У Нарачанскім краі, ля возера Свір, прытулілася вёсачка Засвір. Турыстам яна найперш вядомая храмам і маляўнічымі рэшткамі кляштара.
Ці знойдзеш лепшага гіда па Засвіры, чым старэйшына вёскі Тадэвуш Худы? Ён жа нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў тут, як кажа, “нікуды, ні на якія вярбоўкі не з’язджаў”.

Расказвае, што сучасная Засвір утварылася ў выніку аб’яднання вёсак Засвір, Унукі і хутароў Сабінова і Алешкі. Злучылі іх у 1966 годзе. А ў памяць пра Унукі засталася назва адной з вуліц – Унукаўская.

– Якія прозвішчы для вёскі характэрныя?

– Пераважна Кісялі і Худыя. Адкуль Худыя браліся, я пытаўся ў старажыла. Неяк пайшлі людзі рабіць да пана ў Алешкі. А раней пан што хочаш мог зрабіць, нават прозвішча памяняць. А Ганціеўскі дрэнна рабіў. То пан паглядзеў, што худая работа яго, і сказаў, што і прозвішча такое будзеш мець. Вось так  і з’явіліся Худыя.

– Чым раней вёска славілася?

– Былі і рамеснікі, і вышывальшчыцы, і на кроснах ткалі, шмат лёну сеялі. Усё рабілі самі. Помню, пасля вайны хлеб пяклі, такія печы вялікія паробленыя былі. Як ідзеш праз вёску – чуеш пах свежага хлеба.

І рыбакоў у нас было. У возеры рыбы ўсялякай хапала. Тата заўсёды пытаўся: “Якой сёння прынесці?”. І можна было заказаць: хочаш плоткі, а хочаш акуня… Сетачку паставіць (ведаў, у якім месцы), і такой па заказу прынясе. Раней у нас два гурты былі па пяцьдзесят кароў. А цяпер на ўсю вёску дзве каровы засталіся. У школу, як я вучыўся, 120 вучняў хадзілі, а цяпер і школы той няма.

Архітэктар касцёла загінуў, зваліўшыся з яго

– Цяпер адзін касцёл Засвір трымае, – запэўнівае Тадэвуш Худы. – Разам з суседнімі вёскамі то чалавек трыццаць ходзяць у храм. І ў асноўным такіх вось старыкоў. Са Свіры святар прыязджае штонядзелі і па вялікіх святах. У нас два фэсты: на Тройцу вясной позна, як усеюцца ўсе, і на Юзафата, як убяром з поля.

Памятаю з маленства, на фэст з усёй акругі збіраліся людзі, прыязджалі на конях. У кожнага ў вёсцы былі госці. Ішоў і гандаль: прывозілі пернікі, абаранкі, сухарыкі розныя. А дзецям малым так хочацца купіць! Дык яек сабраў, прадаў – і ўжо з цукеркамі.

Засвірскі касцёл і муры кляштара.

Гісторыя храма паходзіць да 1713-1714 гадоў, калі на грошы ўладальнікаў Зяновічаў быў пабудаваны мураваны кармеліцкі касцёл і кляштар. У 60-х гадах 19 стагоддзя касцёл перарабілі ў царкву. У 1919 годзе яго вярнулі каталікам.  

Ёсць сумнае паданне, звязанае з трагічнай гібеллю архітэктара (або фундатара) касцёла. Краязнаўца з Мядзельшчыны Іван Драўніцкі запісаў дзве яго версіі. Па адной – фундатар не ўтрымаўся на лесвіцы, калі разам з архітэктарам палез здымаць драўляны вянок, што павесілі над крыжам над галоўным франтонам у знак заканчэння работ. Па другой, больш рамантычнай версіі, архітэктар Адам палез на вышыню толькі што пабудаванага касцёла папраўляць плакат з надпісам “Гэты касцёл пабудаваны ў гонар жонкі Яніны”.

Так яно было ці не, цяпер не скажаш. Але памяць пра тыя падзеі засталася не толькі на ўзроўні паданняў. Яшчэ колькі дзясяткаў год таму тут захоўвалася і мумія – забальзаміраваныя астанкі чалавека.

– Расказвалі, што ляжала мумія ў шкляной труне, але ў вайну немцы забралі труну для нейкага забітага афіцэра, пераклалі мумію ў драўляную, – дадае Тадэвуш Худы.

У савецкі час даведаліся пра мумію турысты, сталі выносіць яе на вуліцу, фатаграфавацца з ёй. Таму ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя жыхары вёскі вырашылі пахаваць астанкі на мясцовым могільніку, паставілі крыж.

Наогул, з Засвірскім касцёлам, як і з іншым цікавымі гістарычнымі месцамі, звязана нямала паданняў. Так што, могуць вам у вёсцы расказаць і пра магчымыя хады пад храмам, і нават пра скарбы, закапаныя пад магутнымі, трохсотгадовымі дубамі.

Адразу за касцёлам можна пабачыць нямецкае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны.

– Немцы як занялі вёску, з кляштара ўсіх выселілі, зрабілі лазарэт. Сюды хворых з фронту прывозілі, як паміралі, то тут іх хавалі, – расказвае Тадэвуш Худы.

Ксёндз і паэт

З Засвірам звязанае імя паэта, каталіцкага святара Канстанціна Стаповіча (літаратурны псеўданім – Казімір Сваяк). Атрымаў ён прызначэнне ў мясцовы храм у 1920 годзе, стаў першым пробашчам пасля аднаўлення касцёла. Тут практычна і правёў астатнія гады жыцця, якое абарвалася ў самым росквіце з-за хваробы (памёр ён у 1926 годзе).

Казімір Сваяк вядомы сваёй нацыянальна-адраджэнскай дзейнасцю. Вось і ў Засвіры стараўся ўздымаць статус роднай мовы, выкарыстоўваў яе ў святарскай дзейнасці. Пісаў: “Людцы прывыклі клясці толькі долю сваю і грашыць па-беларуску, вось дзіўным здалося, што можна і хваліць Бога гэтай мовай…”.

– Казімір Сваяк арганізаваў у касцёле аркестр, – расказвае Тадэвуш Худы. – Сваіх людзей, засвірскіх, узяў, трубы пакупляў кожнаму. Гэта мала ў якім касцёле аркестр быў.

Не дзіва, што вакол ксяндза гуртавалася мясцовая моладзь, інтэлігенцыя.

“Кастусь наогул быў вельмі таварыскім чалавекам. Любіў, калі да яго часта прыходзілі ўсякія госці з рознымі справамі. На плябаніі амаль штодня можна было спаткаць не толькі людзей з мясцовай, але нават з суседніх парафій, з Шэметава і са Свіра. А з другога боку, ён сам часта адведваў сялян. Любіў зайсці да вядомага яму гаспадара, каб проста пагутарыць пра бягучыя справы, пра тое, што дзеецца на свеце, выслухаць уважна людскія турботы і даць патрэбную раду”, – пісаў ва ўспамінах брат святара – Бярнард Стаповіч.

З паэтам сябраваў, прыязджаў у госці вядомы мастак Язэп Драздовіч. Як  памяць пра гэта, засталіся некалькі малюнкаў, сярод іх і “Сваякоў ганак”. На ім – выява ганку, на прыступках якога любіў сядзець святар.

Засвірскі перыяд стаў адметным у творчай біяграфіі паэта. Якраз у гэты час была выдадзеная ў Вільні адзіная прыжыццёвая кніга Казіміра Сваяка “Мая ліра”.

У Засвіры памятаюць пра свайго святара – у касцёле некалькі год таму з’явілася памятная шыльда ў яго гонар.

Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.