Начальнік вілейскай гідраметэастанцыі Вячаслаў Лапко: пік паводкі ўжо прайшоў.

Як паводка прайшлася па рэгіёне

Звычайна пік паводкі прыходзіць на рэкі адначасова. Сёлета ён быў у чацвер, 18 красавіка. Цяпер вада ідзе на спад.

У рэчцы Нарачанцы вёскі Нарач на Вілейшчыне найбольш вады было ў пятніцу, 19 красавіка.

У Вілейцы на Віліі найбольшы ўзровень вады трымаўся тры дні: з серады па пятніцу. Дарэчы, калі параўнаць з летнім узроўнем, то цяпер ён павысіўся больш, чым у тры разы.

Усё з-за таго, што вялікія спады вады былі з Вілейскага вадасховішча. Цяпер жа вадасховішча пачынае нармалізоўваць падпорны ўзровень вады.

– Магло быць і горш, – кажа Вячаслаў Лапко. – Паводка чакалася большая, бо не ўлічваліся начныя замаразкі, якія памяншаюць таянне і высушваюць глебу. Яны прыйшліся якраз на пік паводкі. Калі б іх не было, то вада  паднялася б яшчэ на паўметра вышэй.

Нават асобных выпадкаў падтапленняў на Вілейшчыне няма,  дадае намеснік начальніка вілейскага аддзела па надзвычайным здарэнням Аляксандр Раманоўскі.

Настасся РОЎДА.

Фота Ігара МАРОЗА.