Замінка адбылася з-за таго, што ў адным з афіцыйных дакументаў “згубілася” літара “і”, і ў электронную базу дадзеных увялі прозвішча Радзвіловіч замест Радзівіловіч.

Сышлі ў гісторыю ліхія 90-я. Папулярны серыял “Брыгада”, у якім расійскія акцёры ігралі далёка не выдуманыя сюжэты таго пераломнага часу, паступова сціраецца ў памяці. А ў сейфах следчых ўсё яшчэ чакаюць свайго часу шматтомныя справы, распачатыя па слядах жорсткіх забойстваў і разбойных нападаў тых гадоў.

Нядаўна Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без змены прысуд судовай калегіі Гродзенскага абласнога суда, вынесены жыхару Маладзечна Яўгену Радзівіловічу.

У студзені 1997 года пад покрывам ночы ён разам з “камандай” такіх жа аматараў лёгкай нажывы напаў на Аляксандра, жыхара вёскі Ласосна на Гродзеншчыне. Яго пазбавілі жыцця дзеля нейкіх паўтары сотні долараў і залатога заручальнага пярсцёнка.

А ўсё пачалося з таго, што пяцёра маладых хлопцаў, якія зараблялі толькі крадзяжамі і рабаваннямі на Міншчыне і Гродзеншчыне, атрымалі інфармацыю, што ў прыгарадзе Гродна жыве чалавек, які “зарабляе” абменам валюты. Па іх разліках, у яго доме ляжыць не менш за дзясятак тысяч долараў.

Адзін з наводчыкаў і ўдзельнікаў аперацыі Леанід, жыхар Гродна, быў знаёмы з “валютчыкам”. Ён разам з яшчэ адным змоўшчыкам, жыхаром Ашмянаў Пятром, абавязаўся даставіць галоўных удзельнікаў “аперацыі” – трох маладзечанцаў – да месца і забяспечыць кватэрай.

Па прыбыцці ў Гродна усе пяцёра пабывалі ў вёсцы Ласосна, абследавалі мясцовасць і намецілі шляхі адыходу пасля завяршэння “справы”.

Дзявятага студзеня, калі зусім сцямнела, пад’ехалі да патрэбнага дома і размеркавалі ролі. Леанід з Пятром засталіся ў салоне аўтамабіля і павінны былі сачыць за наваколлем, а пасля канфіскацыі грошай ўсіх удзельнікаў павезці далей.

Самую важную частку аперацыі ўзялі на сябе маладзечанцы Павел, Віталь і Яўген. Вырашылі, што Павел пастукае ў дзверы і папросіць гаспадара абмяняць долары, нібыта па просьбе маці. Калі адчыняцца дзверы, двое іншых у масках уварвуцца ў дом і запатрабуюць грошы. Калі ж гаспадар будзе супраціўляцца, то прыменяць насілле.

Так і зрабілі.

Калі на просьбу абмяняць долары Аляксандр прыадчыніў ўваходныя дзверы, Віталь і Яўген у масках тут жа ўварваліся ў дом. Гаспадар паспрабаваў абараняцца: пабег у спальню і выхапіў з-пад падушкі газавы пісталет. Аднак стрэліць не паспеў – пісталет адабралі і ім жа нанеслі гаспадару аглушальныя ўдары па галаве, ад якіх Аляксандр страціў прытомнасць.

Потым утрох звязалі ахвяру па руках і нагах і яшчэ некалькі разоў ударылі па галаве, ад якіх Аляксандр ужо ачуняць не змог і памёр на месцы.

Перавярнуўшы у хаце ўсё, злачынцы знайшлі 150 долараў, знялі з пальца забітага залаты пярсцёнак і забралі з тумбачкі два паляўнічыя нажы. Больш нічога каштоўнага ў хаце не знайшлі.

Да гонару гродзенскіх сышчыкаў, нягледзячы на тое, што злачынства рыхтавалася загадзя, яго ўсё ж раскрылі. І праз некаторы час чацвёра з пяці ўдзельнікаў разбойнага нападу і забойства былі знойдзеныя і прысуджаныя да пазбаўлення волі.

Яўгену атрымалася ўцячы, яго сляды згубіліся на бязмежных прасторах Расіі. У рэшце рэшт, ён пасяліўся ў горадзе Самара, абзавёўся сям’ёй і ўладкаваўся працаваць ахоўнікам. Аднак пошукі злачынцы працягваліся.

Замінка адбылася з-за таго, што ў адным з афіцыйных дакументаў “згубілася” літара “і”, і ў электронную базу дадзеных увялі прозвішча Радзвіловіч замест Радзівіловіч. Да таго ж 35-гадовы мужчына пра грахі сваёй маладосці ў роднай Беларусі стараўся не распаўсюджвацца.

Аднак і “шчаслівая” памылка друку ў дакуменце, і новае месца жыхарства забойцу не ўратавалі. Расійскія паліцыянты ў цесным супрацоўніцтве з беларускімі міліцыянтамі ўсё ж дакапаліся да ісціны і ўстанавілі, што ахоўнік Радзвіловіч і забойца Радзівіловіч – гэта адна і тая ж асоба.

У выніку 30 студзеня 2012 года, праз 15 гадоў, яго затрымалі і даставілі ў следчы ізалятар з наступнай экстрадыцыяй на тэрыторыю Беларусі.

Сведкі-змоўшчыкі, якія выступалі на судзе, паспелі адбыць прызначаныя судом пакаранні за разбойны напад і забойства ў вёсцы Ласосна. Але ўсё ж ўспомнілі падрабязнасці той сумеснай вылазкі ў горад над Нёманам 15-гадовай даўніны і распавялі пра іх суду.

У выніку, бліжэйшыя 13 гадоў Яўген Радзівіловіч правядзе ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Для яго век дваццаты яшчэ не скончыўся …

Яўген ТРУЦЬКО, намеснік начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці, старшы саветнік юстыцыі.

Фота img-fotki.yandex.ru.