На мінулым тыдні адбыўся конкурс юных выканаўцаў “Маладзічок-2013”.

Уладальнікам Гран-пры стаў адзінаццацікласнік з Ашмянаў Вадзім Лукашэвіч, які выканаў дзве песні, адна з якіх – Пятра Ялфімава “Званы”.

Пасля конкурсу нам удалося пагаварыць з адным з членаў журы, вядомым беларускім спеваком Пятром Ялфімавым.

 Пётр з задавальненнем адказаў на пытанні і пра конкурс, і пра свой новы альбом, і пра… славутыя скураныя штаны.

”Яна яшчэ не пачала спяваць, а ты ўжо палюбіў яе”…

– Пётр, скончыўся конкурс, што вы цяпер адчуваеце?

– Як і заўсёды пасля такіх мерапрыемстваў… пустату.

– Вы неаднаразова выступалі і ў ролі канкурсанта, і ў ролі члена журы. Дзе вы сябе адчуваеце больш камфортна?

– Вядома, на сцэне. Вось “Маладзічок “ – конкурс дзіцячы. Першая ўзроставая група – дзеткі ад 6 гадоў. Выходзіць такая кнопачка маленькая на сцэну, яна яшчэ не пачала спяваць, а ты разумееш, што ўжо палюбіў яе. І як такое можна ацэньваць?

– І як жа?

– Зразумейце правільна, але мы па вялікім рахунку ацэньвалі працу педагогаў.

Калі дзіця выходзіць на сцэну і спявае, яно робіць так, як яго навучылі. Таму вельмі важна выбраць правільную песню. Праца над песняй – гэта вельмі цяжкая справа. І халтуры яна не даруе.

– На ваш погляд, з якімі песнямі нельга ўдзельнічаць у конкурсе?

– Бывае, чуеш сотні варыянтаў выканання песні, а знойдзецца нейкі штрышок – і ты лідар. Педагогам трэба памятаць, што на такіх конкурсах дзіця павінна выглядаць яскрава.

Так адбылося і з хлопцам – уладальнікам Гран-пры. Вадзім выбраў для выканання маю  песню – “Званы”. Я чуў яе тысячу разоў. Але Вадзім выканаў так, што ні ў мяне, ні ў іншых членаў журы не засталося сумневаў.

Маладзечна ведаю і люблю!

– Вы прыехалі ўчора. Што рабілі вечарам?

– Спаў. Я вельмі часта бываю ў вашым горадзе. Ведаю яго і люблю. Але пры маім рытме жыцця часам проста хочацца легчы і выспацца.

– На вашым сайце з’явілася інфармацыя, што хутка выходзіць новы альбом…

– Той альбом, пра які пісалася на сайце – “Кніга адкрыцця”, – ужо даўно выйшаў! Сайт вельмі даўно не абнаўляўся. Так што можна анансаваць ужо другі дыск.

Я рыхтую да выпуску акустычны альбом. Але проста не магу дазволіць сабе такой раскошы: засесці ў студыю і працаваць толькі над нечым адным.

– Калі ўводзіш на пошукавых сайтах хард-рок, многія сайты выдаюць там і ваша імя. Вы самі сябе адносіце да хард-року?

– Маё імя сярод хард-рокераў? Цудоўна. Так яно і ёсць. Так, я хард-рокер. Нават можна сказаць, і металіст. Я люблю цяжкую музыку.

– Вам цікавей іграць такую музыку, чым лірычную?

– У рэпертуары артыста павінны быць розныя кампазіцыі. Я з задавальненнем выконваю і лірыку. Запісаў акустычную версію сваёй песні “Я хачу”. Дык мой бацька цяпер арыгінальную версію і не ўспрымае. Слухае толькі лірычны варыянт. Таму і з’явілася ідэя акустычнага альбома. На жаль, не ўсім падабаюцца цяжкія рокерскія рэчы.

– Вы неяк у інтэрв’ю сказалі, што выраслі з “конкурсных штонікаў”. Пасля якога конкурсу прыйшло адчуванне таго, што ўсё, хопіць, што мог, тое зрабіў?

– Проста і ўзрост ужо не той. Мне 33 гады, а па ўмовах многіх конкурсаў узроставая мяжа выканаўцаў да 30 гадоў.

Пасля Сусветнага чэмпіянату выканаўчых відаў мастацтва ў Амерыцы, дзе я заваяваў пяць залатых медалёў у пяці намінацыях, я думаю, што з мяне хопіць ужо конкурсаў. Я ўжо сам да конкурсаў рыхтую дзяцей.

– А  за конкурсам “Еўрабачанне” сочыце?

– Роўна так, як звычайны глядач. Пачынаецца трансляцыя па тэлебачанні – уключаю, гляджу, выключаю.

– А пасля “Еўрабачання” не пашкадавалі, што так брыдка лаяліся?

– Кожны чалавек эмацыйны. Я не выключэнне. Але мяне яшчэ трэба пастарацца вывесці з сябе. Тады гэта некаторым ўдалося. Я і цяпер гатовы паўтарыць тыя ж словы. Але сам конкурс даў мне вельмі шмат. Так што я ні аб чым не шкадую!

– Пётр, сёння вы і спявак, і прадзюсар, і выкладчык. І, я ведаю, што з нядаўняга часу яшчэ і акцёр.

– Так, я зняўся ў кінастужцы “Скрасці Бельмандо” . Я здымаўся з такімі прафесіяналамі, як Аляксандр Панкратаў-Чорны, Сяргей Журавель, Анатоль Кот. І тут, на здымачнай пляцоўцы, у адрозненне ад сцэны, я адчуў, што мне ў акцёрскім плане трэба яшчэ расці і расці.

У ЗША мне прапанавалі кантракт мадэлі

– А вы маглі б адмовіцца ад музыкі на карысць кінематографа?

– Не, я лічу, што калі і будуць у мяне кінакантракты, то іх можна будзе сумяшчаць з музычнай кар’ерай.

Мне ў ЗША прапаноўвалі кантракт мадэлі. Я толькі ўявіў сабе, што прыйдзецца адмовіцца ад творчасці, каб проста дэфіляваць па подыуме, і адразу адмовіўся. І ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Я не гатовы да такіх ахвяр.

– Пётр, акрамя таго, што вас называюць “дыяментавы голас” Беларусі, вас іранічна называюць “скуранымі штанамі” беларускай эстрады. Не крыўдзіцеся?

– А што штаны? (Пётр пляскае сябе па каленях). Вось яны – скураныя штаны.

– А не цяжка ў такіх штанах працаваць? Не дыхае ж скура?

– Наадварот. Некалькі гадзін на сцэне – і 3-4 кілаграмаў як не было! Вельмі якасны сродак для пахудзення!

І потым… Павінны ж быць у кагосьці на беларускай эстрадзе хоць адны прыстойныя штаны!

Наталля ТУР.

Фота megamaniya.do.am.