Агонь уздоўж чыгуначных дарог увесну даўно стаў звыклай з’явай. Між іншым, за вясенняе выпальванне травы можна атрымаць штраф. У якіх выпадках паліць дазваляецца?

Сёлета шэраг экалагічных арганізацый разам з Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях ладзяць інфармацыйную кампанію супраць выпальвання  травы.

Акрамя грашовых стратаў, гэта нясе небяспеку для здароўя людзей. Разам з травой у агонь трапляе ўсё, што чалавек пакінуў на зямлі. Калі на падпаленай зямлі раней выкарыстоўвалі ўгнаенні, то іх рэшткі таксама пачнуць гарэць.

Ад гарэння смецця, асабліва пластыкавых бутэлек, утвараецца небяспечны дым. Хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у яго склад, паскараюць развіццё ракавых захворванняў.

Да таго ж агонь пры выпальванні травы пры неспрыяльным ветры можа лёгка перакінуцца на кусты, дрэвы і будынкі. Могуць загарэцца і падземныя тарфянікі.

У 2011 годзе па ўсёй краіне супрацоўнікі МНС выязджалі на лясныя і тарфяныя пажары 1214 разоў, на пажары, дзе гарэла смецце і бытавыя адходы, – 26 тысяч 223 разы.

Чаму эколагі выступаюць супраць вясновага выпальвання травы?

1)

У агні гінуць дробныя звяры (асабліва новароджаныя зайчаняты і вожыкі) і паўзуны, земнаводныя (змеі, жабы). Яны могуць не толькі згарэць, але і задыхнуцца ў густым дыме.

2) Агонь знішчае гнёзды і кладкі птушак (жаўрукоў, аўсянак, кнігавак).

3) З-за агню бяднее раслінны покрыў. Адмерлыя расліны ствараюць урадлівы слой гумусу, на якім кожны год пачынаюць расці новыя расліны. На выпаленых месцах будзе расці толькі пустазелле.

4) Агонь знішчае баговак, жужалак, дажджавых чарвякоў, тых насякомых, якія знішчаюць садовых шкоднікаў і ўдзельнічаюць у аднаўленні глебы.

5) З-за выпальвання ўзнікаюць лясныя пажары, якія могуць знішчыць некалькі гектараў лесу.

Ці могуць выпальванні быць карыснымі?

Эколагі вылучаюць два віды выпальванняў: раннія і познія. Раннія праходзяць у канцы сакавіка і пачатку красавіка. Пасля іх раслінная разнастайнасць мала змяняецца.

Познія, якія праходзяць у канцы красавіка і пачатку мая, моцна змяняюць раслінны свет тэрыторыі. Агонь знішчае расліны, якія ўжо пачалі расці.

Як паказваюць даследаванні эколагаў, пасля двухгадовых позніх выпальванняў колькасць відаў раслін паменшылася на 45%.

– Для звычайных жыхароў выпальванні трэба адназначна забараніць, – заўважае Леанід Чумакоў, супрацоўнік рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва. – Іх могуць праводзіць толькі спецыяльныя службы і па дакладна распрацаваным плане. Падпальваць траву трэба там, дзе гэта сапраўды неабходна. Напрыклад, ля чыгуначных дарог – правядзенне ранняга выпальвання здымае пажаранебяспечнасць гэтых  тэрыторый. Якраз такую сітуацыю можна назіраць уздоўж чыгункі Мінск-Маладзечна. Рацыянальныя выпальванні травы за некалькі гадоў садзейнічалі развіццю багатага расліннага свету. З’явіліся тыя расліны, які раней тут не назіраліся.

Калі ў вас ёсць пытанні па хімічнай бяспецы, звяртайцеся на “гарачую лінію” кампаніі супраць выпальвання:  

(8017) 237-40-70

МНС нагадвае!

Згодна з Правіламі пажарнай бяспекі, дапучкаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, у тым ліку для спальвання смецця і адходаў.

Але пляцоўкі павінны быць абнесеныя мінералізаванай паласой шырынёй не менш за чвэрць метра, пры слабым ветры да пяці м/с на адлегласці не менш за 15 метраў ад будынкаў, 25 метраў ад ляснога масіва, 30 метраў ад скірдаў сена і саломы.

У дварах дамоў можна гатаваць ежу ў спецыяльных прыстасаваннях з выкарыстаннем мангала ці барбекю, але пры слабым ветры. Мінімальная адлегласць ад краю гэтых прыстасаванняў да будынкаў павінна быць не менш за чатыры метры.

Пляцоўкі для прыгатавання ежы і спальвання смецця павінны выбірацца так, каб выключалася магчымасць узнікнення пажару. Побач павінны быць вогнетушыцель або ёмістасць з вадой, а таксама лапата.

Нельга пакідаць пляцоўку для спальвання смецця і прыгатавання ежы без нагляду.

Забараняецца выпальваць сухую расліннасць і ржышча.

Пасля прыгатавання ежы і спальвання смецця ўсё павінна быць патушана, нават каб і тлення не было.

За парушэнні вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Парушальнікі могуць заплаціць штраф ад мільёна да чатырох.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Марына ЕРМАКОВА, старшы інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага ГРАНС.

Фота i080.radikal.ru, evb-online.ru, evb-online.ru.