рыхтаваць неабходную дакументацыю. Будзем развіваць кансалдынгавыя паслугі – нетыповыя для прадпрымальніка. Напрыклад, бухгалтэрыя, ахова працы і іншыя.

Заходнія прадпрымальнікі ўжо не маюць такіх функцый. Дадатковыя функцыі яны перакладаюць на кансалдынгавыя кампаніі, якія выканаюць працу. І іх ніхто не правярае, таму што справы вядзе прафесійная фірма. Таму і пытанні накіроўваюць да гэтай фірмы.

Школа будзе стварацца паступова. Пачынаць будзем з простых сустрэч-семінараў, пасля ўдасканальваць працу. Мяркуем, што паступова гэта прывядзе да школы.

Па пытаннях развіцця бізнесу ахвотныя могуць звяртацца ў “Бізнес цэнтр саюз партнёр”.

– Якія найбольш перспектыўныя накірункі для бізнесу ў Маладзечне? Няўжо гандаль?

– Вядома, не.

Сёння гандаль кладзецца на дно. Усё гандляры – у вельмі жорсткай канкурэнцыі, якая вядзе да банкруцтва. У маладзечанцаў грошай няма. А каб яны з’явіліся, у горад павінна прыйсці вытворчасць.

Ну, вось давайце ўявім. Скажам, умоўна ў горадзе ў абароце мільён долараў. Калі не развіваецца вытворчасць, то гэты мільён ходзіць па горадзе з рук у рукі. Купіў-прадаў, купіў-прадаў. А новыя грошы не прыходзяць, адпаведна, і заробкі падымаць няма з чаго. Прыцягнуць новыя грошы можна толькі двума спосабамі: турызмам ці вытворчасцю. Як толькі гэта прыходзіць, аўтаматычна ў гараджан павышаюцца заробкі.

Паводле інфармацыі загадчыцы сектара рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання аддзела эканомікі Маладзечанскага райвыканкама Наталлі Салагуб, на 1 красавіка ў раёне зарэгістраваныя 3954 індывідуальныя прадпрымальнікі. Устойліва больш за палову займаюцца гандлем.

– Часам бацькі могуць сказаць: ідзі на завод, гэта ж праца, а то што такое прадпрымальнік, гэта ж не прафесія. Як патлумачыць, хто такі прадпрымальнік?

– Прадпрымальнік – гэта незвычайны чалавек. Гэта арганізатар. Ён валодае унікальнай здольнасцю аб’ядноўваць людзей, тэхналогіі, веды. Ён абавязкова павінен разумець, што ў выніку хоча стварыць.

Усе думаюць, што ў бізнесмэнаў шмат грошай. Але гэта зусім не так. Яны ўкладаюць усе грошы і свае, і блізкіх у справу. А самі не маюць амаль нічога. У выніку гэта чалавек, дома ў якога жонка пытаецца, дзе грошы, на працы работнікі пытаюцца, калі зарплата, і ў прадпрыемства трэба штосьці ўвесь час укладаць, і крэдыты трэба аддаваць – ён круціцца як вавёрка ў коле.

Малы бізнес – заробкі ніжэй за сярэднія для кіраўніка. І гэта сусветная тэндэнцыя.

Тут галоўнае – вытрымаць націск людзей, якія нічога не разумеюць у гэтым. Таму чалавек павінны валодаць неверагоднай устойлівасцю і духоўнай сілай. І такія людзі – на вагу золата. Іх няшмат – 1-2%. Яны больш рэдкія, чым творчыя асобы. Ім гатовы плаціць вялікія грошы толькі за тое, каб сапраўдны прадпрымальнік працаваў на пэўную кампанію.

У Кітаі стралялі вераб’ёў, давялі краіну да адчаю. А потым далі магчымасць развівацца малому бізнесу – і паглядзіце на сённяшні Кітай.

У ЗША, скажам умоўна, штогод становяцца прадпрымальнікамі мільярд чалавек. Дзяржава дае ім вялізныя льготы, крэдыты. Праз год з іх у бізнесе застаецца 10 тысяч. Але дзяржава гатова даваць грошы таму мільярду, каб знайсці гэтыя дзесяць тысяч.

Роля малога бізнесу найважнейшая. Калі яму не перашкаджаць, то менавіта ён забяспечыць развіццё.

Вельмі дзіўна, што ўсе імкнуцца кіраваць бізнесам і не раяцца з ім. І ў выніку узнікаюць дзіўныя рэчы. Напрыклад, маладзечанская крама “Дабрадар”, у якую ўклалі вялізныя грошы. Праклалі пешаходную вуліцу – 70 работнікаў засталіся без працы. Дзяржаўныя прадпрыемствы не могуць аплаціць за пастаўленую прадукцыю.

Дзяржава падтрымлівае і прасоўвае слабыя прадпрыемствы. Гэта страшная рэч. Калі не будзе натуральнай канкурэнцыі, знікне развіццё. Прасоўваючы наперад горшае, мы ідзём назад у пячоры.

– У Маладзечне не проста дробны гандаль канкурыруе між сабой, але і з сеткавымі вялікімі крамамі.

– Бізнес, які вядзе маленькую краму, вынішчаюць вялікія крамы.  Да таго ж, гіпермаркеты адцягваюць ад рэальнага жыцця. Пакупнік мусіць бясконца блукаць. І, зайшоўшы на хвілінку за хлебам, выходзіць праз гадзіну з поўнай торбай.

Гіпермаркеты прыцягваюць нізкімі коштамі, але яны не заўсёды могуць пахваліцца высокай якасцю. У іх ёсць тэхналогіі, якія дазваляюць зрабіць так, каб тавар выглядаў свежым. Купляеш прыгожы хлеб у поліэтылене – а ён чэрствы.

– І хто выйдзе пераможцам з такой расстаноўкай сіл?

– На гэту сітуацыю ўжо ёсць адказ. Сістэма, якая апераджае сусветны час на 10-20 год. Гэта унікальны праект – энергаэфектыўны квартал. Выглядае гэта так: стаяць некалькі дамоў, якія самі збіраюць і забяспечваюць сябе энергіяй. Паркоўка – як вінтавая лесвіца, ля кожнай кватэры стаіць машына гаспадароў.

І ў кожным доме працуе крама. Штодзень дастаўляюць свежыя прадукты першай неабходнасці. Штосьці буйное закажаш па інтэрнэце – прывязуць. Тавар заўсёды свежы, і чалавек прыходзіць, купляе, што трэба. І замест таго, каб бясконца хадзіць па крамах, з’яўляецца час, каб жыць, ствараць і кахаць.

У нас вострая праблема з кадрамі. Чаму музыканты з музкаледжа ездзяць на гастролі і запатрабаваныя паўсюль?

Як вучацца ў музкаледжы? Настаўнік займаецца з імі індывідуальна. Навучэнец іграе кожны дзень. У выніку выпускаюць спецыяліста штучна, і ён падрыхтаваны.

А колькі разоў за час вучобы на маляра маладыя людзі бяруць у рукі пэндзаль?

– Многія кажуць, што цяпер Маладзечна – гэта вялікі рынак.

– Для таго, каб вырашыць эканамічную праблему Маладзечна і Беларусі наогул, неабходна развіваць навукаёмістую вытворчасць і турызм.

Менавіта таму мы працуем для таго, каб развіваць эканоміку і культуру. І ў выніку створым дзве візітныя карткі горада: турызм і альтэрнатыўную энергетыку.

Толькі тады Маладзечна зможа стаць горадам, у якім жывуць заможныя і шчаслівыя людзі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота livejournal.ru.

Даведка “РГ”. Кластар – (у эканоміцы) сканцэнтраваная на некаторай тэрыторыі група ўзаемазвязаных кампаній. Рэкуператар – цеплаабменнік.