– Дзяцей запужваюць…

– Даступнае харчаванне…

– Мала класікі…

Максім Халязнікаў, электрык:

– На чацвёрку па пяцібальнай шкале. Дзяцей запужваюць: настаўнікі крычаць на іх, пагражаюць адзнакамі. І дзеці больш зазубрываюць, а не запамінаюць.

Сяргей Голубеў, ахоўнік:

– Нармальная адукацыя. Думаю, што яна стала лепшай. З’явілася шмат новых прафесій. А ўвогуле ўсё залежыць ад чалавека і яго жадання вучыцца.

Міхаіл Бальшакоў, дырэктар будаўнічай фірмы:

– Добра ацэньваю. Вельмі даступнае харчаванне для дзяцей. Комплексны абед – каля 10 тысяч рублёў. Можна паесці. Дзеці вясёлыя, завадныя, няма цьмяных паніклых твараў. Калі ўзяць маладых спецыялістаў, то новыя кадры патрэбныя. Чым іх больш, тым лепш.

Вячаслаў Фёдараў, тэхнік-электрык:

– Узровень у некаторых навучальных установах падняўся ў параўнанні з мінулымі гадамі. Палепшыліся і ўмовы навучання. А студэнты ёсць розныя. Некаторыя хочуць вучыцца, а некаторыя ставяцца так: “абы скончыць”.

Яўген Гадлеўскі, часова беспрацоўны:

– На нармальным узроўні. Дзецям даюць патрэбную адукацыю. Ды і камп’ютарызацыя добра ўплывае. Хаця ёсць тут і адмоўнае, калі, напрыклад, дзеці сцягваюць у інтэрнэце даклады, а не пішуць іх самі. Лепш бы сядзелі ў бібліятэцы ды чыталі.

Ніна Паўлава, пенсіянерка:

– У параўнанні з тым, што было ў мой час, то, канешне, нізка. Мала класікі. Мала вучаць на памяць, што вельмі яе развівае. Калі я памятаю Яўгена Анегіна і пачатак ліста Таццяны, то нашы дзеці ўжо не памятаюць. Але добра, што ў школах размежавалі гуманітарыяў і фізікаў-матэматыкаў.

Наталля Жыжэмская, памочніца выхавальніцы:

– Нармальна. Адукацыю даюць добрую. У школах усё створанае для таго, каб моладзь магла атрымаць веды. Для мяне ў гэтай сферы ўсяго хапае.

Апытанне падрыхтавала Настасся РОЎДА.