Творчасць Язэпа Драздовіча, па меркаванні старэйшага мастака Павілля Кастуся Харашэвіча, яскравы прыклад нацыянальнага рэалізму.
Такую думку ён выказаў на навукова-краязнаўчай канферэнцыі на мінулым тыдні.

Канферэнцыя “Шляхамі Язэпа Драздовіча”  адбылася ў сераду, 24 красавіка, ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Яна была прысвечаная таленавітаму мастаку, празаіку і паэту (1888 – 1954), лёс якога звязаны і з нашым рэгіёнам. Нейкі час Драздовіч працаваў у беларускай гімназіі ў Радашкавічах.

Сярод выступоўцаў былі прафесар-філолаг Вячаслаў Рагойша, архівіст Ганна Запартыка, даследчык беларускай культуры Яўген Лецка, бібліяфіл і ініцыятар мерапрыемства Міхась Казлоўскі, пісьменніцы Людміла Рублеўская і Лідзія Гардынец, краязнаўца Валеры Бурэнь.

Тэмамі дакладаў на канферэнцыі былі “Краязнаўчыя нататкі” (Валеры Бурэнь), “Любоў і вера мастака” (Лідзія Гардынец), “Кніжная графіка Драздовіча” (Міхась Казлоўскі), “Мястэчка як крыніца мастацкага натхнення” (Яўген Лецка), “Асоба і творчасць Драздовіча ва ўспрыманні Максіма Танка” (Вячаслаў Рагойша), “Канфлікт рамантычнага архетыпу і “тутэйшасць” мастака” (Людміла Рублеўская).

Грунтоўнае даследаванне ліставання Язэпа Драздовіча і вядомага дзеяча беларускага адраджэння, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўца, літаратуразнаўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы (1859-1934) правяла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. Гэта эпісталярная спадчына і стала тэмай яе даклада на канферэнцыі.

Грунтуючыся на перапісцы патрыярха беларускага адраджэння прафесара Эпімаха-Шыпілы і  напачатку яе яшчэ маладога Язэпа Драздовіча, Ганна Запартыка фактычна абвяргае сцвярджэнне Паўліны Мядзёлкі пра тое, што Язэп Драздовіч у 1912-1913 гадах бываў на кватэры прафесара ў Пецярбургу.

Паўліна Мядзёлка ў неапублікаваным фрагменце яе ўспамінаў запісала: “1912-1913 гады…

Кожную суботу збіралася беларуская моладзь на кватэры прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы на 4-й лініі Васільеўскага вострава… Апрача студэнцкай моладзі тут спаткаеш і іншых дзеячаў беларускай культуры: рухавага, са светлай бародкай жывапісца Драздовіча…”

Ганна Запартыка не знайшла пацвярджэнняў прысутнасці Драздовіча ў Пецярбургу ў згаданы час. Між тым, сяброўства Драздовіча і Эпімаха-Шыпілы працягвалася доўгі час нават праз межы перадваеннай Польшчы і Савецкага Саюза да трагічнай смерці састарэлага заслужанага прафесара ў Ленінградзе ў 1934 годзе пасля рэпрэсій і забароны жыць на радзіме.

У біяграфіі Язэпа Драздовіча яшчэ застаюцца белыя плямы. Тым не менш, цікавасць да яго творчасці дазваляе з кожным годам пакідаць іх усё менш. А ацэнка ўкладу таленавітага мастака і пісьменніка ў нашу культуру становіцца ўсё больш дакладнай і акрэсленай. Дык кім быў Драздовіч – рамантыкам, рэалістам?

Пасля канферэнцыі мы папрасілі Міхася Казлоўскага пракаментаваць тэзіс, выказаны Кастусём Харашэвічам. Краязнаўца і даследчык творчасці Драздовіча не пагадзіўся, што плён мастака можна аднесці да рэалізму хаця б з-за багатай алегарычнасці яго прац:
– Не могуць, канешне, быць рэалістычнымі фантастычныя карціны мастака, – удакладніў Міхась Казлоўскі.

Але ён адназначна пагадзіўся ў ацэнцы творчасці Драздовіча як глыбока нацыянальнай.

Даведка “РГ”. Язэп Нарцызавіч Драздовіч. Мастак, пісьменнік, этнограф, скульптар, астраном-аматар. Нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года на хутары Пунькі  (цяпер Глыбоцкі раён). Вучыўся ў Віленскай малявальнай школе акадэміка Трутнева.

Аздабляў першыя беларускія кнігі, календары. Ім была аформленая кніга аўтара славутага верша “Люблю наш край – старонку гэту…” Канстанцыі Буйло “Курганная кветка”. Ад 1919 года  – мастак-дэкаратар беларускага літаратурна-выдавецкага аддзела пры Народным камісарыяце асветы ў Мінску. Ад 1921 года жыве на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Супрацоўнічае з беларускімі культурнымі арганізацыямі ў Вільні і Мінску. Ад 1927 года працаваў настаўнікам малявання ў Радашкавіцкай, Віленскай і Наваградскай гімназіях.  Пасля 1930 года асвойвае “касмічную” тэму. Перабіваўся часовымі працамі.

У час вайны напісаў серыю гістарычных карцін. Памёр у 1954 годзе ў беднасці. Імя Язэпа Драздовіча  стала вяртацца ў культурны абарот з канца 1970-х гадоў. Імя яго носіць вуліца ў Маладзечне. У 1993 годзе ў Мінску адкрыты помнік Івана Голубева “Вечны вандроўнік” у Траецкім прадмесці.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Чытайце яшчэ на гэту тэму: Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне.