Падатковая інспекцыя аб’яўляе, што ад другога квартала праводзіцца акцыя “Калі працуеце рэпетытарам, то рабіце гэта легальна!”.
Падчас акцыі супрацоўнікі інспекцыі будуць выяўляць, колькі абітурыентаў карыстаецца паслугамі рэпетытараў. Гэту лічбу параўнаюць з колькасцю рэпетытараў, якія працуюць легальна.
У гэты час будуць звяртаць увагу органаў Міністэрства адукацыі на дзейнасць фізічных асоб і прадпрымальнікаў, якія аказваюць адукацыйныя паслугі. Інспектары будуць вызначаць, які прыбытак атрымліваюць рэпетытары. У выніку працы інспектары выявяць, над чым трэба працаваць, каб рэпетытары плацілі падаткі.
Паводле заканадаўства, рэпетытарства не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, калі чалавек займаецца ім самастойна і не прыцягвае да працы іншых людзей па дагаворах. У такім выпадку рэгістравацца ў якасці прадпрымальніка не трэба.
Для таго, каб пачаць працу рэпетытарам, трэба толькі паведаміць у мясцовы падатковы орган аб сваім намеры і заплаціць адзіны падатак. Выплачваць яго неабходна штомесяц і толькі за тыя месяцы, калі вы працуеце рэпетытарам. Пры гэтым весці ўлік прыбытку і падаваць справаздачы ў падатковы орган не трэба. Усё проста: за тыя месяцы, калі вы працуеце, вы плаціце падатак. Не працуеце – не плаціце.
Стаўка адзінага падатку на Маладзечаншчыне – 150 тысяч рублёў.
Пры гэтым для некаторых прадугледжаныя льготы. Зніжэнне адзінай стаўкі падатку на 20% прадугледжана для:
мужчын, якім споўнілася 60 год, і жанчын, якім споўнілася 55 год,
інвалідаў,
бацькоў (усынавіцеляў) у шматдзетных сем’ях з трыма і больш дзецьмі да 18 год.
Незаконнае рэпетытарства пагражае парушальніку папярэджаннем. Пры паўторным разе – штрафам.
Падатковы орган можа праінфармаваць наконт нелегальнага “бізнесмена” адміністрацыю навучальнай установы. Іх асабовыя дадзеныя могуць быць размешчаныя на афіцыйных сайтах Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства адукацыі.
Паклапаціцеся аб сваёй рэпутацыі. З-за нелегальнага рэпетытарства ваш аўтарытэт можа пахіснуцца. І ніякі прыбытак не дапаможа выправіць сітуацыю.
Як правільна выбраць рэпетытара
Кожны з бацькоў спадзяецца на дзейсную дапамогу прыватнага настаўніка і не паглыбляецца ў працэс навучання. Аднак трэба быць пільнымі: у сферы рэпетытарства шмат выпадковых людзей і нават шарлатанаў.
Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне выступае за прафесійны падыход да справы. Асноўныя крытэрыі якаснага рэпетытара: легальнасць, наяўнасць кваліфікацыі ў педагога, рабочы кабінет (пакой) з вучэбнымі дапаможнікамі і бібліятэкай, індывідуальныя заняткі (строга па адным).
Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ пажадана з 10-га класа. Аптымальна займацца па паўтары гадзіны двойчы на тыдзень. Калі такой магчымасці няма, то хаця б раз на тыдзень.
Першыя заняткі пробныя, праводзяцца для таго, каб вызначыць узровень ведаў вучня.
Потым складаецца індывідуальны план падрыхтоўкі і даецца прагноз па балах на ЦТ.
Рэгулярна праводзяцца пробныя тэставанні, задаюцца дамашнія заданні, за якія ставяць адзнакі. Бацькі павінны бачыць вынік заняткаў. Таму вядуць дзённік, як у школе.
Не рэкамендуецца планаваць два заняткі з рэпетытарамі па розных прадметах на адзін дзень.
Пасля 19 гадзін заняткі таксама не прызначаюць: у гэты час зніжаецца ўспрымальнасць вучня.
Калі бацькі вырашылі карыстацца паслугамі рэпетытара, то павінны кантраляваць іх працу. Выбіраючы настаўніка, варта ўлічваць досвед працы педагога і водгукі абітурыентаў мінулых гадоў.
Высокі працэнт паступлення ў ВНУ, вядома, найлепшая рэкамендацыя.
Сяргей КУКЕЛЬ, начальнік Упраўлення кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне.
Ад рэдакцыі:
“Мы адчуваем сваю няўпэўненасць”
Мы папрасілі ананімна пракаментаваць аднаго з рэпетытараў, чаму ён шмат гадоў займаўся рэпетытарствам без рэгістрацыі.
– На маю думку, нельга сказаць, што рэпетытары не рэгіструюцца з-за таго, што не хочуць плаціць падаткі. Насамрэч падатак не такі і высокі. Калі настаўнік не выкладае ў школе і ўвесь свой час можа прысвяціць рэпетытарству, то ён атрымае добры прыбытак і з вылікам падаткаў.
Я ведаю настаўнікаў, якія кінулі асноўную працу ў школе і зарэгістраваліся. Але не кожны згодны на гэта пайсці. Часцей людзі імкнуцца сумяшчаць дзве працы.
Ахвотных зарэгістравацца пужае і бюракратызм: трэба сабраць шмат дакументаў, каб атрымаць дазвол на індывідуальнае выкладанне.
Наша бяда яшчэ і ў тым, што мы не да канца ўяўляем сабе, як працуе рэгістрацыя.
Напрыклад, калі я давяла да ЦТ сваіх вучняў і вырашыла кінуць рэпетытарства, што я павінна рабіць? Як скасаваць рэгістрацыю? Ці магчыма гэта ўвогуле? Ці з мяне яшчэ некаторы час будуць здымаць падаткі? У многіх ёсць прабелы ў прававых ведах. Мы адчуваем сваю няўпэўненасць у гэтай сферы, таму часта вырашаем абысці ўсе “папяровыя” справы.
Сяргей КУКЕЛЬ, Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота velvet.by.