Учора, 18 красавіка, навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа наведалі Маладзечанскі дзіцячы прытулак.
– У нас сабралася практычна ўся група, – кажа навучэнка трэццяга курсу Таццяна Герасімовіч. – Тыя, хто звычайна не хоча здаваць грошы на розныя мерапрыемствы – здалі ў першую чаргу. Нам на дзяцей ніколі не шкада.
Выхавальніца прытулку сказала, што дзецям у першую чаргу не хапае зубных паст і сурвэтак, а таксама прадметаў асабістай гігіены.
Вучні зрабілі кожнаму дзіця індывідуальны падарунак.
– Мы кожнаму асобна ў пакет паклалі цукерак, садавіны, цукерак на палачках, – кажа Таццяна. – А таксама мы купілі дзецям два дыска з песенькамі і казкамі.
Навучэнцы каледжа правялі конкурсы, вадзілі карагод, загадвалі загадкі. Больш за ўсё дзецям спадабаўся конкурс, дзе яны з зачыненымі вачыма выцягвалі мяшэчкі з сюрпрызамі.
Цяпер у прытулку знаходзяцца каля 35 дзяцей. Самаму малодшаму з іх 3 гадкі, а старэйшаму – 15.
– Для многіх з нас псіхалагічна было вельмі складана знаходзіцца ў прытулку, – кажа Таццяна. – Адзін аднагрупнік наогул спачатку адмовіўся ісці. Ён пасаромеўся сваіх эмоцый, таму што баяўся заплакаць, але ўсё ж вырашыў пайсці.
Некалькі навучэнцаў самастойна сабралі мяккія цацкі для дзяцей.
– Многія дзяўчыны плакалі, асабліва калі дзеці расказвалі вершыкі пра маму, – працягвае Таццяна. – За кожны вершык мы давалі дзецям цукеркі, так яны ўсе і скончыліся. А дзеткі ўсё працягвалі расказваць вершы.
Былі тут і выкладчыца прававых дысцыплін у каледжы Наталля Дудко, і педагог-псіхолаг Святлана Мартышкіна.
– Адна з нашых аднагрупніц падыйшла да хлопчыка і пачаставала яго цукеркай, а ён у яе спытаў: “А калі да мяне мама прыйдзе?”
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Таццяны ГЕРАСІМОВІЧ.