Як ператварыць Маладзечна ў сучасны еўрапеўскі горад? Што неабходна, каб гараджане былі задаволеныя сваім заробкам? Як вырваць горад з шляху, які вядзе ў пячоры?

Пра ўсё гэта распавёў бізнесмэн, першы віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Сівуха.

– Якія перспектывы вы бачыце для бізнесу ў нашым рэгіёне?

– Пра беларускі бізнес у свеце пакуль не ведаюць. А каб даведаліся, мы павінны зрабіць штосьці  такое, што зацікавіць і замежныя фірмы, і прадпрыемствы. І мы маем такія фішкі.

Першая фішка – праект па Міхалу Клеафасу Агінскаму.

Тут для нас культура становіцца сродкам развіцця эканомікі.

Праект пачынаецца з культуры. Таму мы найперш даведваліся пра гісторыю гэтага роду. Супрацоўнічаем з зацікаўленымі ў гэтай тэме людзьмі ў Італіі, Англіі, Францыі, Аўстрыі, Галандыі, Польшчы, Літве і Турцыі. Атрымліваецца ўнікальны міжнародны праект, які дазволіць прарваць бар’ер і вывесці нашы турыстычныя фірмы на сусветны ўзровень.

Турысты з Беларусі будуць выязджаць у гэтыя краіны, а адтуль столькі ж мы павінны прыцягнуць да нас.

Другой прарыўной фішкай становіцца стварэнне маладзечанскага рэгіянальнага кластара “Альтэрнатыўная энергетыка і рэсурсазберажэнне”.

У кластары, які мы фарміруем, будзе больш за дзве тысячы чалавек.

Такім чынам, мы наладзім працу некалькіх невялікіх кампаній, кожная з якіх будзе мець сваю спецыфіку. А ўсе кампаніі разам будуць працаваць на адзін канчатковы прадукт. І калі яны будуць аб’яднаныя ў кластар, то аб’ём, прадукцыйнасць і прыбытковасць павялічацца ў 1,4 раза. І лічба можа павышацца.

Сучаснае малое прадпрыемства павінна быць інавацыйным. На рынку безліч прапаноў, таму новае можа прывабіць ці нізкімі коштамі, ці незвычайнай прадукцыяй. Звычайна знізіць кошт вельмі складана, вось і шукаюць фішку, якая завецца інавацыйны прадукт. Менавіта таму малыя прадпрыемствы імкнуцца да ўсяго незвычайнага.

Дзякуючы Агінскаму і кластару мы выйшлі на шведскі бізнес, які лідзіруе ў галіне альтэрнатыўнай энергетыкі і энергазберажэння. Цяпер вядзём з імі перагаворы, яны хочуць удзельнічаць у нашым праекце.

– Якія будуць вашы супольныя дзеянні?

– Першае – аркестр пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі выступіць у Швецыі. Другое – яны згодныя перапрацаваць нашы буклеты для замежнага турыста. З такім разлікам, каб прапановы былі прыцягальныя для Еўропы. Трэцяе – яны згодныя дапамагчы арганізаваць зваротны паток турыстаў. Чацвертае – гатовыя дапамагчы ў святкаванні 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

У маі мы збіраемся ехаць да шведскіх партнёраў, каб дамовіцца аб далейшай працы па праграме Агінскага і з кластарамі.

– З чаго пачнецца праца кластара?

– Са шведамі мы ўжо дамовіліся аб арганізацыі вытворчасці цеплавых помпаў. Неабходна стварыць для іх тры прадпрыемствы.

Цеплавыя помпы – гэта найсучаснейшыя прылады, якія забіраюць цяпло зямлі з тэмпературай сем градусаў на глыбіні да ста метраў і накіроўваюць для абагрэву дома. Прайшоўшы праз цеплавую помпу, вада для абагрэву мае тэмпературу 40-60 градусаў.

– Наколькі верагодна, што такая тэхналогія з’явіцца ў нас?

– Сто працэнтаў. Адзін кілават электраэнергіі, затрачаны на працу цеплавой помпы, дае пяць кілават цяпла. Фактычна мы атрымліваем у пяць разоў больш энергіі, чым затрацілі.

– А колькі часу спатрэбіцца, каб замяніць цэнтральную сістэму абагрэву?

– Мы найперш плануем увесці яе ў новыя пабудовы – катэджы і вытворчасць. Асабліва гэта будзе актуальна для тых будынкаў, паблізу якіх няма крыніц цяпла. Гэта выдатная альтэрнатыва, калі далёка газ.

Цеплавыя помпы – самы бяспечны спосаб абагрэву, бо, у адрозненне ад газу, не ўзрываюцца. Гэта самы экалагічна чысты спосаб. Да таго ж, патрабуе сістэма мінімальнага абслугоўвання і служыць 15 гадоў да першага рамонту, пасля якога працуе яшчэ 15 гадоў. Памер – як пральная машына.

Цеплавая помпа магутнасцю 1 кілават цяпла каштуе 1000 еўра. Адпаведна, за кожную тысячу еўра магутнасць помпы павялічваецца.

Для катэджа плошчай 150 квадратных метраў патрэбна цеплавая помпа электрычнай магутнасцю 2,5 кілаваты. Яна дасць 10 кілават цяпла.

– А ў каго ёсць досвед выкарыстання цяпла з зямлі?

– Сёння ў Швецыі большасць будынкаў забяспечваюць энергіяй цеплавыя помпы. У нас развіццё цеплавых помпаў стрымліваецца часовай таннасцю газу.

Мяркуецца, што да 2020 года ўсе новыя будынкі будуць забяспечвацца цеплавымі помпамі. Гэта сусветная тэндэнцыя. Штогод цеплавых помпаў становіцца больш на 20%.

– Гэтыя помпы аднолькава працуюць у любы час года?

– Летам яны даюць у трубы холад, і мы можам выкарыстоўваць іх як кандыцыянер. Паставіце 17 градусаў – столькі і будзе падтрымліваць. І на гэтым можна эканоміць. Навошта, напрыклад, на кухні 20 градусаў? Дастаткова 15 – яна  і будзе столькі падтрымліваць. Таму помпа можа забяспечыць і сістэму кандыцыянавання, і падагрэў вады.

Цяпер увесь свет працуе з цеплавымі помпамі, а мы адсталі: у Беларусі іх толькі дзясяткі.

– Іх выкарыстанне апраўдвае кошт у тысячу еўра?

– У свеце тэрмін акупляльнасці пяць-сем гадоў. А ў нас з-за таннасці газу – больш за дзесяць. Але такая пазіцыя газу часовая. Газ даражэе і знікае.

Калі мы створым вытворчасць помпаў, безумоўна, следам мусяць з’явіцца і іншыя прадпрыемствы. Першае – па бурэнні свідравін, якое дазволіць прымаць цяпло з глыбіні зямлі. Другое – па мантаванні помпы. Трэцяе – па праектаванні цеплавых помпаў.

– Прадпрыемства па мантаванні будзе адзіным?

– Не, мы будзем ствараць канкурэнтны асяродак. Іх будзе як мінімум два.

Мы ставім амбіцыйную задачу выйсці на беларускі рынак. Усе цыклы гэтай вытворчасці мы хочам размясціць на Маладзечаншчыне.

Не менш за шэсць маладзечанскіх прадпрыемстваў далі згоду на ўдзел. Таму праца будзе аб’яднаная кааперацыяй, як гэта робяць на Захадзе. Тады не трэба дадатковай вытворчасці: мы разаўём тую, якая ўжо ёсць. Арганізуем дзесьці новыя пляцоўкі, але не будзем будаваць новае прадпрыемства.

– Чаго ў выніку хочаце дамагчыся?

– У альтэрнатыўнай энергетыцы ёсць канчатковы прадукт – гэта энергаэфектыўны будынак. І цеплавая помпа – гэта толькі пачатак у гэтым праекце.

Для таго, каб пабудаваць энергаэфектыўны дом, трэба ўлічыць усё. Зрабіць цёплыя сцены, якія будуць захоўваць тэмпературу ўнутры, а не “грэць вуліцу”. Вокны павінны быць з мінімальнымі стратамі цяпла. Цяпло, якое выходзіць з будынка, трэба вярнуць назад за кошт рэкуператараў.

Для таго, каб атрымліваць гарачую ваду, трэба выкарыстоўваць энергію сонца – сонечныя батарэі ва ўсім свеце размяшчаюць на дахах дамоў. Трэба пераходзіць на святлодыёдныя энергазберагальныя лямпы. Прадпрыемства, якое займаецца вырабам такіх лямпачак, у Маладзечне ўжо ёсць.

Кіраванне святлом і цяплом дазваляе эканоміць 30% энергіі.

– Якім чынам імі можна кіраваць?

– Кіруе сістэма “Разумны дом”, якая дазваляе эканоміць максімальна. Яна глядзіць, ці ёсць у памяшканні людзі, і ў залежнасці ад гэтага падбірае тэмпературу.

Калі ў памяшканні няма людзей, яна выключае святло. Днём выкарыстоўвае оптавалаконныя святлаводы прамога сонечнага святла: збірае сонечнае святло спецыяльным прыборам з даху і па трубах дастаўляе яго ў памяшканне праз оптавалаконны кабель. Атрымліваецца, што практычна ўсё памяшканне асвятляе сонечнае святло. Пры гэтым аўтаматычна адсочваецца, колькі святла трэба, і рэгулюецца яго яркасць.

Энергія – гэта галоўны стратэгічны элемент развіцця. Хто будзе ёй валодаць, будзе дамінаваць у эканоміцы. Мы цяпер на піку выкарыстоўвання вуглевадароду, пасля якога надыдзе спад, таму што ён вычарпальны.

– Якую энергію мы будзем выкарыстоўваць тады? Што можа забяспечыць нас?

Наш праект па выкарыстанні альтэрнатыўнай энергіі ужо ў праграме ўрада. І ў нас ёсць магутныя партнёры.

– Цікавая сітуацыя: у гэты ж час Беларусь будуе на Астравеччыне АЭС…

– Я нейтральна стаўлюся да будаўніцтва АЭС. Адназначна, што альтэрнатыўная энергетыка павінна развівацца.

У Германіі цяпер 30-35% вытворчасці – на альтэрнатыўнай энергетыцы. Гэтыя прадпрыемствы маюць ільготы, дзяржава іх падтрымлівае.

Многія немцы збіраюць сонечную энергію і выкідваюць яе ў агульную сетку, за што таксама атрымліваюць ад дзяржавы грошы.

Гібрыдныя святлаводы ў 10 разоў эфектыўней даюць асвятленне, чым іншыя вядомыя сонечныя батарэі. Сёння такі святлавод у ЗША для памяшкання ў 300 квадратных метраў каштуе каля 16 тысяч долараў. Праўда, пакупніку дзяржава дае скідку, таму кошт можа знізіцца да васьмі тысяч. Прагназуецца, што да 2020 года ў ЗША іх будуць купляць каля мільёна ў год.

– Энергаэфектыўны будынак стане вянцом тварэння вашага кластара, так?

– Так. Пілотныя праекты мы ўжо распачалі. Мы ўжо робім такі будынак і на Маладзечаншчыне, і каля Мінска.  Яшчэ плануем адзін аб’ект у сферы вытворчасці. Якія канкрэтна гэта будынкі, пакуль сакрэт. Скажу толькі, што маладзечанскі – жылы будынак на чатыры блокі.

Наша мэта – пашырыць вытворчасць усяго неабходнага для стварэння такіх праектаў. Мы хочам выйсці на рынак інавацыйнай прадукцыі Беларусі, СНД, свету.

Схема ацяплення жылога будынка з выкарыстанным віхравога цеплагенератара:

1 — цыркуляцыйная помпа     
2 — клапан
3 — расшыральны бак
4 — батарэі ацяплення
5 — накапляльны бак-тэрмас
6 — фільтр грубай ачысткі
7 — віхравы цеплагенератар (цеплавая помпа) з электраматорам – парадаксальны апарат, які выпрацоўвае больш  цеплавой энергіі, чым спыжывае электрычнай
8 — аўтаматыка
9 — тэмпературны датчык

Другая частка размовы з Уладзімірам Сівухай

Трэцяя частка размовы з Уладзімірам Сівухай

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Малюнак trinitas.ru.

Даведка “РГ”. Кластар – (у эканоміцы) сканцэнтраваная на некаторай тэрыторыі група ўзаемазвязаных кампаній. Рэкуператар – цеплаабменнік.